«Гарошак з кількай». Экс-палітвязень Дзмітрый Фурманаў расказаў, з чаго ў турме гатавалі навагодні салат


Былы палітвязень Дзмітрый Фурманаў расказаў у праграме «Студыя «Белсат», як сустракаў мінулы Новы год у камеры Гарадзенскай турмы – як зрабіў святочную гірлянду і з чаго згатаваў навагодні салат.

«Мяне змясцілі ў камеру, дзе ўжо знаходзіліся два іншыя арыштанты. Я ўсцешыўся, бо гэта лепш, чым сустракаць на самоце. У мяне былі ўжо падрыхтаваныя нейкія прыпасы на навагодні стол, на вячэру.

Мы хутка прыгатавалі нейкія салаты. Самы просты быў з гарошаку, кукурузы ды кількі – з таго, што купіў у атаварцы ў гарадзенскай турме. Мы гэта ўсё проста перамяшалі, каб хутчэй было, бо Новы год быў ужо на носе», – расказаў Дзмітрый Фурманаў.

Па ягоных словах, пад Новы год адміністрацыя турмы зрабіла для зняволеных рэжымныя палёгкі. Пасля адбою 31 снежня ніхто не рабіў заўваг, калі зняволеныя не клаліся спаць. А 1 студзеня ніхто асабліва не настойваў, каб вязні адразу прачыналіся па камандзе «Пад’ём!».

«Усё было, у прынцыпе, культурна ў гэтым плане і па-людску», – кажа былы палітвязень.

Ён расказвае, што каб стварыць у камеры святочную атмасферу, развесіў па ёй гірлянды, якія зрабіў з паштовак, што дасылалі яму людзі.

«Ну і запарылі моцны чай – чыфір, таму што трэба ж было павіншаваць адзін аднога. А бліжэй да поўначы па ўсёй турме панесліся прастукванні па сценах кулакамі – стандартная мелодыя «Дынама». І такім чынам усе мы віншавалі з Новым годам адзін аднога», – расказаў Дзмітрый Фурманаў.

Артыкулы
Два СІЗА, дзве турмы, калонія. Гісторыя Змітра Фурманава, які збіраў подпісы за Ціханоўскую
2021.10.28 12:46

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў