Маск купіў Twitter, Facebook «здзьмуўся», Міністэрства інфармацыі хоча рэгуляваць алгарытмы. Што адбываецца з сацсеткамі?


Даведка

Ці моцна Twitter зменіцца пасля таго, як яго купіў мільярдэр Ілан Маск? Ці стануць горшымі Facebook і Instagram ад таго, што страцілі шмат рынкавай вартасці? І ці трэба ўспрымаць сур’ёзна словы міністра інфармацыі Беларусі пра «рэгуляванне алгарытмаў сацсетак»?

27 кастрычніка на свет сацыяльных сетак звалілася некалькі навінаў, якія наўрад ці былі нечаканымі, але выклікаюць пытанні.

Чытаем навіны разам з медыяэкспертам і аналітыкам праекту «MediaIQ» Паўлюком Быкоўскім.

Што з Twitter?

Кіраўнік «SpaceX» і «Tesla» Ілан Маск нарэшце завяршыў куплю Twitter. За год ён паспеў пачаць куплю за $ 44 млрд, адмовіцца ад куплі (бо нібыта яму не раскрылі колькасці ботаў сярод акаўнтаў), ізноў пагадзіцца і нарэшце прыйсці ў офіс кампаніі са сваёй ракавінай. Апошняе – гульня словаў: sink значыць «ракавіна» або «тануць/сцякаць», а фраза let that sink in значыць «прымі гэта», «жыві з гэтым».

27 кастрычніка Маск і Twitter закрылі ўгоду, Маск напісаў, што «птушка вызваленая». Але яму давялося заспакойваць рэкламадаўцаў: сацсетку ён купіў, бо хоча лепшай будучыні для чалавецтва, і не зробіць яе таксічнай пляцоўкай без правілаў. Але хвалююцца і некаторыя амерыканскія дэмакраты (бо Маск – рэспубліканец і прыхільнік свабоды слова для заблакаванага ў Twitter Дональда Трампа), і некаторыя ўкраінцы (бо Маск прапаноўваў здаць Расеі часткі тэрыторыяў Украіны), і некаторыя тайванцы (бо Маск прапаноўваў аддаць кантроль над Тайванем камуністычнаму Кітаю).

Ці трэба карыстальнікам баяцца за лёс Twitter? Быкоўскі адказвае: гэта залежыць ад поглядаў карыстальнікаў. Калі погляды больш правыя, дык гэта мусіць толькі супакойваць, калі не – можна разважаць.

«Але Маск робіць даволі яскравыя заявы рэгулярна, а з гэтых заяваў не заўсёды можна зразумець, што ён будзе рабіць», – заўважае Быкоўскі.

Адносна Twitter Маск абяцае, што сацсетка застанецца месцам для дыскусіяў людзей з рознымі поглядамі, а фраза пра вызваленую птушку можа значыць, што ён адмовіцца ад таго, што называе цэнзурай. Быкоўскі кажа, што з гледзішча свабоды слова можа стаць і лепей, а можа і горай: Twitter укараняў абмежаванні, бо было шмат фэйкаў, хлусні, неабгрунтаваных папулісцкіх заяваў, тэорыяў змовы.

На думку медыяэксперта, Twitter гэта «не нацыянальнае, а планетарнае дасягненне, якое трэба захоўваць». Будзе добра, калі пры змене гаспадара не абрынуцца «якасці, за якія мы любім Twitter». Але пакуль можна каментаваць толькі словы, а не канкрэтныя дзеянні ці прызначэнні.

Аналітыка
Маск «усё яшчэ вельмі падтрымлівае» Кіеў. Разбіраемся, што стаіць за яго заявамі пра мір ва Украіне
2022.10.15 12:00

А што думаюць тўітэране?

«Белсат» спытаў вядомых беларускіх карыстальнікаў Twitter, што яны думаюць пра куплю сацсеткі Маскам.

  • «З гэтай нагоды ГУБАЗіК, здаецца, завёў акаўнт у Twitter і пачаў адказваць пад маімі тўітамі на беларускай мове, – расказвае @gypsynkov. – А так – я не думаю, што будуць нейкія радыкальныя змены. Ёсць надзея на даданне рэдагавання, але ўсё застанецца як звычайна. Ну і разбаняць Трампа».
  • «Я пра гэта ўвогуле не думаю, праўду кажучы, – смяецца @lessprit . – Але лічу, што пасля гэтага набыцця выдаліць акаунт Трампа ўжо будзе немагчыма, калі ён вернецца».
  • «Дзякуй за тое, што цікавіцеся маім поглядам, але падаецца, што нічога асаблівага не адбудзецца», – адказвае @iamitbeard.

Што з «Meta»?

Кампанія «Meta», якая ёсць матчынай арганізацыяй над Facebook, Instagram і WhatsApp, у канцы лета 2021 года мела рынкавую капіталізацыю ў $ 1 трлн. Але ў 2022 годзе капіталізацыя кампаніі амаль няспынна падае – ужо засталося $ 263 млрд. Кампанія вылецела з топ-20 амерыканскіх у рынкавай капіталізацыі. Заснавальнік Facebook Марк Цукербэрг патлумачыў падзенне прыбыткаў макраэканамічнымі праблемамі, канкурэнцыяй (у тым ліку ў рэкламе – ад «Apple») і выдаткамі на доўгатэрміновыя праекты. Пад апошнім, падобна, перадусім маецца на ўвазе праект «мэтасусвету», на якім «Meta» губляе мільярды, а зацікавіць ім карыстальнікаў не можа.

Значыць, «Meta» будзе паказваць нам больш рэкламы, каб кампенсаваць страты? Быкоўскі кажа, такія навіны пра рынкавую вагу прызначаныя больш для інвестараў. Ды і розныя справы – рынкавая вага паводле інфармацыі з біржы, цана патэнцыйнага продажу кампаніі і яе абароны. Цяпер наўрад ці варта чакаць павелічэння колькасці рэкламы на платформах, мяркуе медыяэксперт.

Hавiны
Што значыць «Мэта» Цукербэрга і што будзе з Facebook
2021.10.29 14:39

З рэкламай на Facebook сапраўды ёсць праблема, толькі іншая. Быкоўскі расказвае: пасля 24 лютага і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне «Meta» ўвяла сур’ёзныя абмежаванні для рэкламы «з іншай юрысдыкцыі», каб на палітыку адной краіны немагчыма было ўплываць з іншай. З-за межаў Беларусі рэклама на Беларусь усяго, што адносіцца да грамадска-палітычных тэмаў, зрабілася амаль немагчымай.

«У выніку аказалася, што для кіраваных рэжымам медыяў абмежаванняў няма, а для медыяў, якія мусілі перавезці рэдакцыю за мяжу, абмежаванні ўзніклі, – расказвае Быкоўскі. – І гэтая сітуацыя ўплывае прынамсі на доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі».

Справа ў тым, тлумачыць ён, што алгарытмы Facebook і Instagram разлічаныя на міжасабовую камунікацыю, інфармацыю ад карыстальнікаў. Медыям, каб паказаць больш пастоў карыстальнікам, трэба плаціць за рэкламнае прасоўванне. «Віруснае» і «арганічнае» прасоўванне, калі карыстальнікі самі распаўсюджваюць цікавую ім інфармацыю, амаль перакрытае для беларускіх незалежных медыяў: у Беларусі карыстальнікі баяцца ставіць упадабанні і дзяліцца публікацыямі медыяў, залічаных уладамі ў «экстрэмісцкія».

Гэта можа прывесці да таго, што на Facebook больш даступнымі стануць прапагандысцкія матэрыялы. Ды і шмат дыскусіяў цяпер абмежаваныя: падзеі вострыя, карыстальнікі абражаюць адно аднаго і трапляюць пад блакаванне паводле правілаў супольнасці. Такімі тэмпамі, бачыць медыяэксперт, Facebook можа неўзабаве ператварыцца з пляцоўкі для дыскусіяў у пляцоўку, дзе, як у  расейскім парламенце, «не месца для дыскусіяў».

Аналітыка
След на «Google Maps», які пакінуў беларускі пратэст
2022.08.28 08:00

Што з Міністэрствам інфармацыі?

Міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Перцаў заявіў, што «мы падыходзім да пытання рэгулявання алгарытмаў сацыяльных сетак», бо «падступныя алгарытмы фармуюць пэўны светапогляд дзяцей», «цяпер гэта цалкам ідэалогія».

Гэта значыць, будуць дамаўляцца на большую цэнзуру з расейскім VK і кітайскім TikTok, а Facebook і Instagram, як у Расеі, заблакуюць і назавуць «тэрарыстамі»? Быкоўскі кажа, гэта проста словы, бо такія пастановы – не ўзровень міністра.

Але рэжым Аляксандра Лукашэнкі і Мінінафарм у прыватнасці ўжо пісалі лісты расейскаму «Яндексу», каб той перастаў паказваць у стужцы непажаданыя ў Беларусі медыі, згадвае Быкоўскі. «Яндекс» прыслухаўся. Але сэрвіс «Яндекс.Дзен» купіла фактычна дзяржаўная расейская кампанія VK. Не было прыкладаў супрацы VK з Міністэрствам інфармацыі Беларусі, але былі прыклады супрацы з Міністэрствам унутраных справаў, таму можа быць, што і VK пойдзе на абмежаванні беларускіх медыяў у доступе на ейныя пляцоўкі і куплі там рэкламы.

З TikTok усё больш складана, расказвае медыяэксперт. З аднаго боку, кампанія лаяльная да мясцовых законаў, з другога – пасля шэрагу скандалаў прымала заявы пра падтрыманне свабоды слова і (у адрозненне ад расейскіх сацсетак) зацікаўленая ў працы на рынках дэмакратычных краінаў. Таму TikTok будзе «цвёрдым арэшкам».

Што да Facebook і Instagram, то Беларусь наўрад ці стане іх блакаваць, мяркуе Быкоўскі: больш імаверна, што там застануцца чытанымі толькі дзяржаўныя прапагандысцкія рэсурсы, дык навошта такое забараняць?

У Twitter вернуць Трампа, а праціўнікаў Лукашэнкі схаваюць з Facebook, Instagram і расейскіх сацсетак? Калаж: Белсат

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў