Саакашвілі заявіў, што ў 2007 годзе Лукашэнка «зліў» яму сакрэтную аперацыю ФСБ

Падчас пасяджэння Тбіліскага гарадскога суда экс-прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі расказаў, што ў 2007 годзе Аляксандр Лукашэнка нібыта дапамог яму раскрыць «антыгрузінскую змову» Крамля. Пра гэта піша газета «Коммерсант». Пакуль ні ў Менску, ні ў Маскве гэтую інфармацыю не пракаментавалі.

Расказваючы пра падзеі лістапада 2007 года, Міхаіл Саакашвілі заявіў, што за тагачаснымі выступамі апазіцыі стаяла Расея, якая хацела яго звергнуць. Саакашвілі спаслаўся на свае тагачасныя размовы з Аляксандрам Лукашэнкам, які, па сцвярджэнні экс-прэзідэнта Грузіі, расказваў яму: Уладзімір Пуцін зрабіў стаўку на вядомага бізнесоўца і партнёра Барыса Беразоўскага Бадры Патаркацышвілі.

Паводле Саакашвілі, Уладзімір Пуцін казаў Лукашэнку, што новым прэзідэнтам Грузіі неўзабаве стане менавіта Патаркацышвілі.

Гэтая размова паміж кіраўнікамі РФ і Беларусі нібыта адбылася неўзабаве пасля таго, як «тры генералы ФСБ выехалі ў Менск і сустрэліся там з Патаркацышвілі», падгаворваючы таго зладзіць у Тбілісі дзяржаўны пераварот. Пра гэтую сустрэчу, калі верыць Саакашвілі, ён таксама даведаўся ад Лукашэнкі.

Пры гэтым Саакашвілі не патлумачыў, з якой прычыны Лукашэнка быў з ім настолькі адкрыты, што паведамляў аб сакрэтных аперацыях ФСБ, санкцыянаваных Крамлём. Ні ўлады Беларусі, ні кіраўніцтва РФ гэтыя заявы пакуль не пракаментавалі.

У Тбілісі пачалі судзіць Міхэіла Саакашвілі. Пад будынкам суда пратэстуюць

РР belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны