Павел Латушка – аб прычыне немагчымасці страйку 1 лістапада: Нам не ўдалося аб’яднацца


Старшыня Беларускага аб’яднання рабочых Сяргей Дылеўскі абвесціў пачатак у Беларусі забастоўкі на 1 лістапада. Абяцаюць спыніць вытворчасць па ўсёй краіне, калі ўлады не выканаюць патрабаванняў БАР.

Такая заява стала навіною не толькі для ўладаў, але і для іншых прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці. Для абмеркавання гэтай сітуацыі, а таксама каардынацыі супольных дзеянняў у арганізацыі ды правядзенні будучага страйку зладзілі онлайн-сустрэчу паміж прадстаўнікамі апазіцыйных рухаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У абмеркаванні ўзяла ўдзел былая кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, а таксама прадстаўнікі Рабочага руху Уладзіслава Чалей і Дзмітрый Ціт. Быў запрошаны і лідар Беларускага аб’яднання рабочых Сяргей Дылеўскі, але ён не далучыўся да размовы.

Усе прысутныя адзначылі, што цяпер беларускае грамадства не гатовае да забастоўкі. Святлана Ціханоўская адзначыла: хоць пытанне страйку сапраўды хвалюе шмат якіх беларусаў, яе варта пачынаць толькі тады, калі будзе правядуць адпаведнае рыхтаванне.

Hавiны
Беларускае аб’яднанне рабочых прызначыла агульнанацыянальную забастоўку на 1 лістапада
2021.10.25 13:59

«Аб’яўленне забастоўкі 1 лістапада стала для нас нечаканасцю, бо такі важны крок трэба каардынаваць, разумець ступень падрыхтоўкі. На жаль, у нас ужо быў досвед. Мы разумеем, што для таго, каб адбылася забастоўка, не дастаткова аб’явіць яе каму-небудзь, патрэбная скрупулёзная падрыхтоўчая праца. Мы правялі апытанне і высветлілі, што вельмі многіх беларусаў хвалюе пытанне забастоўкі. Мэты нашай забастоўкі – вызваленне палітзняволеных, спыненне гвалту і правядзенне новых выбараў», – адзначыла дэмакратычная лідарка.

«Мы гаворым пра элемент ціску на рэжым праз санкцыі»

Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка згадзіўся са Святланаю Ціханоўскай у важнасці рыхтавання да страйку, заўважыўшы, што ў гэтай справе прадстаўнікам апазіцыі варта аб’яднаць намаганні:

«Я гатовы прысвяціць сябе таму, каб заняцца працэсам падрыхтоўкі і прывесці да таго, каб забастоўка насамрэч адбылася. І для гэтага не выкананая галоўная ўмова: нам не ўдалося аб’яднацца. Я таксама нясу за гэта адказнасць, я не змог пераканаць БАР і тых, хто яго падтрымлівае, у тым, што яшчэ не наступіў момант, калі мы дасягнулі таго ўзроўню каардынацыі, калі мы сапраўды можам рашуча выйсці на забастоўку. Забастоўка, на нашую думку, павінна быць падрыхтаванай, прадуманай, яна павінна аб’яднаць усіх».

Белсат Zoom
Дылеўскі: Беларускія рабочыя прачынаюцца
2021.07.27 23:27

Забастоўку, якая можа скончыцца станоўчым вынікам, старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення бачыць больш верагоднай у пачатку 2022 года:

«Сцэнары забастоўкі могуць быць два. Першы – гэта трыгерная сітуацыя, калі нешта адбываецца ў грамадстве, і гэта выклікае хвалю пратэстаў. Другі – гэта расцягнуты негатыў і падрыхтоўка забастоўкі да нейкага моманту. Мы цяпер у другім сцэнары. Мы гаворым пра элемент ціску на рэжым праз санкцыі. Вось гэты эфект, хутчэй, будзе набліжацца да канца года – пачатку наступнага. І якраз на люты ўзурпатар запланаваў рэферэндум. Гэта таксама дадатковы эфект».

Павел Латушка, кіраўнік НАУ. Варшава, Польшча. 29 траўня 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Павел Латушка дадаў: не зважаючы на непадрыхтаванасць беларусаў да забастоўкі 1 лістапада, ён падтрымлівае ідэю БАР заставацца ўдома, бо сітуацыя з каронавірусам у краіне набыла сапраўды трагічны характар.

«Цяпер мы бачым, што ў краіне адбываецца вельмі трагічная сітуацыя, звязаная з ковідам, з ростам захваральнасці. І як палітык, канечне, гатовы падтрымаць ідэю, падыход і заклік да беларусаў застацца ўдома, зрабіць усё, каб захаваць сябе, бо самае каштоўнае – кожны беларус, жыццё і здароўе кожнага беларуса. Рэжым не звяртае ўвагі на сітуацыю ў краіне, ён ігнаруе гэта рознымі спосабамі. Таму я падтрымліваю падыход, што, калі ёсць такая магчымасць, трэба заставацца ўдома, каб зберагчы і захаваць сябе», – адзначыў лідар НАУ.

Hавiны
«Мы станем гарой на абарону кожнага». Ціханоўская прадставіла Праграму падтрымання страйкоўцаў
2021.06.03 19:49

Прадстаўніца Рабочага руху Уладзіслава Чалей бачыць будучы страйк агульнанацыянальнай акцыяй грамадзянскага непадпарадкавання, якая будзе насіць выключна мірны характар:

«Ні для каго не сакрэт, што Рабочы рух, які першапачаткова сваёй задачаю ставіў мірную забастоўку, падтрымлівае і лічыць неабходным правядзенне такой забастоўкі. Страк, пра які гаворыць Рабочы рух, – гэта не вузканакіраваная забастоўка толькі рабочых ключавых прадпрыемстваў, гэта агульнанацыянальная акцыя грамадзянскага непадпарадкавання. Яна павінна ахапіць шырокія масы грамадскасці. Мы лічым, што забастоўка павінна быць падрыхтаванай, той досвед, які мы вынеслі з кастрычніка мінулага года, даволі значны. З пункту гледжання прадстаўнікоў дыяспары, мы выканалі вялізную працу з кастрычніка мінулага года, скіраваную на ліквідацыю наступстваў, мы дапамаглі людзям, якія пацярпелі, былі вымушаныя выехаць, згубілі сродкі для існавання».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Уладзіслава звярнула ўвагу і на важнасць бяспекі ўдзельнікаў будучага страйку, якія могуць трапіць пад чарговую хвалю рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі:

«Патрэбны скаардынаваны план дзеянняў пасля пачатку забастоўкі. Цяпер мы бачым толькі заклікі ўступіць у забастоўку, і ніхто не тлумачыць, што рабіць далей. Мы мяркуем, што ў адказ на масавую забастоўку можа пачацца хваля рэпрэсіяў. На гэта таксама трэба будзе неяк адказаць. Таму Рабочы рух даўно працуе з такімі ініцыятывамі, як «ByPol», і далучыўся да плану «Перамога», які будзе запушчаны, калі такая хваля гвалту пракоціцца ды нам неабходна будзе абараняць людзей, якія падтрымалі забастоўку. Усе павінны выпрацаваць адзіны план, каб тыя інструкцыі, якія будуць атрымоўваць людзі ўдома на забастоўцы, былі скаардынаваныя і не супярэчылі адна адной ды не падстаўлялі людзей пад удар».

«У краіне працягваюцца рэпрэсіі, але заробкі працягваюць выплочвацца своечасова»

Іншы прадстаўнік Рабочага руху, Дзмітрый Ціт, заявіў, што распачынаць забастоўку варта толькі тады, калі для яе ўзнікнуць адпаведныя ўмовы, найперш эканамічныя:

«Мы разумеем, што забастоўка – гэта адзіны мірны спосаб, якім можна перамагчы гэты рэжым. Мы лічым яе неабходнай, але з той агаворкаю, што яе неабходна падрыхтаваць, каб яна ў выніку аказалася паспяховай. Цяпер жа адсутнічаюць перадумовы для гэтай забастоўкі. Да таго ж цяпер абмежаваны чалавечы рэсурс. Як паказала практыка, забастоўка толькі з палітычных прычынаў, якую спрабавалі правесці летась, не атрымала поспеху, бо не была падрыхтаваная. У краіне працягваюцца рэпрэсіі, але з эканамічных прычынаў мы не можам баставаць, бо тыя ж заробкі працягваюць выплочвацца своечасова. Мы разумеем, што гэта можа не вельмі доўга працягвацца, і тады з’явяцца эканамічныя прычыны. Але на сёння ўсе рэпрэсіі не здолелі ўскалыхнуць запужанага народу. Таму няма маральнага права заклікаць людзей выйсці на забастоўку праз некалькі дзён, калі няма адпаведных умоваў».

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў