Спрабавалі выбіць дзверы, пыталі пра паляўнічую зброю: затрыманні і ператрусы 30 верасня


У Барысаве сёння раніцаю сілавікі прыйшлі да прадпрымальніка Аляксандра Статкевіча. Пасля ператрусу яго затрымалі. Таксама з раніцы прыйшлі на адрас прапіскі актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава.

Пра ператрус у барысаўскага прадпрымальніка Аляксандра Статкевіча паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». У мужчыны забралі ўсю тэхніку, а яго самога павезлі ў невядомым кірунку. Ператрус праходзіў у межах крымінальных артыкулаў аб тэрарызме (арт. 289 КК) і псаванні маёмасці (арт. 341 КК). Хто праводзіў працэдуру, невядома, пратаколу не пакінулі. Сілавікі падчас ператрусу сарвалі са сцяны плакат «Магутны Божа». Пыталі пра паляўнічую зброю, якой у прадпрымальніка няма.

Вячаслаў Касінераў.
Фота: радыё Свабода

Таксама раніцаю 30 верасня сілавікі прыйшлі паводле прапіскі да аднаго з арганізатараў ініцыятывы для падтрымання палітычных вязняў dissident.bу, актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава. Пра гэта паведамляюць у самой ініцыятыве:

«Выламалі паштовую скрыню і ледзь не выбілі ўваходныя дзверы ў кватэру, дзе жывуць кватаранты, бо большасць сямейнікаў вымушана пакінула Беларусь праз пагрозы жыццю».

Сілавікоў цікавіла месцазнаходжанне братоў Вячаслава і Паўла Касінеравых, а таксама іхнай маці. На Паўла ўжо завялі крымінальную справу за ўхіленне ад прызыву. Як адзначаюць актывісты, «рэальная прычына крымінальнай справы – ягоны актыўны ўдзел у студэнцкім руху БДУ ўлетку 2020 года».

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў