Палітолаг пра сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна: Маўклівая падтрымка праекту канстытуцыйнай рэформы


Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч падзяліўся з «Белсатам» сваім бачаннем сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Эксперт сцвярджае, што галоўная мэта спаткання была не ў атрыманні грошай ад Расеі, а ў зацвярджэнні праекту канстытуцыйнай рэформы, анансаванага на гэтым тыдні. Паводле палітолага, Лукашэнка сваёй мэты дасягнуў.

Журналіст і палітолаг Валеры Карбалевіч.
Фота: liberalclubbelarus / Facebook

«Рэч у тым, што ідэя канстытуцыйнай рэформы з самога пачатку задумвалася з падачы Масквы як элемент транзіту ўлады ў Беларусі. Але праз год пасля леташніх падзеяў сэнс канстытуцыйнай рэформы памяняўся. Цяпер Лукашэнка аніякага транзіту ўлады не плануе, ён хоча застацца. І яму была патрэбная ў гэтым падтрымка Пуціна, ягоная згода ці хаця б адсутнасць супраціву, бо праводзіць рэферэндум насуперак Маскве не вельмі камфортна для Лукашэнкі. І я думаю, што менавіта гэтае пытанне было галоўным. Мяркую, ён атрымаў станоўчы адказ ад Пуціна».

Змена пазіцыі Пуціна адносна Лукашэнкі, на думку палітолага, звязаная найперш з канфліктам Расеі і Захаду, у якім Маскве трэба саюзнік:

«Пуціну патрэбны Лукашэнка ў ягоным канфлікце з Захадам. Лукашэнка выступае ў ролі адзінага саюзніка і чалавека, які можа троліць Захад, які можа правакаваць Захад. Міграцыйны крызіс, заявы пра магчымае размяшчэнне ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі. То бок Лукашэнка можа казаць такія рэчы, якія не наважваецца казаць Пуцін. Таму цяпер Лукашэнка Пуціну патрэбны. Пуцін не будзе настойваць на тым, каб Лукашэнка сышоў».

Hавiны
Перамовы Пуціна з Лукашэнкам завяршыліся. Пра што дамовіліся?
2021.12.29 18:54

Пацверджанне сваёй думкі пра ролю Лукашэнкі ў канфлікце Расеі з Захадам палітолаг бачыць у абвешчаных на сустрэчы супольных вайсковых вучэннях на тэрыторыі Беларусі:

«Я думаю, тут сувязь не з рэферэндумам, а з абвастрэннем адносінаў паміж Расеяй і Захадам. Мы цяпер назіраем ультыматумы паміж бакамі, і як элемент гэтай эскалацыі канфлікту з Захадам будуць гэтыя беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні на тэрыторыі нашай краіны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mikhail Klimentyev / TASS / Forum

Што ж да пытання атрымання грошай ад Расеі, то, на думку Валера Карбалевіча, яно па-ранейшаму адкрытае, і Беларусь яшчэ можа нешта атрымаць:

«Грошы – гэта заўсёды важная тэма, і пры любых сустрэчах гэтае пытанне абмяркоўваецца. Думаю, абмяркоўвалася і цяпер. Трэба пачакаць, бо не факт, што Лукашэнка не атрымаў грошай: тут жа перамовы вядуць паміж урадамі. Тое, што не было пра гэта афіцыйна аб’яўлена, яшчэ не значыць, што Беларусь нічога не атрымае. Нешта, я думаю, атрымае: не тыя 3,5 мільярда долараў, як просіць Беларусь, магчыма, трохі менш. Трэба пачакаць».

Падводзячы вынікі, палітолаг Валер Карбалевіч выказаў думку, што сустрэча была станоўчая для Лукашэнкі, бо ён дасягнуў сваёй асноўнай мэты:

«Заўсёды запыт большы, і Лукашэнка не ўсё атрымлівае, што хоча, гэта відавочна, але вынік перамоваў, я думаю, станоўчы. Сам факт таго, што бакі нарэшце сустрэліся, хаця там увосень было відавочнае напружанне, станоўчы. Бакі сустрэліся пасля таго, як быў надрукаваны праект зменаў Канстытуцыі. І ў любым выпадку, нягледзячы на тое, што там казаў Пуцін, публічна гэта выглядае як маўклівая падтрымка праекту канстытуцыйнай рэформы, які прапанаваў Лукашэнка. Я думаю, што для Лукашэнкі гэта станоўчы вынік».

ВК, belsat.eu

 

Стужка навінаў