Беларусь пакуль пакінулі ў еўрапейскай футбольнай сям'і. А што будзе далей?


Зборная Беларусі па футболе даўно перастала радаваць заўзятараў перамогамі. Як чакаецца, для трэнерскай каманды гэта стане падставай для адстаўкі. Тым не менш, дасягненні ў нацыянальнай зборнай ёсць – у адрозненне ад расійскай яна пакуль што захавала за сабой права ўдзелу ў чэмпіянаце Еўропы -2024. Сітуацыю можа змяніць рашэнне Міжнароднага Спартовага арбітражнага суда ў швейцарскай Лазане.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ліга Нацый УЕФА, зборная Славакіі супраць зборнай Беларусі. Таполя, Сербія. 25 верасня 2022 года.
Фота: Marko Djurica / Reuters / Forum

Па звестках крыніцаў «Белсату»,  у Беларускай федэрацыі футболу рыхтуецца адстаўка трэнерскага штабу нацыянальнай зборнай. У поўным складзе. Прычына у тым, што ніхто з настаўнікаў – ні, уласна, галоўны трэнер Георгій Кандраццеў, ні ягоныя дапаможцы Дзмітрый Раўнейка, Алег Радушка, альбо Андрэй Санцункевіч, які працаваў з брамнікамі, – нічога новага зборнай не даў. Без перамогаў – 13 запар афіцыйных матчаў. Другі паводле сораму вынік у гісторыі. Ад 1996-га да 1999-га зборная Беларусі не выгульвала ў супернікаў 16 матчаў запар.

Падаецца, што цяпер нават усёмагутны ў сваёй гаспадарцы старшыня федэрацыі Уладзімір Базанаў аніяк не здолее абараніць чэмпіёна СССР-82 Кандраццева, як рабіў гэта год таму. Тады нашая зборная на старце новага разыграння Лігі Нацыяў здолела ў чатырох матчах набраць толькі два пункты, і шанцы на першае месца, а значыць, на магчымасць падняцца ў другі дывізіён турніру – Лігу В – былі страчаныя. Пры тым, што менавіта такая задача ставілася перад Кандраццевым пасля таго, як ён змяніў на пасадзе Міхаіла Мархеля. Цяпер жа зборная можа ўвогуле апусціцца на дно, калі ў стыкавых матчах саступім Літве ў сакавіку 2024 году.

Тым не менш пакуль Беларусь у адрозненне ад усходніх суседзяў не застаецца без міжнароднага календару. Больш за тыдзень таму наша краіна атрымала права ўзяць удзел у лёсаванні чэмпіянату Еўропы – 2024. Яно адбудзецца 9 кастрычніка ў нямецкім Франкфурце. Там не будзе прадстаўленая Расея, якая, такім чынам, пазбаўляецца афіцыйных турніраў пад эгідаю Звязу Еўрапейскіх футбольных Асацыяцыяў (УЕФА) і Міжнароднай федэрацыі футболу (ФІФА) да 2024 году як мінімум.

Беларусаў дапусцілі, нягледзячы на тое, што амаль год таму, 13 кастрычніка 2021-га года, Беларускі фонд спартовай салідарнасці надрукаваў аб’ёмны даклад аб шматлікіх парушэннях палажэнняў УЕФА і ФІФА з боку Беларускай федэрацыі футболу. Аднак неабвяргальныя доказы, дакументальныя пацверджанні, сведчанні і экспертныя заключэнні Еўрапейскі футбольны звяз папросту адхіліў, увесь наступны час працягваючы ігнараваць рэпрэсіі з боку Беларускай федэрацыі футболу (АБФФ) на шкоду нацыянальнаму беларускаму футболу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ліга Нацый УЕФА, зборная Казахстану супраць зборнай Беларусі. Нур-Султан. Казахстан. 22 верасня 2022 года.
Фота:Pavel Mikheyev / Reuters / Forum

Зімою Фонд заявіў пра намер судзіцца з УЕФА, дзеля чаго знайшоў магчымасць выплаціць 22,5 тысячы еўраў на рахунак Міжнароднага Спартовага арбітражнага суду ў швейцарскай Лазане. Разгляд справы распачаўся пяцігадзінным паседжаннем яшчэ 28 красавіка. Дагэтуль ніякага рашэння не агучана.  «Тут не ўсё так адназначна», – лічыць выканаўчы дырэктар Беларускага Фондуспартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін і дадае: «Няпраўда, што пра нашую справу забыліся. Звычайна такія дысцыплінарныя розгляды могуць цягнуцца ад некалькіх месяцаў да году, і нават больш. Для міжнароднай практыкі гэткія тэрміны нармальныя».

Трэба падкрэсліць, што Беларускі Фонд спартовай салідарнасці сваім пазовам не ставіў на мэце адлучыць агулам беларускі футбол ад міжнародных афіцыйных турніраў. Задача была больш канкрэтная: адхіліць цяперашняе кіраўніцтва АБФФ ад выканання сваіх абавязкаў, як, натуральна, таксічнае для развіцця гэтага віду спорту. Без міжнароднага футболу мы таксама маглі застацца, але паводле іншай прычыны: вайны, развязанай ва Украіне Расеяй і падтрыманай Лукашэнкам.

«Калі зборная Беларусі распачне кваліфікацыйны турнір да ЕЎРА, то гэта не значыць, што яна абавязкова скончыць яго» – працягвае кіраўнік БФСС. – Бо УЕФА будзе вымушаная прыняць рашэнне Спартовага арбітражнага суду і падпарадкавацца яму.  Гэта звычайная практыка. Не толькі ў футболе».

Памятайма, што Беларусь і Расею знялі з дыстанцыі на шляху да чэмпіянату свету па гандболе – 2023. Так сама паступілі і з клубамі з гэтых краінаў, якія гулялі ў Еўрапейскіх клубных турнірах ЕГФ.

«Дзіўна з пункту гледжання прарасейскай палітыкі, якую вядзе Лукашэнка, што Беларуская федэрацыя аніяк не падтрымала Расейскі футбольны звяз, калегаў з гэтак званай брацкай краіны, і ў знак салідарнасці і не знялася сама з турніраў публічным дэмаршам, нават не выказала спачуванне», – заўважае Апейкін.

Зразумела, Фонд будзе дамагацца прыняцця хоць якога рашэння. Выдаткаваныя немалыя грошы, але і яны зараз не першачарговыя, калі ідзе гаворка пра вызваленне беларускага спорту і краіны ў цэлым.

«Нашая мэта не нашкодзіць інтарэсам нацыянальнага беларускага футболу», – працягвае кіраўнік Беларускага Фонду спартовай салідарнасці. – «Імкнемся толькі вызваліць яго з-пад ідэалагічнага прэсу дзяржавы, чаго УЕФА, прынамсі на словах і ў дакументах, катэгарычна не ўспрымае. І мы і ўпэўненыя, што праўда на нашым баку».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ліга Нацый УЕФА, зборная Казахстану супраць зборнай Беларусі. Нур-Султан. Казахстан. 22 верасня 2022 года.
Фота:Pavel Mikheyev / Reuters / Forum

Ува ўсёй гэтай гісторыі з зацягваннем разгляду «беларускай» справы ў Спартовым арбітражным судзе можна ўбачыць і станоўчую сітуацыю на перспектыву. Магчыма, у еўрапейскіх федэрацыях (не толькі футбольнай) лічаць, што Беларусь лягчэй, чым Расею лекаваць ад таталітарызму, аддзяліць сумленную грамадскасць, у тым ліку і шматлікіх аматараў спорту, ад злачынстваў рэжыму. Зыходзячы з гэтага звычайныя людзі маюць права на відовішчы ў выглядзе матчаў нацыянальных зборных і клубных камандаў. Гэта, як даць знак: маўляў, Беларусь, усё ж, бліжэй да еўрапейскага вектару развіцця.

«Таму, – распавядае Аляксандр Апейкін, – з улікам цяперашняй сітуацыі, з улікам вайны, з улікам цывілізацыйнага падзелу, які зараз адбываецца, ці патрэбна, гэтак кажучы, прыбіваць зборныя Беларусі розных узростаў. Адная справа – пакараць кіраўніцтва федэрацыі, іншая – думаць пра будучыню Беларусі без рэжыму. Зараз надзвычай важна заставацца ў еўрапейскім вектары нават з пакуль кантраляванымі Лукашэнкам структурамі. Дык ці мае сэнс быць да канца ўпартымі ў дасягненні сваёй мэты дыскваліфікацый усіх і ўся? Упэўнены, што не».

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў