Тры важныя пытанні пра страляніну на Якубоўскага. Каментуе адвакат Сяргей Зікрацкі


Даведка
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Сяргей Зікрацкі, вядомы адвакат, пазбаўлены ліцэнзіі некалькі месяцаў таму, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях, пракаментаваў забойства Андрэя Зельцара.

– Прайшло больш за содні з моманту інцыдэнту на вуліцы Якубоўскага ў Менску, але ў беларускіх грамадзянаў па факце гэтага інцыдэнту пакуль больш пытанняў чым адказаў. Хацелася б звярнуць увагу на некалькі момантаў, – кажа Зікрацкі.

Першае, што заслугоўвае пільнай увагі, паводле адваката: адзіная крыніца інфармацыі пра падзею – галаслоўныя сцвярджэнні афіцыйных асобаў і змантаванае відэа:

– Хоць для ўсіх відавочна: у праваахоўных органаў ёсць як мінімум 3 поўныя відэа з месца здарэння. Натуральна, гэта спараджае абгрунтаваныя сумневы ў грамадзянаў што да дакладнасці афіцыйнай версіі. Упэўнены, што толькі дэманстрацыя грамадскасці поўных відэазапісаў, поўнага заключэння незалежнага эксперта аб прычынах смерці супрацоўніка КДБ і адкрытае расследаванне гэтай справы можа развеяць сумневы ў абгрунтаванасці афіцыйна агучанай версіі.

Інтэрв’ю
«Андрэй не мог не даць адпор». Размова з сябрам забітага сілавікамі менчука
2021.09.29 15:26

Выклікае пытанні той факт, што Генеральная пракуратура ўжо паведаміла пра заканчэнне праверкі ў дачыненні супрацоўнікаў сілавых структураў, якія застрэлілі Андрэя Зельцара.

– Пракуратура не знайшла парушэнняў і палічыла, што супрацоўнікі КДБ законна выкарысталі зброю, у выніку чаго памёр Андрэй. Пры гэтым праз содні пасля інцыдэнту няма ніводнага каментара пра тое, чаму супрацоўнікі КДБ вырашылі выкарыстаць агнявую зброю, не выключыўшы іншых варыянтаў, – разважае адвакат. – Адсутнасць поўнага відэа затрымання зноў не дае адказу на пытанне, была смерць Андрэя Зельцара абумоўленая рэальнаю неабходнасцю ўжыць зброю ці гэта была проста помста сілавікоў за раненне калегі.

Трэці вельмі важны аспект, паводле Сяргея Зікрацкага: затрыманне Марыі Успенскай, жонкі Андрэя, у якасці падазраванай у забойстве супрацоўніка КДБ.

– Ці ёсць суўдзелам у забойстве звычайнае фіксаванне на відэа падзеяў у кватэры? Ці мае следства іншыя доказы ейнага ўдзелу ў злачынстве? – задаецца пытаннямі прадстаўнік Святланы Ціханоўскай. – Пакуль няма дастатковых доказаў дачынення Марыі да злачынства, ніхто не можа быць упэўненым, што затрыманне Марыі не звязанае з жаданнем схаваць сапраўдную карціну падзеяў.

ГГ/АА, belsat.eu

Стужка навінаў