Расея можа запусціць ядравыя ракеты з Беларусі, каб не атрымаць адказ па сваёй тэрыторыі


У Варшаве 29-30 верасня праходзіла канферэнцыя «GenFree» Ініцыятывы трох мораў – форуму 12 краінаў усходняй паловы Еўразвязу. Канферэнцыю ладзілі, каб расказаць новаму пакаленню, што значыць свабода і як яе здабываць. Адзін з выступоўцаў расказаў пра небяспеку «саюзнай дзяржавы».

GenFree Conference 2022
Варшава, Польшча. 30 верасня 2022 года. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

На канферэнцыі ў якасці дэвізу ўжывалі словы папы Яна Паўла ІІ: «Свабода не даецца раз і назаўжды. Яе трэба ўвесь час набываць зноўку». Палітыкі, чыноўнікі і аналітыкі з розных краінаў Еўропы расказвалі пра важнасць палітычнай і эканамічнай свабоды, «руский мир» і расейскую агрэсію ва Украіне, колішнюю нерашучасць Захаду і цяперашнюю змену сусветнага парадку.

Наведнікамі былі актывісты, палітыкі і журналісты з розных куткоў Еўропы – мовай канферэнцыі была англійская, але ў кулуарах было чуваць ці не ўсе еўрапейскія мовы. Намеснік міністра замежных справаў Польшчы і ўпаўнаважаны ў справах Ініцыятывы трох мароў Павел Яблонскі заўважыў, што большасць у залі была народжаная ўжо ў вольных краінах.

«Нам трэба зрынуць дыктатуру Лукашэнкі»

Сярод выступоўцаў быў амерыканскі гісторык расейскага паходжання Юрый Фельштынскі, суаўтар вядомай кнігі «ФСБ взрывает Россию». Ягоны выступ меў загаловак «Расейская вайна ў Еўропе. Як яна працягнецца. Як яе скончыць».

«Пакаленнямі людзі пыталі адно і тое ж пытанне: што не так з Расеяй? На жаль, усё не так з Расеяй, – з гэтых словаў Фельштынскі пачаў выступ. – Расея ніколі не была дэмакратыяй: была манархіяй да 1917 года, была камуністычнай дыктатурай да 1991 года. Расея існавала толькі як імперыя».

Ён паказаў фота пратэстаў 1991 года ў Расеі і заўважыў, што за спінамі расейскіх дэмакратаў, у тым ліку прэзідэнта Барыса Ельцына, стаялі сілавікі. Вось справа ад Ельцына КДБ-шнік Аляксандр Каржакоў, які стаў целаахоўнікам Ельцына і затым начальнікам ягонай службы аховы, вось за ягонай спінай КДБ-шнік Віктар Золатаў, які цяпер камандуе Расгвардыяй…

GenFree Conference 2022
Гісторык Юрый Фельштынскі. Варшава, Польшча. 30 верасня 2022 года. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

На прыкладзе такіх здымкаў Фельштынскі прыйшоў да высновы: дэмакратыя ў Расеі не мела шанцаў, бо ўсё было прасякнутае КДБ, «дзясяткамі тысяч агентаў у грамадстве». Паводле яго, у 1999 годзе, калі пачалася Другая чачэнская вайна, дэмакратыя ў Расеі памерла, краіна аказалася пад кантролем высокапастаўленых КДБ-істаў, а над ФСБ (новая назва КДБ у Расеі) не было палітычнага кантролю. Ельцын выбіраў пераемніка між ФСБ-шнікам, экс-кіраўніком вонкавай выведкі і экс-кіраўніком контрвыведкі – выбраў ФСБ-шніка. Той застаецца ва ўладзе ўжо 22 гады, расставіў на шматлікія пасады сілавікоў – і Расея стала «першай у гісторыі дзяржавай пад кантролем дзяржбяспекі».

Цяпер Уладзімір Пуцін не можа прызнаць паразу ў вайне ва Украіне ад «маленькай усходнееўрапейскай краіны», мяркуе Фельштынскі, і гатовы ваяваць да апошняга ўкраінскага салдата, а таксама не адрынае ідэю анексіі іншых тэрыторыяў. Наўрад ці кожны расеец падтрымлівае гэтую вайну, але праціўнікі вайны не стануць значнай сілай у барацьбе з Пуціным, як немцы не сталі ў барацьбе з Гітлерам. Але Украіна не прайграе гэтую вайну, бо мае баявы дух і заходнюю дапамогу.

Аналітыка
«Эскалацыя ваенных дзеянняў непазбежная». Эксперты прагназуюць, чаго чакаць пасля заяваў Пуціна
2022.09.30 19:11

Фельштынскі разважае: што застаецца Пуціну? Зіма блізка ў простым і пераносным сэнсе, Пуцін хутчэй за ўсё спыніць пастаўкі газу ў Еўропу, але гэтага будзе мала. Звыклай арміі ў яго практычна не засталося. Падобна, ён выбірае між двума ядравымі опцыямі эскалацыі: сабатажам на Запарожскай АЭС на акупаванай тэрыторыі Украіны альбо перадачай Беларусі ядравай зброі і ядравым ударам па Украіне з тэрыторыі Беларусі, каб адказам на гэта быў удар не па тэрыторыі Расеі, а па іншай краіне. Ды і біць ядравай зброяй па Беларусі складана: краіна не такая вялікая, побач – дзяржавы Еўразвязу, на якія можа распаўсюдзіцца радыяцыя. Таму Пуцін і не анексаваў Беларусь, хоць мае магчымасць.

«Мы мусім пачаць звяртаць увагу на Беларусь, – заклікаў Фельштынскі. – Канешне, Аляксандр Лукашэнка – класічны дыктатар, у адрозненне ад Пуціна, які не дыктатар, а прадстаўнік сістэмы ФСБ, якая кіруе краінай. Я думаю, вырваць Беларусь з-пад кантролю Пуціна будзе разумным ходам і важным з гледзішча бяспекі».

«Калі мы хочам пазбегнуць ядравай канфрантацыі з Беларуссю, трэба сканцэнтравацца на вяртанні Беларусі ў еўрапейскую арбіту. Нам трэба зрынуць дыктатуру Лукашэнкі. Нам трэба раздзяліць саюз Беларусі і Расеі», – такую выснову зрабіў Фельштынскі.

Вайна ва Украіне скончыцца паразай Расеі, пытанне толькі ў тым, калі і якой цаной адбудзецца тая параза, перакананы ён. Умовамі міру мусяць быць спыненне ваеннай актыўнасці Расеі ва Украіне, адвод войскаў (ці таго, што ад іх застанецца), выплаты рэпарацыяў, вяртанне Расеі да даваенных межаў, вывад расейскіх войскаў з Прыднястроўя, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, перадача Чарнаморскага флоту Украіне, дэмілітарызацыя Калінінградскай вобласці, суд над ваеннымі злачынцамі і асабіста Пуціным у Гаазе, роспуск ФСБ і забарона на ейнае аднаўленне пад новай абрэвіятурай.

Ядравыя ўдары не выключаныя, бо Пуцін загнаны ў кут

Проста падчас канферэнцыі ў Расеі Пуцін праводзіў цырымонію анексіі чатырох вобласцяў Украіны, а Украіна падала заяўку на паскоранае далучэнне да NATO. На канферэнцыі выступіў дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны, заснавальнік сайта «Міратворац» Антон Герашчанка.

Даведка
Антон Герашчанка. Канферэнцыя «GenFree» Ініцыятывы трох мораў. Варшава, Польшча. 30 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Як Захад мусіць адказаць на ядравыя пагрозы Расеі і што казаць тым еўрапейскім палітыкам і простым грамадзянам, якія баяцца атамнай бомбы Пуціна? На гэтае пытанне «Белсату» Герашчанка адказаў:

«Найлепшым рашэннем было бы прыняць Украіну ў NATO проста зараз і паказаць, што цывілізаваныя краіны абароняць дэмакратыю і свабоду, а не дазволяць тырану здзекавацца з нашай краіны».

Ён нагадаў, што Украіна добраахвотна адмовілася ад ядравай зброі ў 1994 годзе (так жа зрабіла і Беларусь). Тады Вялікая Брытанія, Злучаныя Штаты і Расея давалі Украіне гарантыі бяспекі, у тым ліку гарантыю ненападу і неўжывання гвалту супраць тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама гарантыю неадкладнай дапамогі ў выпадку пагрозы ядравай зброяй…

Але цяпер Расея напала на Украіну, анексавала ейныя тэрыторыі і страляе па Украіне ў тым ліку савецкімі ракетамі і самалётамі, якія Украіна добраахвотна аддала Расеі.

«Заходнія дэмакратыі павінны разумець, што Пуцін – гэта Гітлер», – заявіў Герашчанка.

Цяпер, казаў ён, той самы момант, калі трэба зразумець, што нельга даць тыраніі перамагчы. Калі Пуцін застанецца беспакараным, Кітай можа атакаваць Тайвань, Паўночная Карэя – «вырашыць пытанне» з Паўднёвай, «свет ператворыцца ў поле для ядравых войнаў». Таму заходнія краіны мусяць вырашыць, ці будуць чакаць, чым скончыцца крызіс і дапамагаць пакрыху, або аказваць паўнавартасную дапамогу.

Што яшчэ казалі на канферэнцыі Ініцыятывы трох марэй

У большасці выступаў гледачы «Белсату» наўрад ці пачулі б для сябе шмат новага. Аднак гэта казалі не беларускія, расейскія ці ўкраінскія эксперты, а заходнія. І некалькі з іх згадвалі, як іх лічылі алармістамі, калі яны раней казалі пра расейскі імперыялізм ці пагрозу газавай залежнасці ад Расеі. Выйшла, што «алармісты» адгадалі.

Першы віцэ-прэзідэнт праўлення Банку нацыянальнай гаспадаркі Польшчы Павел Нерада расказаў, як здабыванне эканамічнай свабоды ўкраінцамі магло стаць адным з фактараў нападу Расеі. Ва Украіне вялізныя багацці мелі алігархі, але ўкраінцы пачыналі самі зарабляць грошы, будаваць сваё грамадства – Пуцін хацеў спыніць гэта, пакуль не стала зусім позна, ды спазніўся.

Даведка
Станіслаў Жарын. Канферэнцыя «GenFree» Ініцыятывы трох мораў. Варшава, Польшча. 30 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Дзяржаўны сакратар канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Станіслаў Жарын расказаў пра выкарыстанне Расеяй дэзынфармацыі на ўсіх узроўнях і «хлусню як метад працы Расеі ў вонкавай палітыцы». Паводле яго, Расея атакавала Польшчу ў інфармацыйнай прасторы праз аперацыі супраць польска-ўкраінскіх і польска-амерыканскіх стасункаў, у сферы ўспрымання вайны ва Украіне, у маніпуляванні іміджам Расеі, праз фальсіфікацыю гісторыі і застрашванне грамадства.

Брытанскі журналіст Тым Маршал, аўтар вядомай кнігі «Вязні геаграфіі», расказаў, як прадказвае войны на падставе асаблівасцяў рэльефу, у прыватнасці – аб сувязі расейскіх тэрытарыяльных амбіцыяў з Еўрапейскай раўнінай. Таксама ён разважаў пра «дыстанцыю свабоды»: цяжка пераканаць Мадрыд ці Лісабон, што ім трэба дапамагаць у вайне за незалежнасць Украіны. Маршал звярнуў увагу на Сувалкаўскі калідор (між Беларуссю, Польшчай, Літвой і Калінінградскай вобласцю Расеі) як на магчымы будучы гарачы пункт – патэнцыйнае месца атакі Расеі на Еўразвяз. На той жа мапе ён паказаў важнасць Беларусі для Расеі: тут між Дзвіной і Дняпром – «Смаленская брама». На ягоную думку, найлепшы сцэнар для Еўропы цяпер – не простая параза Расеі ў вайне, а выгнанне Расеі з тэрыторыі Украіны, прыход да ўлады ў Расеі кагосьці здольнага на перамовы і такая дамоўленасць, каб Расея «адчувала сябе камфортнай у сваіх межах».

Тым Маршал і мапа Сувалкаўскага калідору і «Смаленскай брамы». Канферэнцыя «GenFree» Ініцыятывы трох мораў. Варшава, Польшча. 30 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Рэдактар аддзелу палітыкі нямецкага выдання «Bild» Юліян Ропке згадаў, як нямецкі канцлер Оляф Шольц за тыдзень да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне думаў, што Пуцін блефуе, а кіраўнік нямецкай выведкі прыляцеў ва Украіну за некалькі дзён да 24 лютага і ў выніку пакінуў ва Украіне свой самалёт, а ўцякаў наземным маршрутам. Нямеччына не верыла ў ваеннае рашэнне і ўспрымала сябе як медыятараў, цярпела ад расейскага ўплыву. У Нямеччыне пакуль яшчэ гучыць мантра пра «ніякіх заходніх танкаў і БМП ва Украіне», але Ропкі кажа, Расея «ператварае галубоў міру ў ястрабаў».

Старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі і былы старэйшы рэдактар «The Economist» Эдвард Лукас згадаў, як Еўропа думала, што расейскі імперыялізм скончыўся з Савецкім Саюзам і глядзела на Расею як на «яшчэ адну Польшчу, толькі вялікую», але не пытала цяжкіх пытанняў і не разумела глыбіні пачуццяў расейцаў да «вялікага мінулага». Не было разумення, што праблемы Расеі «былі да Пуціна і будуць пасля Пуціна». Затое на стасунках з Расеяй можна было зарабіць шмат грошай. Памылкі былі вынікам 30 гадоў неразумення Расеі, цана памылак – дзясяткі тысяч жыццяў. Цяпер жа трэба не памыліцца адносна Кітаю: Лукас лічыць яго значна больш сур’ёзнай пагрозай за Расею, бо Кітай значна больш інтэграваны ў сусветную эканоміку.

GenFree Conference 2022
Гісторык Мікалай Іваноў. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

Прафесар Мікалай Іваноў, былы рэдактар і вядоўца «Радыё Свабода», зрабіў экскурс у гісторыю і ідэі «русского мира», карані якога адсачыў ад «славянафільства» часоў царызму. Ён пакінуў аўдыторыі пытанне: ці трэба прызнаць «русский мир» злачыннай ідэалогіяй?

Дырэктарка Аўстрыйскага інстытуту еўрапейскай палітыкі і палітыкі бяспекі Веліна Чакарова апісала, як праз вайну ва Украіне мяняецца глабальная сістэма і як можа пачацца Другая халодная вайна і новая бітва дэмакратыі і і аўтарытарызму – але не між Захадам і Расеяй, а між ЗША і Кітаем як цэнтрамі моцы.

GenFree Conference 2022
Веліна Чакарава (Velina Tchakarova). Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

Эстонскі дэпутат Марка Міхельсон, старшыня камітэту замежных справаў парламенту Эстоніі, расказаў сваю біяграфію: як пабачыў эстонскі рух за незалежнасць у канцы 1980-х, як адзначалі Дзень незалежнасці ў 1989-м, як народы Літвы, Латвіі і Эстоніі зладзілі «Балтыйскі шлях», як вывучалі гісторыю эстонскай вайны за незалежнасць у 1920-х і адкопвалі помнік героям гэтай вайны, як ён пабываў у якасці журналіста ў Маскве падчас канстытуцыйнага крызісу 1993 года, а затым на вайне ў Чачэніі, што бачыў на Еўрамайдане ва Украіне… Ён назваў гэта падарожжам да разумення, што такое свабода».

Пасля асабістых выступаў былі дзве дыскусіі: пра энергетычную бяспеку Польшчы і пра ролю медыяў у змаганні за свабоду. У журналісцкай дыскусіі браў удзел былы рэдактар «Nexta» Тадэвуш Гічан – адзіны прадстаўнік Беларусі на канферэнцыі.

Разбор
Бачу навіны пра пагрозу ядравай вайны. Што зрабіць проста зараз, каб падрыхтавацца?
2022.09.30 10:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў