«Свабодныя купалаўцы» зноў на сцэне – у Беластоку


Купалаўцы выступілі на тэатральным фэсце ў Беластоку.
Фота: Белсат

Упершыню за паўтары гады «Свабодныя купалаўцы» выйшлі на сцэну перад гледачамі – на тэатральным фэсце «Кірунак Усход» у Беластоку.

У межах фестывалю 29 і 30 верасня – беларускія дні. Купалаўцы, якія не выходзілі на сцэну з ліпеня 2020 году, выступілі ў беластоцкім «Кіно ТОН».

Пасля таго, як акторы пакінулі Беларускі нацыянальны тэатр ім. Я.Купалы, яны не гралі ўжывую. Ладзілі выключна анлайн-сустрэчы з гледачамі.

Купалаўцы выступілі на тэатральным фэсце ў Беластоку.
Фота: Белсат

Нацыянальны акадэмічны тэатр Янкі Купалы страціў усю каманду ў жніўні 2020-га. На знак салідарнасці акторы спынілі працу пасля звальнення кіраўніка Паўла Латушкі. Некаторыя працягнулі сваю дзейнасць у падполлі як самастойны тэатральны калектыў – «Купалаўцы».

«Купаўлацы» паказалі беластоцкаму гледачу спектакль рэжысёра Рамана Падалякі «Я», які складаецца з дакументальных гісторыяў пра дзяцінства актораў і таксама гледачоў.

Купалаўцы выступілі на тэатральным фэсце ў Беластоку.
Фота: Белсат

– Я не ўяўляю гэтага фестывалю без беларускіх тэатраў. Дзякуючы нашых кантактам, перш за ўсё з Паўлам Латушкам, нам удалося запрасіць два незалежныя беларускія праекты. Гэта найлепшае выйсці ў сённяшняй палітычнай сітуацыі, – кажа ў размове з «Белсатам» дырэктар «Кірунку Усход» Адам Пулторак.

30 верасня, на фэсце выступяць прадстаўнікі незалежнага беларускага тэатральнага праекту «ГэтаМы».

АС, belsat.eu

Стужка навінаў