«Будзем дапамагаць Украіне столькі, колькі патрэбна»: рэакцыя міравых лідараў на анексію Расеяй абласцей Украіны


30 верасня ў Крамлі прайшла цырымонія падпісання дамоваў аб уваходжанні ў склад Расеі ўкраінскіх тэрыторый, захопленых расейскімі войскамі ў ходзе баявых дзеянняў. Яна адбылася, неглядзячы на тое, што ніводны з чатырох рэгіёнаў Расея не кантралюе цалкам. Пагляддзелі, як на гэта адрэагаваў свет. 

Рашэнне яшчэ канчаткова не зацверджана. Падпісаныя дакументы цяпер адправяць у Канстытуцыйны суд, які праверыць іх на адпаведнасць асноўнаму закону РФ. Затым, 3 і 4 кастрычніка, расейскі парламент прыме закон аб уваходжанні ў склад Расеі новых рэгіёнаў, пасля чаго рашэнне зацвердзіць Уладзімір Пуцін.

Напярэдадні, 27 верасня, у самаабвешчаных «ДНР», «ЛНР», Херсонскай вобласці і той часткі Запарожскай вобласці, якая знаходзіцца пад кантролем Расеі, завяршыліся «рэферэндумы» аб іх уваходжанні ў склад РФ. Мясцовыя выбаркамы сцвярджаюць, што за далучэнне нібыта прагаласавала большасць жыхароў рэгіёнаў.

Аналітыка
«Эскалацыя ваенных дзеянняў непазбежная». Эксперты прагназуюць, чаго чакаць пасля заяваў Пуціна
2022.09.30 19:11

ЗША і НАТА: новыя санкцыі супраць Расеі і абяцанні дапамагчы вярнуць страчаныя тэрыторыі

Злучаныя Штаты і надалей будуць падтрымліваць намаганні Украіны па аднаўленні кантролю над тэрыторыямі, захопленымі Расеяй. Так прэзідэнт ЗША Джо Байдэн адрэагаваў на спробы Расеі анексаваць частку Украіны. У абнародаванай Белым домам заяве Байдэн падкрэсліў, што Злучаныя Штаты асуджаюць ашуканскую спробу Расеі анексаваць суверэнную ўкраінскую тэрыторыю.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. 20 студзеня 2021 года.
Фота: whitehouse.gov

«Расея парушае міжнароднае права, топча Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і паўсюль дэманструе сваё грэбаванне да міралюбівых народаў. Не памыляйцеся: гэтыя дзеянні не маюць легітымнасці. Злучаныя Штаты заўсёды будуць паважаць міжнародна прызнаныя межы Украіны. Мы і ў далейшым будзем падтрымліваць намаганні Украіны па аднаўленні кантролю над сваёй тэрыторыяй шляхам умацавання яе пазіцый у ваенным і дыпламатычным плане, у тым ліку за кошт дадатковай дапамогі ў галіне бяспекі на суму 1,1 мільярда долараў, пра якую Злучаныя Штаты абʼявілі на гэтым тыдні… Мы згуртуем міжнародную супольнасць, каб асудзіць гэтыя крокі і прыцягнуць Расею да адказнасці», – заявіў Джо Байдэн.

Ён заклікаў усіх членаў міжнароднай супольнасці не прызнаваць незаконныя спробы Расеі па анексіі і падтрымліваць народ Украіны столькі, колькі трэба.

У адказ на анексію Расеяй украінскіх тэрыторыяў ЗША ўвялі супраць яе новы пакет санкцый. Пад іх трапілі сваякі высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў, у тым ліку Дзмітрыя Мядзведзева, Міхаіла Мішусціна, Сяргея Шайгу і Сяргея Сабяніна. Акрамя таго, Мінфін ЗША дадаў 57 юрыдычных асоб з Кітая, Арменіі і Беларусі ў пералік арганізацый, якія парушаюць экспартны кантроль ЗША.

OFAC (Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі – падраздзяленне Міністэрства фінансаў ЗША) апублікавала новыя ўказанні, якія папярэджваюць аб павышанай рызыцы санкцый, з якімі сутыкнуцца міжнародныя актары за межамі Расеі за аказанне палітычнай або эканамічнай падтрымкі Расеі ў выніку яе незаконных спроб змяніць статус тэрыторыі Украіны.

«Мы не будзем стаяць у баку, калі Пуцін ашуканскім шляхам спрабуе анексаваць частку Украіны. Міністэрства фінансаў і ўрад ЗША прымаюць сёння радыкальныя меры, каб яшчэ больш аслабіць і без таго дэградаваны ваенна-прамысловы комплекс Расеі і падарваць яе здольнасць весці незаконную вайну», – заявіла міністр фінансаў Джанет л. Елен.

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг выступае на прэс-канферэнцыі напярэдадні сустрэчы міністраў абароны НАТА ў штаб-кватэры альянсу. Брусэль, Бельгія. 20 кастрычніка 2021 года.
Фота: YVES HERMAN / Reuters / Forum

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг заявіў, што дзяржавы Альянсу ніколі не прызнаюць ні адну з анексаваных Расеяй украінскіх тэрыторый часткай РФ. Аб гэтым ён сказаў на брыфінгу ў Бруселі. Столтэнберг назваў «рэферэндумы» і анексію самай сурʼёзнай эскалацыяй з пачатку вайны. «Саюзнікі НАТА не прызнаюць і ніколі не прызнаюць ні адну з гэтых тэрыторый часткай Расеі… Гэтыя землі – гэта Украіна. Данецк – гэта Украіна. Луганск – гэта Украіна. Херсон – гэта Украіна. Запарожжа – гэта Украіна. Як і Крым – гэта Украіна», – сказаў генеральны сакратар Альянсу.

Hавiны
Украіна падае заяўку на ўступленне ў NATO
2022.09.30 18:14

ААН

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш назваў намеры Расеі небяспечнай эскалацыяй, якая паставіць пад пагрозу перспектывы міру ў рэгіёне ў агляднай будучыні.

«Расея – адзін з пяці пастаянных членаў Савету Бяспекі ААН – нясе асаблівую адказнасць за захаванне статута. Любое рашэнне аб далейшай анексіі ўкраінскіх тэрыторый не будзе мець юрыдычнай сілы і заслугоўвае асуджэння», – заявіў ён.

Антонью Гутэрыш.
Фота: Flickr

ЕЗ: Ніколі не прызнаюць новую анексію і абяцаюць падтрымку, колькі трэба

Усе краіны Еўрапейскага Звязу аднагалосна асудзілі анексію Расеяй Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей Украіны. Краіны блока ніколі не прызнаюць гэтае незаконнае «далучэнне» тэрыторыі, гаворыцца ў сумеснай заяве краін-членаў ЕЗ.

«Гэтыя рашэнні несапраўдныя і не могуць мець ніякіх прававых наступстваў. Крым, Херсон, Запарожжа, Данецк і Луганск – гэта Украіна. Мы заклікаем усе дзяржавы і міжнародныя арганізацыі адназначна адхіліць гэтую незаконную анексію», – гаворыцца ў заяве.

ЕЗ у чарговы раз падкрэсліў сваю непахісную падтрымку Украіне. У блоку адзначылі, што ядравыя пагрозы з боку Масквы, мабілізацыя і спробы Расеі выдаць украінскія тэрыторыі за свае не паўплываюць на рашучасць еўрапейскіх краін.

«Мы будзем узмацняць нашы абмежавальныя меры па супрацьпраўных дзеяннях Расеі. Яны ўзмоцняць ціск на Расею, каб яна спыніла яе агрэсіўную вайну. Мы паўтараем, што Еўрапейскі Звяз цвёрда падтрымлівае Украіну і будзе працягваць аказваць моцную эканамічную, ваенную, сацыяльную і фінансавую падтрымку Украіне колькі заўгодна», – падкрэслілі краіны блока.

Hавiны
Пуцін заявіў, што Расея не будзе ні з кім абмяркоўваць вынікаў «рэферэндумаў»
2022.09.30 17:12

Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен заявіла, што незаконная анексія ўкраінскіх абласцей нічога не зменіць – яны застаюцца ўкраінскімі. «Усе тэрыторыі, незаконна акупаваныя Расеяй, зʼяўляюцца ўкраінскай зямлёй і заўсёды будуць часткай гэтай суверэннай дзяржавы», – падкрэсліла яна.

У Савеце Еўропы таксама асудзілі анексію і нагадалі РФ аб адказнасці дзяржавы-акупанта. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўніка МЗС Ірландыі і кіраўніка Камітэту міністраў СЕ Саймана Коўні, кіраўніка ПАСЕ Ціні Кокса і генеральнага сакратара Савету Еўропы Марыі Пейчыновіч-Бурыч.

«Гвалтоўная змена міжнародных межаў за кошт іншай суверэннай дзяржавы і так званыя «рэферэндумы», якія папярэднічалі ёй, зʼяўляюцца сурʼёзным парушэннем міжнароднага права і не могуць быць прызнаныя», – гаворыцца ў заяве кіраўнікоў СЕ.

Адзначаецца, што Расея павінна неадкладна ажыццявіць дээскалацыю і вярнуцца да прынцыпаў міжнароднага права, якія застаюцца краевугольным каменем свету ў Еўропе і за яе межамі.

«Савет Еўропы і ў далейшым будзе падтрымліваць народ і ўладу нашай дзяржавы-члена Украіны. Наша прыхільнасць незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах застаецца безумоўнай і непахіснай. Мы яшчэ раз заклікаем да неадкладнага спынення канфлікту і вяртання міру ў Еўропу », – гаворыцца ў заяве.

Замежныя лідары

Брытанскі прэмʼер-міністр Ліз Трас заявіла аб парушэнні Пуціным нормаў міжнароднага права. «Мы ніколі не прызнаем Данецкую, Луганскую, Херсонскую і Запарожскую вобласці як нешта іншае, акрамя ўкраінскай тэрыторыі», – папярэдзіла яна.

Адрэагавала таксама і Польшча. Заявы Крамля аб «далучэнні» незаконна анексаваных украінскіх тэрыторый – гэта паражэнне тых, хто наіўна верыў у кампраміс з Расеяй. Пра гэта напісаў у Twitter прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Анджэй Дуда. 
Фота: censor.net

«Польшча асуджае спробы Расеі анексаваць украінскую тэрыторыю і ніколі іх не прызнае. Мы і ў далейшым будзем падтрымліваць абаронцаў Украіны і яе народ да таго часу, пакуль агрэсар не будзе выгнаны. Сённяшняя адчайная і нікчэмная акцыя Крамля – гэта паражэнне тых, хто наіўна верыў у кампраміс з Расеяй», – гаворыцца ў паведамленні.

МЗС Польшчы ў сваёй заяве «рашуча асудзіў незаконныя акты «прызнання незалежнасці» і «інкарпарацыі» акупаваных рэгіёнаў Украіны ў склад Расейскай Федэрацыі».

«Украінскія вобласці – Херсонская, Данецкая, Луганская і Запарожская – застаюцца часткай Украіны ў адпаведнасці з міжнародным правам», – заявілі ў ведамстве.

Адзначаецца, што Польшча «не прызнавала і не прызнае» ні вынікаў псеўдарэферэндумаў, ні абвешчаных «указаў расейскага прэзідэнта аб анексіі гэтых рэгіёнаў».

Прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі асудзіла дзеянні Расеі па «анексіі» чатырох абласцей Украіны, а таксама намеры Крамля правесці мабілізацыю на часова акупаваных украінскіх і грузінскіх тэрыторыях. Сваю заяву Зурабішвілі апублікавала ў Twitter.

«Фармалізацыя фіктыўнага рэферэндуму ў падтрымку абуральнага парушэння міжнароднага права і гвалтоўнай анексіі не мае ні легітымнасці, ні будучыні. Мы абвяргаем такія грубыя парушэнні міжнароднага права і пацвярджаем нашу поўную падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны», – падкрэсліла яна. «Асуджаю планы мабілізацыі на акупаваных тэрыторыях Украіны і Грузіі як чарговае грубае парушэнне суверэнітэту абедзвюх нашых краін», – дадала прэзідэнт Грузіі.

Міністр замежных спраў Бельгіі Аджа Лябіб таксама заявіла, што Бельгія ніколі не прызнае анексію. «Луганск, Данецк, Херсон, Запарожжа і Крым – гэта Украіна. Анексія гэтых тэрыторый незаконная па міжнародным праве. Мы ніколі не прызнаем яе», – напісала Лябіб у Twitter.

Hавiны
Акупаваныя тэрыторыі Украіны стануць часткай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі
2022.09.30 14:24

Саша Гоман  belsat.eu

Стужка навінаў