30 базавых за асвятленне мірнага маршу. Суддзя Таццяна Касцюк пакарала журналіста за яго працу


Алесь Сабалеўскі ў судзе.
Фота: belsat.eu

Фрылансера Алеся Сабалеўскага абвінавацілі ў актыўным удзеле ў мірным маршы 13 верасня, на якім ён працаваў, як журналіст. 14 лістапада сканчаўся тэрмін прыцягнення да адказнасці, а 12 лістапада Таццяна Касцюк вынесла абвінаваўчы вырак: аштрафаваць Сабалеўскага на 30 б.в.

Алесь Сабалеўскі – журналіст-фрылансер, які супрацоўнічае з парталам «Магілёўскі рэгіён». 13 верасня сілавікі затрымалі яго падчас мірнага маршу пратэсту і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на 3 содняў да суду. 16 верасня суддзя Таццяна Касцюк накіравала адміністрацыйную справу Сабалеўскага назад у Кастрычніцкі РАУС на дапрацоўку.

Позву на новы разгляд справы Сабалеўскі атрымаў праз смс-паведамленне напярэдадні суду. На паседжанні 10 лістапада пры азнаямленні з матэрыяламі справы Сабалеўскі даведаўся, што справа ўжо накіроўвалася ў суд і суддзя другі раз вяртала яе на дапрацоўку ў РАУС. Пры гэтым, па словах Сабалеўскага, хібы ў справе так і не былі выпраўленыя.

У адміністрацыйным пратаколе сказана, што 13 верасня Алесь Сабалеўскі браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу: хлопаў у далоні, паказваў знак салідарнасці, меў пры сабе бел-чырвона-белы сцяг. У пратаколе адсутнічае подпіс Сабалеўскага і пазначана, што ён ад подпісу адмовіўся. Сабалеўскі сцвярджае, што гэты пратакол ён у вочы не бачыў і, адпаведна, не мог яго падпісаць або адмовіцца ад подпісу. На думку журналіста, гэта сведчыць пра тое, што пратакол складаўся без яго і ніхто нават не збіраўся яго з ім азнаёміць.

Сабалеўскі пагадзіўся з тым, што быў на мірным маршы 13 верасня, але не браў у ім удзел, а толькі здымаў яго, прычым на адлегласці. Словы журналіста-фрылансера пацвярджае і аператыўнае відэа: на ім Сабалеўскі не мае пра сабе ніякага сцягу, не паказвае знакаў і не хлопае ў далоні – ён проста стаіць на адлегласці ад пратэстоўцаў.

Алесь Сабалеўскі каля суду.
Фота: belsat.eu

Усё абвінавачванне будуецца на тлумачэннях толькі аднаго сведкі – участковага з Кастрычніцкага РАУС Фёдара Гарэлікава. На паседжанні 10 лістапада ўчастковы пацвердзіў свае ранейшыя словы, быццам бы Сабалеўскі быў актыўным удзельнікам маршу.

«Я асвятляю самыя розныя падзеі ў Магілёве, у тым ліку мірныя маршы. Да 13 верасня мяне ўжо прыцягвалі да адказнасці нібыта за ўдзел у акцыі пратэсту, таму ў гэты раз я трымаўся на адлегласці ад натоўпу, каб мяне не палічылі за актыўнага ўдзельніка. Я проста назіраў і здымаў падзеі на відэа. Я лічу, што ўчастковы Гарэлікаў агаварыў мяне» – заявіў Сабалеўскі.

У разглядзе справы быў аб’яўлены перапынак да 12 лістапада. На сённяшнім паседжанні Сабалеўскі папрасіў суд спыніць адміністрацыйную справу супраць яго праз адсутнасць падзеі правапарушэння, а ўчастковага Гарэлікава прыцягнуць да адказнасці за дачу непраўдзівых тлумачэнняў. Суддзя Таццяна Касцюк пастанавіла аштрафаваць Сабалеўскага на 30 б.в. Абвінаваўчы вырак не здзівіў журналіста, маўляў, чаго яшчэ чакаць у судзе, калі законы не працуюць.

Вольга Васільева, Белсат

Стужка навінаў