Умацаванне курсу беларускага рубля да долара і еўра не сведчыць, што ў эканоміцы ўсё добра


У Беларусі на працягу апошняга тыдня назіраецца ўмацаванне курсу беларускага рубля ў дачыненні долара і еўра. Пры гэтым расце курс расейскага рубля. У той жа час у суседняй Польшчы курс нацыянальнай валюты да долара істотна прасеў. «Белсат» высвятляў, што адбываецца на валютным рынку нашай краіны і чаму сітуацыя кардынальна адрозніваецца ад сітуацыі ў суседніх краінах.

Технобанк, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Людзі стаяць у чарзе ў пункт абмену валютаў. Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

У беларускіх банках набыць долары ЗША можна ўжо нават менш як за 2,5 рубля. І цягам гэтага тыдня курс нашай валюты ўмацоўваўся, падобная сітуацыя і з курсам еўра. Расце толькі расейскі рубель. А вось у суседняй Польшчы сітуацыя адваротная. Долар ЗША тут каштуе ўжо каля 5 злотых. Калі браць валютныя рынкі Польшчы і Беларусі, то можна сказаць, што яны цяпер існуюць у розных умовах, хоць і ёсць фактары, якія падобна ўплываюць як на беларускі рубель, гэтак і на польскі злоты, тлумачыць «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

Што адбываецца ў Польшчы на валютным рынку?

У Польшчы сёння інфляцыя зусім не малая, яна перавышае 16 %, і гэты паказнік вышэйшы, чымся ў сярэднім у еўразоне. Пры гэтым цэнтральны банк краіны праводзіць даволі асцярожную манетарную палітыку, кажа Настасся Лузгіна. Бо калі павышаць стаўкі, як гэта робяць цэнтральныя банкі іншых краінаў, то гэта абмяжуе інфляцыю.

«Такая захада стабілізуе інфляцыю, але ў той жа час можа выклікаць запавольванне росту эканомікі і падзенне ў рэцэсію. Я так разумею, што ў Польшчы асцерагаюцца гэтага і не спяшаюцца выкарыстоўваць такую захаду. У выніку мы бачым, што курс нацыянальнай валюты зніжаецца, цяпер кошт долара складае каля 5 злотых. Год таму курс быў прыкладна на ўзроўні 4 злотых за долар», – звяртае ўвагу экспертка.

Акрамя таго, побач з краінай адбываюцца ваенныя дзеянні.  Гэта негатыўны фактар для Польшчы. Пры такой няўстойлівая сітуацыі ў рэгіёне інвестары шукаюць больш стабільных рынкаў для сваіх інвестыцыяў. Таму шмат хто аддае перавагу інвеставанню ў долары ЗША.

«Уплываюць на сітуацыю ў Польшчы і кошты на энерганосьбіты. Адсюль і такая высокая інфляцыя. Нягледзячы на тое, што Польшча адкрыла газаправод з Нарвегіі, газ каштуе даволі дорага. Высокія рызыкі ў плане коштаў на энерганосьбіты захоўваюцца і ў будучыні. Вядома, што гэта таксама цісне на курс польскай валюты», – кажа Настасся Лузгіна.

Аналітыка
Сапраўднае Made in China. Улады Беларусі знайшлі замену для SWIFT і Visa з Mastercard. Ці спрацуе?
2022.09.16 17:31

Пры гэтым, звяртае ўвагу суразмоўца «Белсату», такая сітуацыя характэрная пры ўмове свабоднага перамяшчэння капіталу. Акрамя таго, Польшча гандлюе з шэрагам краінаў у розных валютах. З улікам адсутнасці якіх-кольвек абмежаванняў усё гэта ўплывае на стан валютнага рынку. Пры гэтым яшчэ ўлетку агенцтва «Fitch Ratings» зацвердзіла рэйтынг Польшчы на ўзроўні А-мінус. Гэта даволі высокі рэйтынг. Бо ў Беларусі доўгатэрміновы рэйтынг у замежнай валюце быў зніжаны да ўзроўню абмежаванага дэфолту.

У Беларусі сапраўды стабільная сітуацыя?

У Беларусі даволі шмат абмежаванняў на рахунках руху капіталаў з краіны ў краіну. Мы цяпер кажам пра аперацыі з каштоўнымі паперамі, міжнародныя крэдыты, угоды з нерухомасцю, а не пра замежны гандаль.

«Другі момант – у нас была адкрытая эканоміка з гледзішча вонкавага гандлю, мы гандлявалі з розным краінамі, без абмежаванняў. Цяпер з пазіцыі валютнага заканадаўства нічога не змянілася. Аднак увялі абмежаванні на гандаль з несяброўскімі краінамі. Разам з тым санкцыі і складанасці ў разліках пагоршылі ўмовы гандлю з еўрапейскімі краінамі», – адзначае экспертка.

На гэтым фоне значнасць Расеі як самага галоўнага гандлёвага партнёра Беларусі яшчэ больш вырасла. Доля гандлю з Заходняй Еўропай і асабліва з Украінаю скарацілася. Таму гандаль з гэтымі краінамі цяпер у меншай ступені ўплывае на сітуацыю на валютным рынку. Адпаведна ўсё больш уплывае на курс беларускага рубля да замежных валютаў дынаміка расейскага рубля. Значнасць жа расейскага рубля адлюстраваная і ў кошыку валютаў.

«Калі глядзець паводле намінальных выражэнняў у кошыку валютаў, то атрымліваецца, што з пачатку года ў нас беларускі рубель умацаваўся да долара амаль на 2,7 %, да еўра – на 16,9 %, да юаня – на 14,3 %. А вось у дачыненні расейскага беларускі рубель абваліўся больш як на 24,7 %. У цэлым да кошыка валютаў курс беларускага рубля скараціўся больш як на 7 %. Хоць гэтае зніжэнне не цалкам кампенсуе росту коштаў з пачатку года», – падлічвае Настасся Лузгіна.

Беларускія рублі.
Фота: Белсат

Калі браць індэксы, курсы ў рэальным выражэнні з улікам інфляцыі, то тут таксама ўлічваецца значнасць асноўных гандлёвых партнёраў, а ў нашым выпадку – Расеі, краінаў еўразоны, Польшчы ды іншых. У дачыненні еўра беларускі рубель у рэальным выражэнні ўмацаваўся амаль на 17 %, да польскага злотага – на 14,8 %, а да расейскага рубля знізіўся на 17 % (курсы для параўнання паводле стану на жнівень у параўнанні са снежнем 2021 года), працягвае Настасся Лузгіна.

Агулам, калі браць эфектыўны індэкс, які ўлічвае дынаміку валютаў і ўсіх асноўных гандлёвых партнёраў, курс беларускага рубля знізіўся на 5,24 %. Такім чынам, з улікам значнасці расейскага вектару замежнага гандлю ўмацаванне беларускага рубля да шэрагу замежных валютаў нівелюецца зніжэннем да расейскага рубля, кажа эканамістка.

З улікам падзення курсу нашага рубля да расейскага, экспарцёры нашых тавараў на расейскі рынак пачуваюцца даволі добра. Пры гэтым траекторыя руху курсу беларускага рубля падобная да дынамікі курсу расейскага рубля да таго ж долара і еўра. А валюта РФ адносна замежных валютаў пачуваецца цяпер даволі моцна.

Каментар
«Fitch» датэрмінова апублікавала рэйтынгі беларускіх еўрабондаў. Пра што гэта сведчыць?
2022.09.15 20:45

«Трэба ўлічваць, што стабільнасць беларускага рубля да долара і еўра тлумачыцца не толькі значнасцю гандлю з Расеяй. Гандлёвы баланс замежнага гандлю сёлета ў Беларусі ў цэлым палепшыўся. Падзенне імпарту стала большым за падзенне экспарту. Таму паступленне валюты стала большым, чымся летась. Гэта таксама вызначае курсы валютаў. Акрамя таго, выплаты за еўрааблігацыі цяпер у нас ажыццяўляюцца ў беларускіх рублях, што зніжае ціск на валютны рынак», – кажа Настасся Лузгіна.

У выніку Нацыянальны банк нашай краіны нібыта і не ўводзіў аніякіх абмежаванняў, каб утрымаць курс беларускага рубля, але за кошт таго, што эканоміка стала больш закрытая і арыентаваная на адну краіну, валютны рынак долара і еўра пачуваецца адносна стабільна, тлумачыць эканамістка. Зрэшты, у савецкі час эканоміка таксама была закрытая. Савецкі рубель выглядаў даволі моцным, але не было свабоднага руху рубля і замежных валютаў. Цяпер жорсткіх абмежаванняў няма, але сама сітуацыя справакавала арыентацыю на адну краіну, і ў выніку маем такі выгляд валютнага рынку.

Польская эканоміка якая была, такая і засталася. А вось у Беларусі ўмовы змяніліся, завяршае параўнанне адмыслоўца.

Фота: Belsat.eu

Што будзе з беларускім рублём?

Інфляцыя ў нашай краіне нашмат большая, чымся ў еўразоне і ЗША. Пры гэтым мы бачым моцны беларускі рубель адносна валютаў гэтых краінаў. Але ў выніку прывязкі да Расеі, акрамя моцнага курсу нацыянальнай валюты, мы атрымліваем і залежнасць ад Расеі, падкрэслівае Настасся Лузгіна:

«Залежым не толькі з пазіцыі гандлю, але і інвестыцыяў, крэдытаў. З улікам таго, у якім стане цяпер эканоміка Расеі, з улікам той жа мабілізацыі, якую распачалі ўлады краіны, з’яўляюцца дадатковыя негатыўныя тэндэнцыі. Паколькі адцягваюцца працоўныя рэсурсы, падае попыт і назіраецца адток кваліфікаваных кадраў за межы краіны. Усё гэта не цяпер, але праз некаторы час негатыўны паўплываць на эканоміку Расеі і адпаведна на вынікі эканамічнай супрацы з Беларуссю. Безумоўна, адлюструецца гэта не толькі на валютным рынку Беларусі, але на эканоміцы ў цэлым».

Беларусы прызвычаіліся глядзець на дынаміку курсу рубля адносна долара ЗША. У людзей на падставе гэтага складваецца ўражанне, што калі на валютным рынку ўсё добра, то і астатняе ў парадку. Дык вось: цяпер сітуацыя зусім адваротная. Так, на валютным рынку сітуацыя стабільная, нягледзячы нават на інфляцыю, падзенне рэальных заробкаў. Сітуацыя з курсам долара і еўра супакойвае людзей. Валютны ж рынак – толькі адзін з важных фактараў, што адлюстроўвае сітуацыю ў эканоміцы ў цэлым, нагадвае экспертка.

Аналітыка
Еўра каштуе ўжо менш за долар. Ці варта хвалявацца за еўразону і бегчы мяняць усё на долары?
2022.08.25 08:00

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў