У Беларусі новыя правілы адбывання адміністратыўнага арышту


Беларускае Міністэрства ўнутраных справаў зрабіла змены ў правілы ўнутранага распарадку ў месцах адбывання адміністратыўнага арышту. Адпаведная пастанова № 238 ад 14 верасня 2022 года з’явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 30 верасня.

ЦІП на Акрэсціна, Менск.
Фота: the-village.me

Цяпер, паводле новых правілаў, «на содні» можна браць з сабою пластыкавы кубак, а вось кішэннае люстэрка, наручны ці кішэнны гадзіннікі, электракіпяцільнік мець забаранілі.

Прадуктаў па-ранейшаму можна мець з сабой у камеры 5 кілаграмаў. Але цяпер «пералік харчоў можа быць абмежаваны паводле прадпісання санітарна-эпідэмічнай службы».

Зняволены можа мець не больш за пяць кніг, настольныя гульні, максімальна два фотаздымкі, шарыкавую асадку і стрыжні да яе, просты аловак.

Змяніліся правілы асабістага агляду пры паступленні на содні. Цяпер арыштаваным пры афармленні ў ізалятар будзе прапанавана цалкам распрануцца, агаліць адпаведныя ўчасткі цела. Пластырныя налепкі, гіпсавыя і іншыя павязкі будуць правярацца разам з медычным работнікам. Вельмі дэталёва апісваецца, як працаўнікі ізалятараў павінны аглядаць адзенне вязняў.

«Галаўныя ўборы, абутак, адзенне старанна праглядаюцца і прамацваюцца, асабліва заплаты, швы, каўнер, падкладка адзення. Пры выяўленні прадметаў, зашытых у адзенне, тканіна распорваецца. Абутак аглядаецца звонку і з сярэдзіны, правяраецца на згіне. Абутак з супінатарамі і металічнымі набойкамі вымаецца на часовае захоўванне. Пры неабходнасці робяцца захады дзеля забеспячэння адміністратыўна арыштаваных абуткам без супінатараў і металічных набоек (праз сваякоў)», – пішуць у абноўленых правілах.

Пастанова ўступае ў моц пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў