«Не найлепшы час». Алігарх Зайцаў прызнаў затрыманне з выплатаю заробкаў у ФК «Рух»


Уладальнік берасцейскага футбольнага клубу «Рух» Аляксандр Зайцаў прызнаў, што праз складаную фінансавую сітуацыю футбалістам затрымлівалі і затрымліваюць заробкі.

Раней увосень выданне Football.by паведамляла, што заробкаў футбалістам не плацілі тры месяцы.

«Так, у нас былі затрымкі, і цяпер ёсць, – заявіў Зайцаў у інтэрв’ю Football.by, – Мы стараемся ўсё паціху выплочваць. Ясна, гульцы жадаюць, каб з імі разлічваліся ў рэжыме швейцарскага гадзінніка: цюцелька ў цюцельку. У гэтым плане я сваю задачу выконваю са спазненнем».

Але бізнесовец паабяцаў, што ўсе свае грошы атрымаюць.

«Проста трэба разумець, што футбол у нашых умовах сам на сябе грошай не зарабляе. І, адпаведна, дабрабыт таго ці іншага клубу – вытворныя ад фінансавага дабрабыту або ягонага ўладальніка, або спонсараў. А тут не найлепшы час на рынку. Таму даводзіцца нешта прыдумляць, часам нешта экстраардынарнае, каб бюджэт, якога не стае, размеркаваць сярод усіх калектываў, і гаворка не толькі пра футбол», – адзначыў Зайцаў.

Hавiны
У лідараў беларускага футболу – праблемы з грашыма, яшчэ год таму так не было
2021.12.11 17:06

Асноўныя актывы Аляксандра Зайцава – зарэгістраваная ў ААЭ кампанія «Sohra Overseas» і «Брэміна Груп», што развівае прамыслова-лагістычны комплекс «Брэміна-Ворша». Сам бізнесовец і абедзве гэтыя кампаніі трапілі ў санкцыйны спіс ЕЗ у чэрвені. У жніўні абмежаванні супраць «Брэміна Груп» былі ўведзеныя Злучанымі Штатамі Амерыкі. У снежні пад амерыканскія санкцыі таксама трапіла звязаная з Зайцавым кампанія «Кідма тэк».

РР belsat.eu

 

Стужка навінаў