Бела-чырвоны стол: рэцэпты для аматараў кухонных выклікаў


Калі ў вас бракуе святочнага настрою на святы, то гатаванне можа някепска адцягнуць увагу ад складанасцяў. Мы прыдумалі для вас тэматычныя стравы і сабралі ідэі для ўпрыгожвання, каб у вашай хаце было вольна і смачна.

Рэцэпты пазначаныя зорачкамі, ад адной да трох, каб можна было абраць стравы згодна са сваім узроўнем кухарскага майстэрства.

Бутэрброды «Не чапай, гэта на Новы год»

Гэта, напэўна, будзе самая дарагая страва, але і самая лёгкая. Будзем частаваць воднага тыгра чырвонаю рыбкай, а пры вялікай любові да тыгра – і ікрою.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: delo-vcusa.ru

Набываеце нарэзаны батон, мажаце яго тварожным сырам ці маслам, а зверху кладзяце ікру ці лустачкі рыбы. Дарэчы, яна таксама прадаецца нарэзаная, таму гэтая закуска ў нас ідзе без зорак – з ёю дасць рады кожны ахвотны.

Белая рыба (ці квяцістая капуста) з чырвоным соусам **

Давайце пачнем з соусу, бо яго можна і да рыбы, і да каляровай капусты падаваць, калі вы не ясце жывёлінаў.

Складнікі: морква – 300 грамаў, таматная паста – 2 лыжкі, цукар – 3 лыжкі, цыбуля – 300 грамаў, чырвоны перац, папрыка, кары, соль – на смак, мука – 2 лыжкі, бурачны сок – 200 грамаў.

Моркву добра прамыць у цёплай вадзе, ачысціць і натаркаваць. Цыбулю дробна нашаткаваць, абсмажыць усё разам да прыгожага колеру, дадаць муку, затым таматную пасту і спецыі, змяшаць да аднастайнай масы, заліць бураковым сокам, не перастаючы памешваць, давесці да кіпення, зняць з агню.

Соус можна падаць да смажанай рыбы, смачна будзе і з гарачаю гароднінаю.

Для асноўнай часткі стравы пасуе філе любой белай рыбы. Змазваеце алеем, каб не перасохла, соліце і запякаеце. Альбо можна патушыць рыбу ў вяршках з часныком. На гэта трэба вяршкі 10 %, пару часнычынаў і соль. А потым разам з чырвоным соусам на белай талерцы. М-м-м, твор мастацтва!

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ladaland / livejournal.com

Замяніць рыбу проста квяцістаю капустаю. Паварыце венчыкі ў падсоленай вадзе 5 хвілінаў і гатова – з соусам будзе ідэальна.

Рызота-роса з казіным сырам **

Сыр можа быць і не казіны, але менавіта такі – проста космас. Як няма казінага, вазьміце брынзу.

Складнікі: 120–150 грамаў рысу карнаролі (белага), 40 грамаў цыбулі, 1 зубчык часныку, 50 грамаў буракоў (цёртых), 1 лыжачка воцату, 50 мілілітраў белага сухога віна, 20 грамаў масла, 500–600 мілілітраў булёну (гароднінавага ці курынага), 20 грамаў пармезану, 40 грамаў казінага сыру (мяккага), соль і перац – на смак.

Курыны ці гароднінавы булён давядзіце да кіпення. Паменшыце агонь, але не выключайце цалкам: булён нам патрэбны гарачым. На патэльні з высокімі борцікамі падтапіце масла і абсмажце здробнены часнык і цыбулю, пакуль цыбуля не стане празрыстаю. Дадайце дробку солі.

Дадайце рыс, добра змяшайце і працягніце абсмажваць на сярэднім агні некалькі хвілінаў. Дадайце белае віно (50 мілілітраў), змяшайце і дайце яму ўпарыцца.

Пачніце дадаваць гарачы булён невялікімі порцыямі. У ідэальна прыгатаваным рызота рыс павінен быць крыху цвёрды ўсярэдзіне, таму пастаянна каштуйце страву. Як толькі булён выпарыцца, дадавайце наступную порцыю. Аж пакуль рыс не будзе гатовы. Кансістэнцыяй рызота мае нагадваць густую кашу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: eda.ru

За некалькі хвілінаў да канца гатавання дадайце цёрты на буйной тарцы бурак, воцат, каб бурак не страціў колер. Тушыце, увесь час памешваючы. На канец дадайце цёрты пармезан. Раскладзіце рызота па талерках, зверху пакладзіце кавалачкі мяккага казінага сыру, пасыпце свежазмолатым перцам.

Памідоры са смятанаю *

Ідэальная салата на цяперашнія святы. Каб не выбівацца з гэтай гамы, можна дадаць чырвоны перац і белую цыбулю.

Хатні тварожны сыр з журавінамі ***

Гэта даволі простая справа, але варта набіць руку ці вельмі пільна сачыць за станам тваражку, калі ён толькі ўзяўся. Трымайце напагатове пасцелены марляю друшляк. Мы ў вас верым, так што наперад!

Пачнём з упрыгожання сыру: вазьміце журавіны і праціснеце іх праз сіта. Калі будзеце рабіць салодкі сыр, дадайце да масы цукар. Калі сыр будзе салёны, то нічога не дадавайце. Але гэтыя праціснутыя журавіны маюць быць у вас пад рукою, калі пачняце гатаваць уласна сыр.

Складнікі: малако – 1 літр, смятана 20–30 % – 200 грамаў, яйка – 1, соль на смак.

У невялікі рондаль наліваеце малако і ставіце на невялікі агонь. У асобнай місцы мяшаеце смятану з яйкам. Як малако закіпіць, уліваеце ў яго смятану і пастаянна мяшаеце. Праз некалькі хвілінаў малако пачне ператварацца ў крупінкі тварагу. Тут трэба быць пільным: калі тваражок адслаіцца ад сывараткі, адкіньце змесціва рондаля на друшляк, дадайце журавіны, толькі не моцна мяшайце, каб атрымалася падобнае на мармур. Тваражок накрыйце марляй і зверху прыцісніце, каб лішняя вільгаць сцякла. Можна для прыціскання ўзяць слоік з вадою. Праз некалькі гадзінаў даставайце, наразайце і падавайце – будзе чароўна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: redmondclub.com

Калі вы не ўпэўненыя, што дасце рады з журавінамі падчас адкідання тварагу, то лепей паліце журавінамі сыр, падаючы.

Малочны пудынг з трускаўкамі **

Калі вам удасца гэты дэсерт, то вы не зможаце перастаць яго есці яшчэ доўгі час. Малочны пудынг – смачны, далікатны, не прыкра салодкі. Ён абавязкова пасмакуе і дарослым, і дзецям! Таму раім рабіць адразу падвойную порцыю.

Складнікі: малако – 1 літр, яйкі – 2 штукі, пшанічная мука – 1 лыжка, бульбяны крухмал – 2 лыжкі, ванільны цукар – пакуначак, звычайны цукап – 2–3 лыжкі, трошкі солі, замарожаныя трускаўкі – колькі маеце!

Шклянку малака адліць у асобны посуд і развесці ў ім крухмал. У астатняе малако дадаць дробку солі, ванільны цукар і паставіць на агонь закіпаць. У асобным посудзе ўзбіць два яйкі. Дадаць муку. Дбайна мяшаем, каб не засталося камякоў. У яечную сумесь уліць разведзены ў малацэ крухмал і яшчэ раз узбіць. У малако, што закіпела, дадаць цукар на смак і тонкім струменьчыкам уліць яечна-крухмальную сумесь. Пры бесперапынным памешванні ўсю масу давесці да кіпення. Гатовы пудынг разліць у формы.

Пераціраем трускаўкі з цукрам, паліваем пудынг зверху, падаем і атрымліваем кампліменты!

Артыкулы
Гастранамічныя Каляды. Што паставіць на стол, акрамя аліўе і памідораў са смятанаю
2021.12.12 09:30

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў