Вельмі патрэбныя грошы

У Беларусі растуць падаткі. Кожны дзень, як зводкі з фронту, прыходзяць весткі: нешта павысілі, павялічылі, змянілі прынцыпы разлікаў, разгледзелі магчымасць даабкласці. Шараговы грамадзянін паступова перастае рэагаваць на гэтыя рэгулярныя выбліскі, разумеючы абсалютную немагчымасць паўплываць на бясконцую мудрасць прыманых рашэнняў. Незалежныя медыі паволі злараднічаюць і ціснуць на балючае – «рэжым лютуе!». Аднак калі прыгледзецца уважлівым, незашораным позіркам, то ў большасці выпадкаў гаворка ідзе аб карэктаванні ставак у адпаведнасці з рэальным узроўнем інфляцыі.

Белорусские банки, деньги, Беларусбанк
Фота мае ілюстрацыйны характар. Аддзяленне «Беларусбанку» ў Менску, Беларусь. 28 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

То бок калі ўсе кошты ў краіне рванулі ўгору на ўзроўні +15–20 %, то стаўкі адлічэнняў, усталяваныя ў наймацнейшых беларускіх рублях, мусілі рушыць услед за імі. Так, рознага кшталту зямельныя падаткі вырастуць на 19 %, а плацяжы за першую кватэру (што само па сабе дзікавата) – толькі на 10 %. Аналагічныя, зразумелыя змены чакаюць уладальнікаў аграсядзібаў, рамеснікаў ды іншых сабакароў. Для іх таксама адлічэнні вырастуць, але прапарцыйна ўзроўню інфляцыі.

А вось паліць у Беларусі стане прыкметна даражэй. Акцызы на цыгарэты (у залежнасці ад класу) вырастуць ад 60 % да 120 %, у адрозненне ад акцызаў на танны алкаголь, якія таксама зменяць, але толькі ў межах інфляцыі – 17–20%. Цікава было б зразумець, з чым звязаная такая нелаяльнасць у адносінах курцоў і сімпатыя да спажыўцоў класічных відаў вытанчаных пладова-ягадных напояў.

Далей горш, не ўсім так пашанцавала.

«З’ехалых» і «дармаедаў» шкадаваць не прынята, да іх у дзяржаўных медыях песціцца выключна класавая нянавісць, і таму для іх усё стане прыкметна горшым: і ўвагі больш, і кошт зносінаў з радзімай таксама вырасце ў разы.

Аналітыка
Новы падатак для «дармаедаў» і агульная база прыбыткаў. Што будуць ведаць падатковыя службы пасля Новага года?
2022.11.24 07:30

Звяртае на сябе ўвагу прапанова павялічыць плату за адмову ад беларускага грамадзянства з € 250 да € 400. Хацелася б даведацца, як эксперты, якія распрацоўваюць гэтыя прапановы, абгрунтоўвалі лічбу менавіта € 400? Зразумела, што падняць хацелі, але чаму не € 4000? Або € 4444? Здаецца, тут недапрацоўванне. З аднаго боку, радзіма вуснамі Азаронка ліе ў бок тых, хто з’ехаў, проста цыстэрны памыяў, з другога – бясплатна адпускаць не хоча. Парадокс.

Ад усёй стракатасці разнастайных ініцыятываў для павышэння падаткаў і збораў можна страціць галаву. Аднак калі зазірнуць у справаздачнасць аб даходах нашага дзяржбюджэту, то можна выявіць, што ўсе гэтыя навацыі (за выключэннем акцызаў на алкаголь і тытунь) нязначныя і ўсурʼёз ніяк не ўплываюць на напоўненасць, паўнаводнасць бюджэтнага патоку. Гэта адказ чыноўнікаў на запыт «зрабіце хоць што-небудзь!».

Аднак сапраўды значным будзе змяненне ставак адпрыбытковага падатку з 18 % да 20 % для ўсіх прадпрыемстваў, калі такая прапанова будзе прынятая. Гэты падатак займае 8–13 % у даходах бюджэту (у розныя гады) і сапраўды істотны як для прадпрыемстваў, так і для дзяржавы. І нешта мне падказвае, што праціўнікаў такога рашэння ў асяроддзі чыноўнікаў не знойдзецца. Хоць павялічваць падатак на прыбытак ва ўмовах стагнацыі рынкаў і падзення ВУП – вельмі спрэчнае рашэнне.

Такі вось падарункавы набор пад ялінку ад эканамічных Дзядоў Марозаў рыхтуецца. І ўсё б нічога, узняцце ставак падаткаў у розных краінах свету адбываецца рэгулярна, але ёсць два але.

Па-першае, у здаровым грамадстве, дзе палітыкі нясуць адказнасць перад народам, такім рашэнням папярэднічаюць працяглыя публічныя дыскусіі, тлумачэнні, навошта патрэбныя дадатковыя плацяжы і на што яны будуць выдаткаваныя.

Па-другое, такія балючыя рашэнні ўсё ж такі прымаюцца адным пакетам, а не расцягваюцца на месяцы, каб не спараджаць адчуванне «адразанне хваста па частках».

Але ўсё гэта там, на дзікім Захадзе, у загніваных дэмакратыях, а ў нас – рашэнні аб зменах падатковай сістэмы, як і любыя іншыя заканадаўчыя ініцыятывы, ніяк не звязаныя з воляй народу.

Каб праверыць гэта, дастаткова ўспомніць перадвыбарчую праграму любога «дэпутата» нашага заканадаўчага органа. Там будзе ўсё што заўгодна, ад азелянення двара да рамонту дзіцячага садка, апроч сапраўды важных, стратэгічных выбараў дзяржавы, у тым ліку і ў эканоміцы. І ў гэтым нам нейкі час яшчэ жыць.

І так, ад рашэнняў павялічыць падаткі (ды іншыя адлічэнні) памер пірага (ВУП) ніяк не мяняецца. А гэта значыць, што з кожным такім рашэннем усё большую долю забірае сабе дзяржава, і ўсё меншая застаецца ў руках грамадзяніна.

Дзе мяжа гэтага працэсу?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў