Назапасіць на старасць: як беларусу на пенсіі не застацца за рысаю беднасці?


1 кастрычніка ў Беларусі плануюць запусціць чарговую пенсійную рэформу. Сутнасць яе ў тым, што работнікі змогуць пералічваць частку заробку на «другую», дадатковую пенсію, а наймальнікі ў абавязковым парадку мусяць накінуць зверху да гэтай сумы да 3 %. Паводле задумы чыноўнікаў, новаўвядзенне дазволіць вырашыць шэраг пенсійных праблемаў. Аднак эксперты лічаць, што момант абраны няўдала і праблемаў з пенсійнаю сістэмай новаўвядзенне не вырашыць, прынамсі ў бліжэйшай перспектыве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Што новага хочуць увесці ў кастрычніку

Пенсійная сістэма Беларусі была перанятая з СССР і доўгі час не праходзіла структурных рэформаў. Да гэтага часу амаль усе пенсіі выплачваюцца ў рамках размеркавальнай пенсійнай сістэмы, г. зн. фінансуюцца коштам бягучых узносаў працоўных, а таксама субвенцыяў, што выдзяляюцца з дзяржаўнага бюджэту.

Такая сістэма добра працуе, калі насельніцтва маладое і павялічваецца, а таксама ва ўмовах хуткага эканамічнага росту, аднак дае збой пры старэнні насельніцтва, запавольванні дзелавой актыўнасці і дэфіцыце бюджэту, а гэта якраз фактары, актуальныя для Беларусі. На гэты момант большасць працадаўцаў пералічваюць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) 34 % ад заробку працаўніка, з якіх 29 % ідуць на пенсійнае страхаванне. Работнік у сваю чаргу выплачвае ў ФСАН 1 % ад сваёй зарплаты.

З 1 кастрычніка беларусы, якія маюць афіцыйную працу, змогуць адкладаць на дадатковую назапашвальную пенсію. На жаданне працаўніка можна будзе аплачваць асаблівы страхавы ўзнос, які складзе да 10 % ад ягонай зарплаты. Працадаўца павінен будзе дадаць такі ж адсотак у будучую пенсію, але не больш за 3 %.

Іншымі словамі, калі работнік вырашыць пералічваць 1 % ад заробку, то наймальнік павінен унесці таксама 1 %. Калі ж супрацоўнік захоча адкладаць 4 % і больш, то працадаўца перавядзе толькі максімальныя 3 %. Пры дасягненні пенсійнага ўзросту работніка страхаўнік будзе штомесяц выплачваць яму дадатковую назапашвальную пенсію на працягу 5 або 10 гадоў (на выбар грамадзяніна). Яшчэ прывабна гучыць пункт, у якім «прадугледжваецца магчымасць атрымання ў спадчыну назапашвальнай пенсіі». Як гэта будзе выглядаць на справе – пакуль не зразумела.

Уступіць у такую праграму можна не менш як за 3 гады да дасягнення пенсійнага ўзросту (цяпер ён складае 58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчынаў). Чыноўнікі абяцаюць абараніць унёскі ад інфляцыі. Дзеля гэтага грошы хочуць размяшчаць у дэпазіты і каштоўныя паперы.

Што не так?

Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтру BEROC Кацярына Барнукова ў каментары «Белсату» адзначае: падобная ініцыятыва патрэбная, але не своечасовая і праблемы як такой не вырашае.

«Трэба разумець, што асноўная прывабнасць новаўвядзення ў тым, што ўзносы да 3 % дублююцца. Канечне, гэта стварае стымул карыстацца гэтай схемай. Але шмат хто не будзе ёй карыстацца – праз неразуменне, як гэта працуе. Мяркую, ёй будзе карыстацца ўсяго 5–10 %. У асноўным гэта будзе прывабна для людзей, якім да пенсіі засталося 5–10 гадоў. То бок сёння чалавек аддае 3 %, а праз 5 гадоў ягоная пенсія будзе на 50–100 рублёў больш. Але на макраўзроўні праблема старэння насельніцтва і дэфіцыту бюджэту Фонду сацыяльнага развіцця гэта не вырашыць», – кажа экспертка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле яе, падобная ініцыятыва добрая ў тым плане, што гэта першы, вельмі важны крок да назапашвальных пенсіяў.

«У нас няма культуры доўгатэрміновых назапашванняў, і гэта шмат для каго можа стаць першым крокам у гэтым кірунку. Людзі, адчуўшы паспяховасць падобнага метаду, задумаліся б пра іншыя варыянты пенсійных назапашванняў. Але каб стварыць такую культуру, патрэбны час. Людзі ў Мінфіне разумеюць, што сітуацыю з пенсійнай сістэмаю трэба вырашаць. Але тут уступаюць у сілу інстытуцыйныя абмежаванні. Пенсійныя грошы ўкладаюцца ўнутры краіны, то бок парушаецца правіла № 1 усіх назапашвальных пенсійных сістэмаў свету: ад сваіх краінавых рызыкаў трэба максімальна адыходзіць. Каб не здарылася сітуацыя, што эканоміка агулам прасела, і ў пенсійным фондзе грошай няма, бо тыя каштоўныя паперы, у якія ўклаўся чалавек, упалі з-за крызісу.

Грошы ўкладаюцца ў аблігацыі Банку развіцця. На прамежку 5–10 гадоў я не здзіўлюся, калі мы пабачым дэфолт гэтага самага банку ў аблігацыях, нягледзячы на дзяржаўныя гарантыі. Дзяржаўны дэфолт у еўрааблігацыях мы ўжо назіраем. Пакуль тэхнічны, але тым, хто не атрымаў за іх грошай, усё роўна, які гэта дэфолт. Тут мы можам сутыкнуцца з падобнай сітуацыяй», – разважае Кацярына Барнукова.

Даведка
Кацярына Барнукова
Кацярына Барнукова.
Фота: Белсат

Яна адзначае яшчэ адзін важны момант: на фоне вайны і санкцыяў Беларусь застаецца ў сітуацыі велізарнай нявызначанасці на ўсіх узроўнях. Краіна ўваходзіць у глыбокі эканамічны крызіс – расце інфляцыя, зніжаюцца рэальныя даходы насельніцтва, чакаецца павелічэнне беспрацоўя. Жаданне людзей у такіх умовах укладаць грошы ў назапашвальную пенсійную сістэму будзе на вельмі нізкім узроўні. А больш укладаць і няма куды.

«Згодна з дэмаграфічнымі даследаваннямі, беларуская пенсійная сістэма ўжо ў дэфіцыце, бо насельніцтва старэе. Яно будзе старэць яшчэ больш, плюс вялізная частка актыўнага працаздольнага насельніцтва з’язджае з Беларусі [толькі за апошнія два гады з краіны, паводле розных ацэнак, маглі зʼехаць не менш за 200 тысяч чалавек. – Аўт.] Складаецца сітуацыя, калі ў краіне імкліва змяншаецца колькасць людзей, якія могуць плаціць узносы ў ФСАН, і адначасова павялічваецца колькасць людзей, якія хочуць атрымліваць пенсіі. Калі ў нас змяншаюцца даходы, растуць расходы, павялічваецца дэфіцыт, яго трэба фінансаваць. Пакуль яго фінансавалі з асноўнага бюджэту, але і ён пачынае адчуваць праблемы, цяпер інфармацыю аб ім наогул засакрэцілі. Хутчэй за ўсё, там будуць вельмі сур’ёзныя лічбы. Таму паўстае пытанне ў доўгатэрміновай перспектыве: што мы будзем рабіць?» – адзначае эксперт.

Паводле Барнуковай, назапашвальная сістэма не ёсць панацэяй. Каб яна нармальна працавала сёння, трэба было яе ўводзіць 20 гадоў таму. Цяпер яе безумоўна варта ўводзіць, але трэба разумець, што вынік яна дасць не імгненна, а спачатку нават створыць пэўныя цяжкасці: дзяржава неяк мусіць дубляваць гэтыя 3 % узносаў.

«Схема з 3 % някепская, але трэба разумець рызыкі: назапашванні могуць згарэць разам з аблігацыямі Банку развіцця. Назапашвальныя сістэмы, якія прапаноўваюць страхавыя кампаніі, таксама прывязаныя да беларускіх каштоўных папераў, то бок краінавая рызыка застаецца актуальнай. Трэба разумець, што беларуская банкаўская сістэма ў нейкі момант можа быць адрэзаная ад свету», – падкрэслівае Кацярына Барнукова.

Што рабіць беларусам у такой сітуацыі?

На думку нашай суразмоўцы, хутчэй за ўсё будзе і далей павышацца пенсійны ўзрост. Нагадаем, пенсійны ўзрост мужчынаў – 63 гады, а сярэдняя працягласць жыцця, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя на 2020 год, – 64 гады. Пенсійны ўзрост жанчын – 58 гадоў.

«Вядома, было б добра, каб рашэнні аб павышэнні пенсійнага ўзросту былі вядомыя загадзя, каб людзі маглі нешта для сябе разлічыць. Аднак сёння 45- і 50-гадовы чалавек не можа быць перакананы, што ён выйдзе на пенсію праз пэўную колькасць гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сёння ва ўмовах санкцыяў добрых варыянтаў застаецца ўсё менш, і яны звязаныя з вялікімі складанасцямі. Калі яшчэ год таму можна было адкрыць ад 500 долараў брокерскі рахунак у «Альфа Банку» і пачынаць укладаць грошы ў міжнародныя акцыі, то цяпер гэты варыянт магчымы толькі праз пасярэднікаў – напрыклад, якіх-небудзь казахскіх брокераў.

Спосабаў зберагаць і назапашваць сабе на пенсію ў беларусаў не так і шмат, але яны ёсць. Ёсць стандартныя механізмы, пачынаючы ад дэпазітаў і заканчваючы ўкладаннямі ў нерухомасць, – якія, праўда, даступныя не ўсім, і ў сітуацыі эканамічнай нявызначанасці і вайны не вельмі зразумела, як тое рабіць.

Можна ўкладаць грошы ва ўласнае здароўе, адукацыю сваіх дзяцей і сваю асабістую, каб захоўваць працаздольнасць. У любым выпадку, калі нават зменаў у нашай краіне не адбудзецца, то праз тыя ж 10 гадоў пенсіі ў Беларусі будуць яшчэ меншыя, чым цяпер, людзі будуць бяднейшыя», – падсумавала Кацярына Барнукова.

Саша Гоман  belsat.eu

Стужка навінаў