Грузія можа разгледзець разрыў дыпламатычных зносінаў з Беларуссю пасля візіту Лукашэнкі ў Абхазію


Пра магчымы разрыў дыпламатычных зносінаў з Беларуссю пасля паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў самаабвешчаную Абхазію заявіў прадстаўнік парламенцкага камітэту па знешніх сувязях Нікалоз Самхарадзэ, паведамляе інфармацыйны партал «Новости – Грузия».

Паводле Самхарадзэ, візіт Лукашэнкі ў Абхазію – гэта несяброўскі жэст з боку кіраўніка Беларусі і грубае парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Грузіі.

«Такія крокі падрываюць суверэнітэт краіны і асноўныя прынцыпы міжнароднага права, а таксама дыпламатычныя зносіны паміж Грузіяй і Беларуссю. Паўтарэнне падобнага кроку ў будучыні можа прывесці да разрыву зносінаў паміж дзвюма краінамі. Мы нікому не дазволім нанесці шкоду тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту нашай краіны», – заявіў грузінскі чыноўнік.

Каментар
Лукашэнка наведваў непрызнаную Абхазію па асабістай просьбе, або загаду Пуціна
2022.09.30 00:24

Аб пагаршэнні адносінаў з Беларуссю папярэдзіў таксама спікер Парламенту Грузіі Шалва Папуашвілі:

«Беларусь ушчыльную падышла да чырвонай лініі адносінаў з Грузіяй», – сказаў палітык.

Пасля паездкі Лукашэнкі ў Піцунду у МЗС Грузіі быў выкліканы амбасадар Беларусі ў Грузіі Анатоль Ліс.

Аляксандр Лукашэнка ў Абхазіі.
Фота:presidentofabkhazia.org

Візіт Лукашэнкі асудзілі прэзідэнтка, прэм’ер і спікер парламенту Грузіі. Яны назвалі яго парушэннем міжнароднага права і двухбаковых стасункаў. Кіраўнік парламенту Шалва Папуашвілі пры гэтым выказаў спадзяванне, што Беларусь вернецца да прынцыпаў, прызнаных міжнародным права «і ў рамках гэтага вызначэння мы ўбачым, што, асабліва ў дачыненні палітыкі непрызнання, ніякіх крокаў прадпрымацца не будзе».

Разбор
Лукашэнка ў Абхазіі – што гэта было? Спрабуем з экспертамі зразумець вельмі дзіўны візіт
2022.09.29 22:21

28 верасня Лукашэнка без узгаднення з Тбілісі паехаў у самаабвешчаную Абхазію ў курортны горад Піцунда, дзе сустрэўся з кіраўніком самаабвешчанай рэспублікі Асланам Бжаніа. Паводле Лукашэнкі, на сустрэчы абмяркоўваліся гандлёва-эканамічныя сувязі. Да гэтага, 26 верасня, Лукашэнка сустракаўся з Пуціным.

Грузія лічыць Абхазію сваёй тэрыторыяй, акупаванай Расеяй. Незалежнасць Абхазіі прызналі Расея, Нікарагуа, Венесуэла, Науру, Сірыя.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў