Вылічылі праз год па вопратцы: судзяць яшчэ аднаго ўдзельніка падзеяў паслявыбарчага вечару


У судзе Заводскага раёну Менску разглядаецца крымінальная справа Яўгена Крачкоўскага, абвінавачанага ў арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Гаворка пра падзеі 9 жніўня 2020 года.

Яўген Крачкоўскі.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Справу разглядае суддзя Жанна Хвайніцкая.

Яўгена Крачкоўскага затрымалі 8 верасня 2021 года ўдома пасля ператрусу. Супрацоўнікі ГУБАЗіК прымусілі мужчыну запісаць пакаяльнае відэа.

Hавiны
Музыку Дзмітрыя Шыманскага асудзілі за ўдзел у мінулагоднім жнівеньскім маршы
2021.10.29 18:13

Крачкоўскага вылічылі па білінгу ягонага тэлефона, а калі прыйшлі з ператрусам дахаты – знайшлі вопратку, у якой ён быў апрануты 9 жніўня 2020 года і якая была бачная на фотаздымках, дзе ён і яшчэ некалькі чалавек падчас мітынгу на стэле знаходзіцца на пешаходным пераходзе на дазваляльны сігнал святлафора.

Па матэрыялах абвінавачвання, Крачкоўскі, з групай неўстаноўленых асобаў пасля 21-й гадзіны ў раёне праспекта Пераможцаў і вуліцы Варвашэні, груба парушаў грамадскі парадак, стаяў у счэпцы, і такім чынам перашкаджаў руху грамадскага транспарту.

«Менсктранс» выставіў матэрыяльную прэтэнзію ў памеры 3621 рублі 64 капейкі.

Падчас допыту Крачкоўскі патлумачыў, што ў той вечар разам з сябрам з-за цікавасці даехаў да вуліцы Мельнікайтэ. Там было шмат народу. Працы транспарту яны не перашкаджалі, вуліцу пераходзілі на зялёнае святло. Таму пазоў «Менсктрансу» мужчына не прызнае.

Hавiны
Двум жлобінцам прысудзілі па два гады калоніі за пратэсты
2021.10.29 12:45

Адвакат Аляксей Дравіца звярнуў увагу, што перыяд часу прастою грамадскага транспарту, указаны ў пазове «Менсктрансу», у некалькі разоў перавышае час знаходжання Крачкоўскага ва ўказаным месцы.

Суд абвясціў перапынак для ўдакладнення патрабаванняў транспартнікаў. Наступнае пасяджэнне пройдзе ў 10-30 9 лістапада.

Яўген Крачкоўскі – аўтар праекту «АДВЕКУ». Мужчына займаўся пошукам продкаў у Беларусі, генеалагічнымі даследаваннямі, складаннем радаводу, пошукам у архівах, мае няпоўнагадовае дзіця. Беларускімі праваабаронцамі прызнаны палітвязнем.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў