«Украінцы могуць адпомсціць за Ілавайск». Расейскія вайскоўцы трапілі ў «кацёл» пад Ліманам


Пасля некалькіх тыдняў баёў ЗСУ акружылі расейскую групоўку пад Ліманам у Данецкай вобласці. Пакуль не зразумела, ці атрымаецца расейцам вырвацца з «катла», але ў любым выпадку гэта аперацыя стала сур’ёзным поспехам украінскага войска. Belsat.eu распавядае, што вядома пра бітву за Ліман.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы сядзяць на бронетранспарцёры на вызваленых тэрыторыях на ўсходзе Украіны. 29 верасня 2022 года.
Фота: Yasuyoshi Chiba / AFP / East News
Даведка

Ліман – важны апорны пункт расейскіх войскаў, які мае ключавое значэнне для ўчастку фронту на поўначы Данецкай і захадзе Луганскай вобласці. Атакаваць расейскія пазіцыі пад Ліманам, украінцы пачалі яшчэ да завяршэння балаклійскага прарыву і вызвалення Ізюму. У пачатку трэцяй дэкады верасня сітуацыя ў ваколіцах Ліману для Расеі істотна пагоршылася: украінцы ўзламалі расейскую абарону на флангах і пачалі абыходзіць горад з паўночнага захаду і поўднёвага ўсходу.

У адрозненні ад маланкавага ўдару пад Балакліяй, пад Ліманам ЗСУ сціскала абцугі паступова, таму пагроза акружэння не магла заспець расейскі бок знянацку. Пра пагрозу «катла» пад Ліманам Z-каналы адкрыта загаварылі яшчэ 22 верасня: некаторыя вайсковыя блогеры канстатавалі, што калі нічога не зрабіць, то «кацёл» для расейскай групоўкі «ўжо не за гарамі». Але спыніць украінскае наступленне расейцы не здолелі, а загаду адступіць камандаванне не дало, што ў выніку і прывяло да акружэння. Не выключана, што Масква ахвяравала ваеннай мэтазгоднасцю ў палітычных мэтах – там зусім не хацелі прызнаваць новую паразу напярэдадні афіцыйнага афармлення анексіі акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Праўда, ёсць і іншая версія, паводле якой гэта было вымушанае рашэнне ва ўмовах слабасці і дэзарганізаванасці расейскага фронту пасля буйной паразы на Харкаўшчыне. Паводле гэтай версіі, расейскае камандаванне свядома ахвяравала ліманскай групоўкай, каб скаваць ЗСУ баямі ў гэтым раёне, а самім тым часам сабраць рэзервы і падрыхтаваць новыя абарончыя рубяжы на Луганшчыне. Але разгубленая рэакцыя расейскіх вайсковых карэспандэнтаў і блогераў указвае на тое, што мэты выйграць час тут не ставілася. Падобна на тое, што ў выпадку гібелі ліманскай групоўкі абарончы патэнцыял расейскага войска на гэтым участку фронту будзе цалкам страчаны, а ці рыхтавалася наогул новая лінія абароны – невядома.

Так ці інакш акружэнне Лімана выглядала як «хроніка абвешчанай смерці». З кожным днём аналітыкі, журналісты і блогеры казалі пра гэтую пагрозу ўсё больш. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) 29 верасня анансаваў, што расейцаў чакае пад Ліманам акружэнне і параза. А ўжо 30 верасня аналітыкі ISW канстатавалі, што ЗСУ прарвалі расейскую абарону ў раёне сяла Стаўкі, перарэзалі дарогу Торскае-Дробыша, па якой забяспечвалася ліманская групоўка, і фактычна завяршылі акружэнне.

Мапа баявых дзеянняў паводле Інстытут вывучэння вайны. Крыніца: understandingwar.org

Што адбываецца пад Ліманам 

Трывожныя навіны з Ліману расейскія Z-каналы пачалі распаўсюджваць яшчэ ноччу. Расейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» паведаміў, што каля паўночы ЗСУ фактычна замкнулі Ліман у «кацёл». Ваенкар-прапагандыст Аляксандр Коц раніцай 30 верасня прызнаў, што абарона каля Дробышава прарваная, а таксама расейцам прыходзіцца адыходзіць з Ямполю. Сітуацыю ў ваколіцах Ліману ён назваў «крытычнай».

«Нашыя сілы пакінулі Дробышава і Ямпаль», – канстатаваў ваенкор ВГТРК Яўген Паддубны каля 10:00 і прызнаў, што абстаноўка на фронце «цяжкая». Паралельна «Рыбарь» паведаміў, што «кацёл» вакол Ліману цалкам замкнуўся. Дарога на Торскае (апошні шлях забеспячэння ліманскай групоўкі) знаходзіцца пад агнявым кантролем ЗСУ. Гэтую інфармацыю пацвердзілі і іншыя Z-каналы.

Телеграм-канал Vоенкор Котенок Z сцвярджаў, што ў Лімане расейскія вайскоўцы трымаюць кругавую абарону. «На дадзены момант Ліманскі абарончы рубеж звузіўся да адміністратыўных межаў самога горада», – дадае «Рыбарь». Канал таксама прызнаў, што для таго, каб выправіць катастрафічную сітуацыю, у бой былі кінутыя нядаўна мабілізаваныя расейцы. Аналітыкі ISW у сваю чаргу адзначаюць, што спроба заткнуць «дзіры» мабілізаванымі наўрад ці дапаможа.

Каля поўдня 30 верасня ўкраінскія медыі сталі распаўсюджваць відэа з вызваленага Ямполя, а таксама, імаверна, кадры ўцёкаў расейскіх вайскоўцаў з Ліману.

Каля 14:00. некаторыя Z-каналы паведамілі, што сітуацыя пад Ліманам яшчэ больш пагоршылася.

«Ліман ў акружэнні. Ніякіх высноў на Харкаўскім фронце пасля правалу зроблена не было. На Лімане праціўнік зноў не стаў ісці ў лоб. Абышоў горад і проста акружыў яго (нечакана праўда?) Вярхоўнаму неабходна асабіста звярнуць увагу на кампетэнтнасць камандавання на дадзеным участку фронту. Другі правал за месяц на адным і тым жа ўчастку», – абураўся расейскі канал «Zаписки Vетерана».

Мінабароны РФ сітуацыю вакол Ліману пакуль не каментуе. Але лідар групоўкі «ДНР» Дзяніс Пушылін пацвердзіў страту Ямполя і Дробышава. Ён адзначыў, што навіны з Ліману «трывожныя», алё поўнае акружэнне не прызнаў – заявіў толькі, што горад трапіў у «паўкальцо».

Хто трапіў у «кацёл»

Каля 14:00 украінскае камандаванне афіцыйна заявіла, што аперацыя па акружэнню расейскіх войскаў пад Ліманам знаходзіцца на этапе завяршэння. «Пад агнявым кантролем ЗСУ фактычна ўсе падыходы, лагістычныя шляхі праціўніка, па якіх ён дастаўляў боепрыпасы і жывую сілу», – канстатаваў прэс-сакратар усходняй групоўкі ЗСУ Сяргей Чараваты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Раней паведамлялася, што баі ў Лімане вядуць найміты атраду «Барс», байцы групоўкі «ЛНР» і падраздзяленні 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі РФ. Расейскае незалежнае выданне «Важные истории» піша, што ў акружэнні маглі аказацца больш за 5 тысяч вайскоўцаў.

Вайсковы эксперт і галоўны рэдактар украінскага выдання Цензор.НЕТ Юры Бутусаў паведамляе, што ў «катле» знаходзяцца галоўныя сілы 20-я арміі.

«Украінцы могуць адпомсціць за Ілавайск у шматразовым памеры», – напісаў ён у сваім Фэйсбуку. Нагадаем, пад Ілавайскам у жніўні 2014 года ўкраінская армія трапіла ў «кацёл» і панесла самую страшную паразу за ўсю вайну.

Бутусаў адзначае, што разгром расейцаў у ліманскім «катле» стаў непазбежны, Ліман неўзабаве падзе. Пытанне толькі ў маштабах паразы: цяпер ЗСУ трэба яшчэ прыкласці шмат намаганняў, каб расейцы не выскачылі з пасткі.

«Вялікіх стратаў у тэхніцы і ўзбраенні расейцам ужо не пазбегнуць, але важна не даць выскачыць з «катла» акружэнцам. Поўная ліквідацыя акружанай групоўкі, акрамя інфармацыйна-палітычнага эфекту, прывядзе да дзіркі ў расейскім фронце і зробіць немагчымым працяглае ўтрыманне акупантамі мяжы Сватава-Крэменная», – падкрэсліў ён.

Што далей

Сапраўды, як слушна заўважыў Бутусаў, параза акупацыйных войскаў пад Ліманам выглядае непазбежнай. Але застаецца пытанне, ці атрымаецца расейскаму камандаванню мінімізаваць свае страты і не дапусціць трапляння ў палон значных сілаў. Паводле звестак дэпутату Вярхоўнай Рады Юрыя Мысягіна, цяпер расейцы ў ліманскім «катле» фармуюць калону для прарыву і выхаду з акружэння.

У любым выпадку захоп Ліману адкрые ЗСУ аператыўны прастор да Сватава (Луганская вобласць), які з’яўляецца важным вузлом забеспячэння. Сватава знаходзіцца ў 54 км на паўночны ўсход ад Ліману. Некаторыя Z-каналы канстатуюць, што толькі там будзе магчымасць спыніць украінцаў, бо паміж Ліманам і Сватава адкрытая мясцовасць, без буйных гарадоў, а значыць абараняцца ў такіх умовах вельмі цяжка. Другі варыянт для ЗСУ – павярнуць не на поўнач, а на ўсход на Крэменную, каб потым выйсці да Севераданецку (гораду, які да 24 лютага 2022 году з’яўляўся адміністратыўным цэнтрам Луганскай вобласці).

Падзенне Ліману і выхад ЗСУ на аператыўны прастор у Луганскай вобласці мае таксама важнае сімвалічнае і палітычнае значэнне. Ліманскі «кацёл» супаў з цырымоніяй фармальнай анексіі Расеяй акупаваных тэрыторыяў. То бок замест дэманстрацыі імперскай велічы Крэмль дэманструе сваю няздольнасць адстаяць тэрыторыі, якія толькі што абвесціў расейскімі. Такі кантраст непазбежна адаб’еццца на маральным духу расейскага войска, які і без таго цяпер не вельмі высокі.

Аналітыка
Анексія, абвяшчэнне вайны, ядравы шантаж. Чаго чакаць пасля акупацыйных псеўдарэферэндумаў
2022.09.27 17:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў