Палітвязню Паўлу Севярынцу спаўняецца 45 гадоў. Распавядаем пра шэсць кнігаў, якія ён напісаў


Вядомы апазіцыйны палітык і пісьменнік Павел Севярынец трэці год запар сустракае дзень народзінаў за кратамі. Яму сёння спаўняецца 45 гадоў.

30 снежня 2019 года Севярынец сустрэў у ізалятары на Акрэсціна, дзе адбываў адміністратыўны арышт за арганізацыю пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй. 7 чэрвеня 2020-га пасля дазволенага выбарчага пікету ля Камароўскага рынку ў Менску Севярынца затрымалі сілавікі, праз 75 содняў адміністратыўнага арышту Паўла Севярынца перавялі ў СІЗА № 1 у якасці фігуранта крымінальнай справы паводле арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў»). Сёлета Магілёўскі абласны суд пакараў палітвязня сямю гадамі пазбаўлення волі. Цяпер ён у папраўчай калоніі № 17 у Шклове.

Павел Севярынец на акцыі пратэсту ў Менску. 21 снежня 2019 года.
Фота: Ірына Арахоўская/belsat.eu

Родныя Паўла Севярынца кажуць, што для яго найлепшы падарунак – каб ягоныя кнігі чыталі. Belsat.eu распавядае пра шэсць кнігаў, якія напісаў палітычны вязень.

1. «Беларусалім. Золак» (2017)

Раман-прадбачанне пра тое, што тоіць у сабе Беларусь, які аўтар пісаў 12 гадоў. Раман пісаўся ў Амерыканцы, на соднях Акрэсціна, у ссылках у Малым Сітне ды Купліне, у СІЗА на Валадарцы. У 2010 годзе рукапіс раману выкрадаў КДБ.

У ціхай і забытай Беларусі засноўваецца штаб-кватэра карпарацыі «Непагасны свет», якая выбірае эмблемаю чорны квадрат і мае на мэце ні больш ні менш – даць усяму чалавецтву шчасце: кожнаму – пульт ад самога сябе, сваіх пачуццяў, настрояў і болю. Зорка «Непагаснага» Андрэй Белазор, ягоная каханая Вольга Васілеўская і таямнічы геній Чорнага квадрату Цімур у навагоднюю ноч трапляюць у галавакружны вір падзеяў з удзелам найвышэйшых службовых асобаў Беларусі, міжнароднага капіталу ды вернікаў-хрысціянаў. Паступова робіцца зразумела, што і ў Бога, і ў д’ябла – грандыёзныя планы на Беларусь. Краіна ператвараецца ў поле эпічнай бітвы з відам на Апакаліпсіс.

2. «Лісты з лесу» (2007)

Кніга, якую Павел Севярынец напісаў падчас сваёй першай «хіміі» ў вёсцы Малое Сітна на Полаччыне як спробу знайсці беларуса ў гушчары ягонай душы. Вось як кажа пра кнігу аўтар:

«Калі Андрэй Дынько прапанаваў мне штотыдня пісаць у «Нашу ніву» нататкі з «хіміі», спярша здалося: два гады? Кожны тыдзень? Немагчыма. Занядбаная вёсачка на мяжы з Расеяй, сярод лесу: пра што?.. Праз два гады сведчу: кожная беларуская вёска (ужо не кажучы пра мястэчка ці горад) вартая шматтомніку. Уся глыбокая Беларусь дагэтуль застаецца вялікай таямніцай. Ведаю: і тое, што Сітна згадваецца ў Бібліі, і тое, што найважнейшыя падзеі беларускай гісторыі нейкім дзівосным чынам праходзілі праз гэты лясны куток, і тое, што цяпер у ім, як у кроплі, адлюстраваліся боль і надзеі ўсяе краіны, не выпадкова».

3. «Беларуская глыбіня» (2014)

Кнігу склалі эсэ, напісаныя падчас апошняга зняволення аўтара. Тэксты пісаліся цягам трох гадоў і друкаваліся ў парадку стварэння ў прэсе. Сёння эсэ пра лёс Беларусі і яе народу – усе разам пад адною вокладкай. Кніга стала лаўрэатам Прэміі імя Францішка Аляхновіча.

4. «Беларусалім. Сэрца святла» (2020)

Працяг раману Паўла Севярынца «Беларусалім. Золак». Вострасюжэтны раман пра канец свету, які пачынаецца ў Беларусі. Каханне, змаганне, нянавісць і вера па-беларуску – у цэнтры ўсеагульнай увагі ў апошнія гадзіны чалавецтва. Тэкст напоўнены біблійнымі алегорыямі, схаванымі кўэстамі і асацыяцыямі з гісторыі Беларусі.

5. «Каменнае сэрца» (2018)

Зборнік эсэ, напісаных Паўлам Севярынцам за апошнія 20 гадоў. Кароткія гісторыі з беларускай няволі – содняў, «хіміі», турмаў – паказваюць сённяшнюю Беларусь ссярэдзіны. Жыццё ва ўмовах рэжыму як ёсць.

«Каменнае сэрца» – гэта найперш кніга не пра тое, што адбываецца за кратамі, а пра тое, як ты адчуваеш сябе там. Яна не пра вонкавае, а пра сярэдзіннае. Пра тое, што мы знаходзім у сабе, апынуўшыся за кратамі.

Чаму такая назва? Па-першае, гэта пра Амерыканку – турму за каменнымі сценамі фактычна ў цэнтры сталіцы. Па-другое, гэта пра сэрцы людзей, якія «запакоўваюць» беларусаў у турмы: пра следчых, пракурораў, суддзяў, канваіраў. Яны ж таксама беларусы, але нешта адрознівае іх ад нас з вамі. Ну і ў выніку гэта і ўласнае сэрца, якое можа стацца «каменным» за кратамі», – казаў пра кнігу аўтар.

6. «Люблю Беларусь. 200 феноменаў нацыянальнай ідэі» (2009)

Гэта энцыклапедыя 200 самых вядомых і важных з’яваў беларускай ідэі, ад «Песняроў» да цярплівасці. Беларуская зямля, гісторыя, гаспадарка, культура, спорт, асобы і духоўнасць – з топ-100 найлепшых спартоўцаў ды спісам 18 нобэлеўскіх лаўрэатаў родам з Беларусі.

Вось што кажа пра кнігу аўтар:

«Гэта трэба адчуць. Чым больш я ўслухоўваюся ў тры меладычныя склады імя, чым даўжэй любуюся гэтым хвалюючым, белым-белым з гарачай чырванню сцягам, тым больш веру. У мяне пачынае часцей біцца сэрца і кружыцца галава. Хочацца ціха заплюшчыць вочы і малітоўна, урачыста шаптаць пра сябе: Магутны Божа! ДЗЯКУЮ Табе за тое, што я нарадзіўся менавіта ў ГЭТАЙ КРАІНЕ!.. У краіне ахвяраў, войнаў і катастрофаў, сярод народу геніяў і святых. Сярод найвялікшых могільнікаў чалавечай гісторыі. У Сэрцы Еўропы, найважнейшым духовым цэнтры між Захадам і Усходам. Бо я веру, што Беларусь – гэта нешта намнога больш значнае, чым прынята думаць. І я ўвесь час паўтараю сам сабе: Беларусь, у якой мы маем гонар жыць, чакае вялікая будучыня».

Артыкулы
Павел Севярынец працуе ў турме над трыма новымі кнігамі
2021.11.14 13:20

belsat.eu

Стужка навінаў