«Хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбару». Вольга Залатар выступіла з апошнім словам


Палітзняволеная маці пяцярых дзяцей Вольга Залатар выступіла ў Менскім гарадскім судзе з апошнім словам. Прысуд Вользе агучаць 3 снежня, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Вольга Залатар з сям’ёй.
Фота: spring96.org

Вольга Залатар, маці пяцярых дзяцей, якую абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання») і ч. 1 і 2 арт. 342 («Арганізацыя і навучанне дзеянням, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), трымаюць за кратамі з 18 сакавіка бягучага года.

Пракурорка Жанна Баранава запатрабавала ў суда пакаранне для яе – 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд Вользе суддзя Анастасія Папко агучыць 3 снежня.

Палітзняволеная ў судзе 30 лістапада выступіла з апошнім словам.

«Я тут, бо я неабыякавы чалавек. Я тут, бо жыву па Божым запавеце. Я тут, бо я – мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як мама і каталічка, я стаю на пазіцыі чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні падрыхтаваныя з любоўю да людзей і з нянавісцю да хлусні і гвалту.

Мы ўсе – дзеці Божыя. Кожны мае патэнцыял зрабіць гэты свет падобным да валадарства Божага, дзе пануе любоў. У валадарстве Божым няма нянавісці, зайздрасці, хлусні, помсты і страху.

Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўдаў. Неабходна пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітычны крызіс у краіне.

У матэрыялах справы маім дзеянням нададзены сэнс, які я не мела на ўвазе. Звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі і пачуцці крыміналізаваныя. У матэрыялах справы ёсць фота плаката, на якім напісана «Мір. Любоў. Свабода». І я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міра для сваёй роднай краіны.

Аб’ектыў
Пакалечаныя лёсы дзяцей палітзняволеных
2021.04.19 23:28

Архіепіскап Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, які ўзначальваў камісію ісціны і прымірэння, Дэзманд Туту, выказаўся так: «Пан бог стварыў нас і сказаў: «Ідзіце, дзеці мае». Зараз вы вольныя. І ён так паважае нашу свабоду, што гатовы дазволіць нам па ўласнай волі выправіцца ў пекла, чым пад прымусам зганяць нас у рай.

У другім пасланні святога Пятра так сказана: «Бог доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў. Але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння».

Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да Бога і людзей. Я хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбару… Хачу скончыць словамі Уладзіміра Караткевіча: «На Беларусі Бог жыве». Жыве Бог! Жыве вечна».

Пасля апошняга слова ў зале суда загучалі апладысменты.

Артыкулы
Стаў вядомы адказ СК пра збіццё ГУБАЗіКам маці пяцярых дзяцей Вольгі Залатар
2021.11.19 10:51

АЯ belsat.eu

Стужка навінаў