«Эскалацыя ваенных дзеянняў непазбежная». Эксперты прагназуюць, чаго чакаць пасля заяваў Пуціна


Уладзімір Пуцін 30 верасня заявіў пра далучэнне да Расеі чатырох рэгіёнаў Украіны, акупаваных расейскімі войскамі – Данецкай, Запарожскай, Луганскай і Херсонскай вобласцяў. Таксама ён закрануў тэму верагодных перамоваў з кіеўскімі ўладамі, але адначасова згадаў, што прэцэдэнт выкарыстання ядравай зброі ў свеце ўжо існуе. Карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з беларускімі палітолагамі пра тое, што хаваецца за заявамі Пуціна, – і чаго чакаць з гэтай нагоды беларусам.

Людзі глядзяць трансляцыю цырымоніі абвяшчэння анексіі чатырох вобласцяў Украіны Уладзімірам Пуціным. Масква, Расея. 30 верасня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Падчас сваёй паўгадзіннай прамовы Уладзімір Пуцін заявіў, што жыхары анексаваных рэгіёнаў Украіны з Расеяй цяпер «назаўжды», а далучаныя тэрыторыі не могуць быць прадметам перамоваў, да якіх Крэмль тым не менш гатовы. Паводле яго, Захад і асобна ЗША і англасаксы вінаватыя ў шмат якіх бедах у свеце, у тым ліку яны стварылі прэцэдэнт з выкарыстаннем ядравай зброі. Ён адзначыў, што нават Японія і Нямеччына ёсць калоніямі ЗША і не могуць праводзіць самастойнай палітыкі, а ва Украіне, на ягоную думку, адбываўся генацыд і ставіліся досведы над людзьмі.

Расея ж пры гэтым, заявіў Пуцін, хоча ісці сваім асаблівым шляхам без гендараў і аднаполых бацькоў, але Захад яшчэ з часу распаду СССР імкнецца яе разваліць. Прэзідэнт РФ назваў катастрофай Белавежскія пагадненні, якія прывялі да спынення існавання Савецкага Саюзу, але адзначыў, што не плануе яго адраджаць. Тым не менш, ён далучае акупаваныя рэгіёны Украіны, што, паводле яго, цалкам адпавядае міжнародным нормам, хоць іх і не існуе і прыдумаў іх Захад.

Hавiны
Пуцін заявіў, што Расея не будзе ні з кім абмяркоўваць вынікаў «рэферэндумаў»
2022.09.30 17:12

«Расея лічыць, што Украіна належыць да «расейскага свету»

У каментары «Белсату» каардынатар у міжнароднай дапамозе Офісу Святланы Ціханоўскай, аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначыў, што на цырымоніі ў Крамлі «адбылася фактычна афіцыйная анексія раней акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, – тое самае, што раней адбылося з Крымам».

«Было канстатавана, што Расея будзе абараняць гэтыя тэрыторыі ўсімі наяўнымі сродкамі. Быў ускосны намёк на магчымасць ужывання ядравай зброі ў пасажы пра тое, што ЗША стварылі прэцэдэнт, выкарыстоўваючы яе супраць Японіі», – заявіў палітолаг.

Пры гэтым Пуцін усё ж не абвесціў афіцыйна вайны Украіне. Дырэктар аналітычнага цэнтру EAST Андрэй Елісееў мяркуе, што адбылося гэта «праз шэраг ідэалагічных і прававых фактараў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы падраздзялення тэрытарыяльнай абароны падчас вучэнняў у Крывым Рогу, Украіна. 28 верасня 2022 года.
Фота: Genya Savilov / AFP / East News

«Расея лічыць, што Украіна належыць да «расейскага свету», а калі так, то ёй хіба не з рукі, што ідзе – у іхным разуменні – унутраная вайна. Яны з самага пачатку акрэслілі ідэалагічна, што наводзяць парадак у сваіх, хай і былых, землях», – падкрэсліў палітолаг.

Але, на ягоную думку, у Расеі найбліжэйшым часам могуць абвясціць контртэрарыстычную аперацыю, якая створыць прававыя падставы прынамсі ў частцы рэгіёнаў увесці вайсковае становішча.

«Той факт, што Пуцін сказаў, што гэтыя рэгіёны назаўсёды ўваходзяць у склад Расеі, – гэта ўжо прамое ўказанне на тое, што працягнуцца ваенныя дзеянні, бо Расея не кантралюе напоўніцу ніводнага з чатырох усходніх і паўднёвых украінскіх рэгіёнаў. Таму, хоць нейкіх новых пагрозаў не было, але тым не менш з прамовы вынікае, што эскалацыя ваенных дзеянняў непазбежная. То бок, Расея мае намер ваеннымі сродкамі браць пад кантроль украінскія тэрыторыі», – адзначыў Андрэй Елісееў.

А што з перамовамі?

Пры гэтым Пуцін публічна заявіў пра гатовасць да перамоваў з Украінай. Андрэй Елісееў мяркуе, што ён такім чынам імкнецца рэалізаваць «план-мінімум, каб узяць пад кантроль прынамсі гэтыя чатыры рэгіёны», «каб захаваць твар». Аднак палітолаг не выключае, што «Масква не адкінула планаў узяць пад кантроль усю Украіну і Кіеў».

Тым не менш, адзначае Андрэй Ягораў, хоць Украіне прапаноўваюцца перамовы, ёй не прапанавана нічога з таго, што яна магла б разглядаць, бо перамовы не могуць датычыць анексаваных тэрыторыяў.

«Фактычна Украіне прапаноўваецца толькі прыпыненне агню і неадкладнае спыненне баявых дзеянняў. Што ў сітуацыі, калі Украіне прынамсі цяпер належыць тактычная ініцыятыва, – ніякая не прапанова ўвогуле, якую можна прыняць», – падкрэсліў Андрэй Ягораў.

Аналітыка
«Украінцы могуць адпомсціць за Ілавайск». Расейскія вайскоўцы трапілі ў «кацёл» пад Ліманам
2022.09.30 17:31

Агулам аналітык не разглядае мірную прапанову як рэальную. Паводле яго, гэта хутчэй рытарычны ход, звязаны з агульным дыскурсам, які выкарыстоўваюць у Крамлі: «Гэта не мы распачалі вайну, а мы заўсёды гатовыя да перамоваў і міру».

На Лукашэнку будуць ціснуць

Як заявіў яшчэ перад цырымоніяй анексіі часткі тэрыторыі Украіны прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, далучаныя да РФ рэгіёны стануць часткай Саюзнай дзяржавы з Беларуссю. І на іх будуць распаўсюджвацца таксама і ўсе ўзаемныя дамовы дзвюх краінаў. У тым ліку, відаць, гаворка ідзе і пра саюзную абарончую дактрыну, тым больш, што, як сказаў Пяскоў, ваенныя дзеянні супраць расейскай прысутнасці там будуць расцэньвацца як агрэсія супраць РФ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв’ю агенцтву AFP у Менску, Беларусь. 21 ліпеня 2022 года.
Фота: Alexander Nemenov / AFP / East News

Андрэй Ягораў лічыць, што карыстаючыся дамовай пра Саюзную дзяржаву, расейскія ўлады будуць ціснуць на Беларусь, каб «яна больш уцягвалася ў ваенную авантуру Масквы».

«Будуць ціснуць на прызнанне, а што з гэтага выйдзе – складана прагназаваць», – заявіў ён.

Як дадаў Андрэй Елісееў, Аляксандр Лукашэнка раней супраціўляўся прызнанню «ЛНР» і «ДНР», а таксама анексіі Крыму. Але цяпер, калі гэтыя тэрыторыі разам з Запарожжам і Херсоншчынай зробяцца адной федэральнай акругай РФ, «то адным махам могуць прымусіць Лукашэнку гэта ўсё прызнаць». Далей, на ягоную думку, у Саюзную дзяржаву могуць паспрабаваць дадаць Абхазію і Паўднёвую Асецію, а таксама Прыднястроўе.

«Але гэта, мабыць, найменшае зло, бо ёсць яшчэ горшыя сцэнары для Беларусі. Ёсць цэлы шэраг кепскіх сцэнароў, і прызнанне гэтых рэгіёнаў дэ-факта расейскімі можа быць найменшым злом у параўнанні з іншымі сцэнарамі», – заявіў палітолаг.

Сярод больш кепскіх сцэнароў ён назваў верагоднае павелічэнне сталай расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі і мажлівае скарыстанне беларускай тэрыторыі дзеля ваенных дзеянняў супраць Украіны, аж да прыцягнення беларускіх жаўнераў і схаванай мабілізацыі ў Беларусі. Не выключае Андрэй Елісееў і мажлівасці нанясення тактычнага ядравага ўдару па Украіне з самалёта, які паляціць над Беларуссю.

Таму прызнанне анексіі, паводле палітолага, – не найгоршы сцэнар.

Hавiны
Акупаваныя тэрыторыі Украіны стануць часткай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі
2022.09.30 14:24

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў