Украіна ўсё ж такі не будзе аднаўляць пастаўкі электраэнергіі з Беларусі

Кіраўнік камітэту Вярхоўнай Рады Украіны па пытаннях энергетыкі і ЖКГ Андрэй Герус заявіў, што з 1 лістапада імпарту электраэнергіі з Расеі і Беларусі не будзе.

Андрэй Герус. Фота: УНИАН

Андрэй Герус паведаміў, што адпаведны аўкцыён на продаж электраэнергіі быў адменены.

«Імпарту электраэнергіі з РФ з 1 лістапада не будзе. Кампанія «Интер РАО» 20 кастрычніка аб’явіла аўкцыён па продажы электраэнергіі, але 21 кастрычніка адпаведны аўкцыён быў адменены. Таксама з 1 лістапада не будзе імпарту электраэнергіі з Беларусі, аўкцыёны на продаж электраэнергіі не былі праведзены», – напісаў Герус у сваім тэлеграм-канале.

Таксама ён паведаміў, што на 29 кастрычніка, на дзяржаўных ТЭС і ЦЭЦ было 675 тысяч тон вугалю. Гарантаваныя, гэта значыць мінімальныя запасы вугалю, якія абавязкова павінны выконвацца згодна з умовамі вядзення ліцэнзійнай дзейнасці, не вытрымліваліся на сямі ўкраінскіх цеплаэлектрастанцыях, удакладніў Герус.

Запасы вугалю на ўкраінскіх ТЭС і ЦЭЦ. Графіка: gerus_online / Telegram

Забарона на імпарт электраэнергіі з Беларусі ва Украіну заканчваецца 31 кастрычніка, таму пры недахопе сваіх рэсурсаў Украіна хацела пачаць закупку энергіі з Беларусі з 1 лістапада.

З Беларусі забаранілі вывозіць кісларод, замарозілі цэны на яго

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны