Новыя санкцыі, пенсіі, ПДР, план «Перамога» і Дзень бацькі. Што чакае беларусаў у кастрычніку


У сувязі з набліжэннем кастрычніка карэспандэнты «Белсату» сабралі асноўныя змены, якія чакаюць грамадзян і жыхароў Беларусі ў новым месяцы 2022 года.

Былы дырэктар інфармагенцыі БелаПАН Дзмітрый Наважылаў.
Фота: Белсат

3 кастрычніка павінен аднавіцца суд па «справе БелаПАН». Працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Па справе праходзяць галоўны рэдактар і дырэктарка навінавага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына, былы дырэктар Дзмітрый Наважылаў, журналіст Андрэй Аляксандраў з жонкай Ірынай Злобінай. Іх абвінавачваюць у аплаце штрафаў і паслуг адвакатаў пратэстоўцам, размяшчэнні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Новыя ўзаемныя санкцыі

Кіраўнікі МЗС краін ЕС праз мабілізацыю ў Расеі і «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны дамовіліся ў кастрычніку ўвесці новы пакет санкцый у дачыненні да РФ. У яго могуць увайсці абмежаванне коштаў нафты, захады ў дачыненні да ІТ, кібербяспекі і праграмнага забеспячэння. Польшча і краіны Балтыі выступаюць за тое, каб санкцыі закранулі і Беларусь.

Аналітыка
«Тут і без санкцыяў усё дрэнна». Еўразвяз можа ўвесці абмежаванні супраць ІТ-сектару Беларусі. Чаго і каму варта баяцца?
2022.09.27 07:30

У Літве з 1 кастрычніка на два гады забаранілі трансляцыю беларускіх і расейскіх дзяржканалаў. Латвія ж з 10 кастрычніка прыпыніць дзеянне пагадненняў з Беларуссю аб спрашчэнні ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый, аб узаемнай дапамозе ў мытных справах і аб паветраных зносінах. А МЗС Беларусі за дапамогу ў арганізацыі выступаў Святланы Ціханоўскай вырашыў скараціць з 1 кастрычніка штат амбасады Эстоніі ў Менску да двух чалавек. Аналагічным чынам ён скароціць сваю прысутнасць у Эстоніі.

Падрыхтоўка плана «Перамога»

Аб’яднаны пераходны кабінет павінен да 5 кастрычніка прадставіць даклад аб гатоўнасці і тэрмінах рэалізацыі плана мабілізацыі «Перамога» і плана падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў, у тым ліку ва Украіне. Даручана накіраваць інструкцыі пры запуску плана «Перамога» дзяржслужачым, гатовым падтрымаць дэмакратычныя змены ў Беларусі. Таксама неабходна прадставіць план забеспячэння практычных крокаў міжнароднай супольнасці па абароне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і аднаўленні суверэнітэту Беларусі і падрыхтаваць прапановы аб пераглядзе дагаворна-прававой базы адносін з Расеяй.

Назапашвальная пенсія

З 1 кастрычніка запрацуе новы механізм добраахвотных накапляльных пенсій. Грамадзянін, які працуе, якому да пенсійнага ўзросту застаецца больш за тры гады, можа заключыць са «Стравитой» дагавор назапашвальнага страхавання пенсіі ў памеры ад 1% да 10% штомесячных адлічэнняў з заробку. Яго працадаўца будзе таксама адлічваць суразмерны ўнёсак, але не больш за 3% заробку работніка. Непрацуючыя, самазанятыя, ІП, адвакаты, натарыусы і работнікі прадпрыемстваў-банкрутаў ўдзельнічаць у праграме не могуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пенсіянеры размаўляюць каля пад’езда ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Страхаванне дадатковай пенсіі прадугледжана толькі ў рублях. Унёскі будуць назапашвацца на імянным асабовым рахунку з прыбытковасцю ў памеры стаўкі рэфінансавання Нацбанка. Але забраць іх можна толькі пасля наступлення пенсійнага ўзросту: 63 гады – для мужчын і 58 гадоў – для жанчын. Выплачваць грошы будуць штомесяц на працягу 5 або 10 гадоў (на выбар работніка). Магчыма таксама ўспадкоўванне назапашвальнай пенсіі.

Новыя ПДР

27 кастрычніка ўступяць у сілу змяненні ў правілы дарожнага руху. Па-за населенымі пунктамі можна будзе ездзіць з хуткасцю не больш за 120 км/г, а для аўтобусаў – не вышэй за 100 км/г. Таксама ўводзіцца дарожны знак «Зона з абмежаваннем максімальнай хуткасці руху», які абмяжоўвае хуткасць да 30 км/г. А электрамабілям дазволяць ездзіць па паласе грамадскага транспарту.

Ездзіць на электрасамакатах, гіраскутэрах, монаколах, сігвеях можна будзе з хуткасцю не вышэй за 25 км/г. Выкарыстоўваць такія сродкі можна толькі з 14 гадоў. Таксама забараняецца перавозіць нецвярозых пасажыраў на матацыкле (акрамя бакавога прычэпа да яго) і мапедзе. Указ абавязвае кіроўцаў з 25 мая па 5 чэрвеня і з 25 жніўня па 5 верасня днём ўключаць бліжняе святло фар. Веласіпедыстаў жа па-за населенымі пунктамі ў цёмны час сутак абавяжуць насіць святлоадбівальныя элементы, але дазволяць не спешвацца пры перасячэнні дарогі.

Даражэюць цыгарэты

З 1 кастрычніка на 5 капеяк павышаюць кошты некаторых цыгарэт марак «Корона» і «Форт», на 10 капеяк – NZ, Matrix, «Корона», Kalipso Gold, на 15 капеяк – «Магнат», «Минск», «Премьер», «Фэст», Credo, NZ, Portal, Pall Mall, Kent, Vogue, Rothmans, Kalipso, LD, Monte Carlo, Camel, Winston, Richmond, Sobranie, Dove і Red Bor. Некаторыя цыгарэты Kent, MAR, Monte, Pall Mall, Camel, Winston, Richmond і Sobranie падаражэюць на 20 капеяк, а Rothmans of London Silver стануць даражэйшымі на 60.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія цыгарэты.
Фота: Белсат

Новыя функцыі Мінсувязі

У кастрычніку Міністэрства сувязі і інфарматызацыі атрымае дадатковыя паўнамоцтвы ў частцы кіравання працэсамі лічбавага развіцця, лічбавай трансфармацыі сістэмы дзяржкіравання і эканомікі. Для гэтага ствараюцца цэнтр лічбавага развіцця і Цэнтр перспектыўных даследаванняў у сферы лічбавага развіцця, пашыраюцца і механізмы фінансавай падтрымкі лічбавага развіцця, спрашчаюцца працэсы заключэння і рэалізацыі дагавораў.

Бяспошлінны ўвоз падоўжаны

У ЕАЭС з 1 кастрычніка да 1 красавіка 2023 года працягнулі дзеянне бязмытнага ўвозу тавараў для фізічных асоб памерам у 1000 еўра. Таксама да 31 сакавіка 2023 года падоўжаны тэрмін дзеяння нулявых ставак увазных мытных пошлін і тарыфных ільгот у дачыненні да тавараў крытычнага імпарту. Гэта тычыцца фармацэўтычнай і хімічнай прадукцыі, лакаў, фарбавальнікаў, сродкаў апрацоўкі тэкстылю і скуры, клеяў, крахмалаў, пластмас, гумы, цэлюлозы, воўны, бавоўны, лёну, хімічных нітак, пражы і валокнаў, лекаў, медыцынскага абсталявання і рэагентаў для лабараторый.

Вакцынацыя ад грыпу

1 кастрычніка пачнецца вакцынацыя супраць грыпу. Рабіць гэта будуць вакцынамі «Гриппол плюс» (Расея) і «ВаксигрипТетра» (Францыя). Міністэрства аховы здароўя дапускае прымяненне ў адзін дзень вакцын супраць грыпу і COVID-19 (акрамя жывых вакцын).

А да канца кастрычніка павінны ўвесці ў эксплуатацыю сімуляцыйны цэнтр Беларускай медычнай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА). Цэнтр прафесійнага развіцця лекараў-спецыялістаў плануюць стварыць па 9 напрамках: па акушэрстве, тэрапіі, хірургіі, хуткай дапамозе і іншых спецыяльнасцях.

поликлиника, здоровье, болезни, простуда, Минск
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Раённая паліклініка №19 у Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Новае свята, але без атракцыёнаў

21 кастрычніка ў Беларусі будуць адзначаць новае свята, якое ўстанавіў Аляксандр Лукашэнка. Яно прымеркавана да Дня маці, які адзначаецца 14 кастрычніка, а паміж імі збіраюцца праводзіць бацькоўскі тыдзень. Але магчымасці адсвяткаваць сям’ёй гэты тыдзень скароцяцца, паколькі ўжо 2 кастрычніка ў парках Мінска завершыцца сезон працы атракцыёнаў.

Затое 2 кастрычніка ў польскім Кракаве запланаваная Жывая прэзентацыя кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» ад журналіста газеты Rzeczpospolita і калумніста «Белсата» Руслана Шошына. Гэта першая кніга пра Святлану Ціханоўскую і пра падзеі апошніх дзесяцігоддзяў у Беларусі.

Адабранне зброі

МУС 3-7 кастрычніка ў межах аперацыі «Арсенал» праверыць умовы і законнасць захоўвання зброі і боепрыпасаў, выкананне тэрмінаў падаўжэння дзеяння дазволу на яго захоўванне і нашэнне. Калі знойдуць парушэнні або супрацьпаказанні да валодання, то зброю канфіскуюць, а ўладальніка прыцягнуць да адказнасці. У міліцыі абяцаюць вызваліць ад адказнасці тых, хто добраахвотна здасць незарэгістраваную зброю.

Нацбанк рыхтуе змены

Па 10 кастрычніка на прававым форуме Беларусі працягнецца грамадскае абмеркаванне праекта пастановы Нацбанка, які зацвярджае Інструкцыю аб парадку аказання плацёжных паслуг. Дакумент вызначае агульныя патрабаванні да пастаўшчыкоў плацежных паслуг і асаблівасці іх аказання ў залежнасці ад выгляду аплатнай паслугі, правілы раскрыцця інфармацыі аб умовах аказання плацёжных паслуг і патрабаванні да плацёжных паслуг. Таксама вызначаюцца патрабаванні да выдачы наяўных арганізацыяй гандлю (сэрвісу) праз касы.

Технобанк, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі стаяць у чарзе ў пункце абмену валюты ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Самалёты паляцяць?

Авіякампанія FlyDubai збіраецца аднавіць палёты ў Менск з 21 кастрычніка. Чакаецца, што рэйсы Дубай-Менск-Дубай будуць штодзённымі. Таксама 1 кастрычніка авіякампанія Turkmenistan Airlines плануе прыступіць да палётаў у Мінск. Рэйсы будуць праходзіць па суботах па маршруце Ашхабад-Мінск-Туркменабад.

З-за рамонту на чыгунцы 11, 12, 25 і 26 кастрычніка адмяняюцца цягнікі №742/741 Менск – Магілёў і №879/880 Магілёў – Салігорск, а 11, 12 і 13 кастрычніка – цягнікі № 869/870 Менск – Полацк – Мінск. Таксама шэраг цягнікоў будуць хадзіць са змененым раскладам і маршрутам.

2 кастрычніка абяцаюць завяршыць рамонт у пункце пропуску «Беняконі» на мяжы з Літвой, а 30 кастрычніка – «Грыгараўшчына» на мяжы з Латвіяй.

Змены ў паляванні і жывёлагадоўлі

З 1 кастрычніка ўступяць у сілу змяненні парадку палявання на дзіка. Скасоўваюцца выплаты паляўнічаму, які здабыў дзіка, але прадугледжана выкарыстанне прадукцыі палявання. Плата за дазвол на здабычу дзіка з паляўнічага складзе адну–дзве базавыя велічыні. Прадукцыя палявання на дзіка падлягае абавязковаму ветэрынарнаму кантролю. Яе вываз з Беларусі забаронены.

Акрамя таго, з 27 кастрычніка змяняецца закон «Аб племянной справе ў жывёлагадоўлі». А ў сярэдніх спецыяльных установах адукацыі з 1 кастрычніка па 30 лістапада будуць прымаць дакументы на «завочныя» сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў