Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 30 верасня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 30 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Вайна ва Украіне працягнецца яшчэ год. Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: aspi.com.ua

Мінулыя содні поўнамаштабнай вайны ва Украіне адзначыліся вялікай інтэнсіўнасцю баявых дзеянняў на ўсходзе краіны.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), спасылаючыся на свае крыніцы, піша, што Збройныя сілы Украіны працягнулі контрнаступ у Харкаўскай вобласці і ў некаторых месцах здолелі выйсці да мяжы з Луганскай вобласцю. Аналітыкі ISW адзначаюць, што расейскія войскі панеслі вялізныя страты ў жывой сіле і тэхніцы ад контрудараў украінскіх сілаў на ўсходзе ад ракі Аскіл.

Пры гэтым па-ранейшаму асноўны ўдар ЗСУ прыходзіцца на ваколіцы гораду Ліман на поўначы Данецкай вобласці. Аналітыкі ISW лічаць, што ўкраінскія сілы атачылі горад з трох бакоў, а адзіная дарога, якая звязвае Ліман з падкантрольнымі Расеі тэрыторыямі, знаходзіцца пад агнявым кантролем ЗСУ.

Вядома, што Збройныя сілы Украіны вызвалілі населеныя пункты Ямпаль і Дробышава, рэшткі расейскіх войскаў адышлі з іх у Ліман і цяпер там трымаюць абарону. Гэтую інфармацыю пацвердзіў кіраўнік так званай ДНР Дзяніс Пушылін.

Аналітыка
«Украінцы могуць адпомсціць за Ілавайск». Расейскія вайскоўцы трапілі ў «кацёл» пад Ліманам
2022.09.30 17:31

 

Былы міністр абароны «ДНР» Ігар Гіркін у сваім тэлеграм-канале піша, што цяпер расейцы кантралююць у гэтым раёне толькі сам Ліман, Стаўкі, Зарэчнае і Торскае. Паводле Гіркіна, у контрнаступе на Ліман задзейнічаныя каля 6 тысяч украінскіх вайскоўцаў.

Іншы прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе пра непазбежнасць узяцця ЗСУ Ліману, што ў выніку прывядзе да поўнай ліквідацыі баяздольных расейскіх падраздзяленняў на гэтым участку фронту і дазволіць украінцам у далейшым развіць свой поспех на Крэмінную і Рубежнае ў Луганскай вобласці.

Таксама «Рыбарь» піша, што за мінулыя содні ЗСУ вызвалілі населеныя пункты Калодзезі, Зялёная Даліна і Дробышава на поўнач ад Ліману. У адрозненні ад Гіркіна, «Рыбарь» піша, што Стаўкі ўжо пад кантролем украінскіх войскаў, а расейская абарона Ліману ідзе на межах самога гораду, прычым дарога на Торскае адрэзаная агнём ЗСУ.

У гэты ж час на іншых участках фронту ў Данецкай вобласці войскі РФ працягваюць наступаць на ўмацаваныя пазіцыі Збройных сілаў Украіны. Генеральны штаб ЗСУ піша пра адбітыя атакі расейцаў на Зайцава, Маёрск, Вясёлую Даліну, Бахмуцкае, Адрадаўку, Курдзюмаўку, Нью-Ёрк і Первамайскае. Аналітыкі ISW паведамляюць, што на некаторых участках фронту ЗСУ маглі адысці на іншыя пазіцыі, але гэтую інфармацыю ў Інстытуце даследавання вайны не могуць пацвердзіць.

Сітуацыя на ўчастку фронту ў Запарожскай вобласці цягам апошніх содняў істотна не мянялася і па-ранейшаму застаецца адносна спакойнай.

У Херсонскай і Мікалаеўскай вобласці працягваюцца пазіцыйныя баі і ўзаемныя абмены артылерыйскімі і ракетнымі ўдарамі. Пры гэтым Генштаб ЗСУ паведамляе пра няўдалую атаку расейцаў на населены пункт Безыменнае, і ўдар расейцаў па Цярновых Подах, што сведчыць пра ўкраінскі кантроль над дадзеным населеным пунктам.

Агулам, Паводле Генштабу ЗСУ, за мінулыя содні расейцы нанеслі 5 ракетных і 11 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі больш за сотню абстрэлаў тэрыторыі Украіны з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, у выніку чаго пацярпелі каля 50 населеных пунктаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Varta1

Так, каля 7-й гадзіны раніцы 30 верасня Расея нанесла ракетныя ўдары па Запарожжы. Агулам былі выпушчаныя 16 ракетаў, чатыры з іх трапілі ў гуманітарную калону цывільных на выездзе з гораду на часова акупаваныя тэрыторыі. Вядома пра 25 загінулых і 50 параненых, сярод пацярпелых ёсць дзеці.

У Генштабе адзначаюць, што ЗСУ ў сваю чаргу нанеслі агнявое паражэнне пункту ўпраўлення расейцаў у акупаваным Мелітопалі, у выніку чаго быў знішчаны зенітны ракетны комплекс С-300 і каля 50 чалавек асабовага складу праціўніка.

Таксама вядома, што ў выніку ўкраінскага ракетнага ўдару па Херсоне загінуў першы намеснік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці па бяспецы Аляксей Кацярынічаў.

Пры гэтым, паводле Генштабу ЗСУ, за содні расейскія войскі страцілі каля паўтысячы чалавек, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты расейцаў з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне дасягнулі 59 080 чалавек.

Галоўнай палітычнай падзеяй дня можна лічыць падпісанне прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным дамоваў аб далучэнні акупаваных тэрыторыяў да складу Расеі. Напярэдадні стала вядома пра падпісанне ўказаў аб прызнанні незалежнасці Запарожскай і Херсонскай вобласцяў.

Hавiны
Пуцін заявіў, што Расея не будзе ні з кім абмяркоўваць вынікаў «рэферэндумаў»
2022.09.30 17:12

 

Пры гэтым кіраўнік РФ сказаў, што вынікі «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны расейскі бок не мае намеру абмяркоўваць. Расея, паводле словаў Пуціна, мае намер «працаваць над павышэннем бяспекі» на акупаваных землях. Разам з тым кіраўнік Крамля заклікаў Кіеў спыніць агонь і сесці за стол перамоваў.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што анексаваныя тэрыторыі аўтаматычна ўвойдуць у Саюзную дзяржаву з Беларуссю.

Генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш сказаў, што «рэферэндумы» аб уваходжанні самаабвешчаных ДНР і ЛНР, а таксама падкантрольных расейскім войскам тэрыторый Херсонскай і Запарожскай абласцей у склад Расеі не будуць мець юрыдычнай сілы

Hавiны
Прэзідэнт ЗША заклікаў міжнародную супольнасць працягваць падтрыманне народу Украіны
2022.09.30 21:22

ВК belsat.eu

Стужка навінаў