Ціханоўскую і Навальнага назвалі асноўнымі прэтэндэнтамі на Нобэлеўскую прэмію міру


Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская і расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны ўзначалілі шорт-ліст Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года. Пра гэта аб’явіў нарвежскі Інстытут даследавання праблемаў міру.

Мітынг «За нашу і вашу свабоду!» у падтрыманне Украіны адбыўся ў Вільні на кафедральнай плошчы, гэта ўжо 16-ая акцыя салідарнасці. На здымку – лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 26 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

На сайце нарвежскага Інстытуту даследавання праблемаў міру гаворыцца, што і Святлана Ціханоўская, і Аляксей Навальны жорстка крытыкуюць расейскае ўварванне ва Украіну.

«Нобэлеўская прэмія міру для іх будзе разглядацца як выразны выступ супраць расейскай агрэсіі і суагрэсіі Беларусі, а таксама як падтрыманне дэмакратычных і негвалтоўных альтэрнатываў Лукашэнку і Пуціну», – гаворыцца ў заяве.

Святлана Ціханоўская названая важнай асобай у мірным супрацьстаянні з рэжымам Лукашэнкі.

«Яна заклікала да справядлівых выбараў і спынення гвалту супраць дэманстрантаў, выступала за дэмакратычны і мірны пераход улады. Ціханоўская заслугоўвае прэміі за прасоўванне дэмакратычнай Беларусі», – падкрэсліваецца ў паведамленні.

Аляксей Навальны цяпер адбывае ў калоніі 9-гадовы тэрмін паводле абвінавачвання ў асабліва буйным махлярстве і ў непавазе да суда.

Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны падчас удзелу ў пасяджэнні Каўроўскага раённага суда 29 верасня 2022 года. Уладзімірская вобласць Расеі.
Фота: «Медыязона» / Telegram

Лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру абвесцяць 7 кастрычніка. Летась гэтую ўзнагароду атрымаў галоўны рэдактар расейскай «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў і філіпінская журналістка Марыя Рэса.

Hавiны
Расейскі журналіст Муратаў прадаў свой нобэлеўскі медаль за $ 103,5 млн
2022.06.21 09:29

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў