СК – удзельнікам пратэстаў: Дабяромся да кожнага, яўка з павіннай мінімізуе наступствы


Следчы камітэт Беларусі пагражае «дабрацца» да кожнага актыўнага ўдзельніка пратэстаў ды прапануе прыйсці і добраахвотна прызнацца, каб змякчыць адказнасць. Пра гэта ў інтэрв’ю БелТА заявіў першы намеснік старшыні СК Алег Шандаровіч.

«Тыя, хто браў удзел у масавых закалотах, маюць шанец прыйсці добраахвотна і прызнацца. Да кожнага следства падыдзе індывідуальна, у тым ліку і ва ўжыванні меры стрымання. Калі чалавек добраахвотна прыйшоў і раскаяўся, распавёў, што браў удзел у такой сітуацыі, – натуральна, гэта будзе ўлічана. Законам такая магчымасць прадугледжаная», – сказаў Шандаровіч.

У выпадку прызнання, абяцае Шандаровіч, чалавека могуць вызваліць ад крымінальнай адказнасці, калі не ідзецца пра цяжкі склад злачынства. Таксама можна разлічваць на змяншэнне тэрміну ці памеру пакарання «як мінімум напалову ад магчымага».

Паводле прадстаўніка СК, планавая праца ў выяўленні актыўных удзельнікаў пратэстаў працягваецца.

«Шмат хто пазнае сябе на відэа, якое мільгае ў інтэрнэце, у тэлебачанні. З гэтым відэа мы таксама працуем. Дабяромся да кожнага. Не трэба разлічваць, што гэтыя крымінальныя справы мы закінем і забудзем. Штомесяц з’яўляюцца ўсё новыя тэхнічныя магчымасці. Разам са славутаю сістэмаю відэаназірання гэта дазваляе ідэнтыфікаваць асобу. Мы можам «выпатрашыць» любы гэджэт, у тым ліку выдаленую інфармацыю», – заявіў Шандаровіч.

Паводле БелТА, з 9 жніўня мінулага года зарэгістраваныя больш за 5 тысячаў злачынстваў, звязаных з пратэставымі акцыямі. У 2020 годзе такіх справаў было каля 1700, за жнівень – верасень 2021-га – каля 3300. У асноўным гэта паклёпы і абразы ў інтэрнэце. Такіх злачынстваў зарэгістравалі амаль 2 тысячы, гэта 40 % ад усіх справаў.

Каля чвэрці – апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. З ужываннем гвалту звязаныя менш за 3 % злачынстваў «пратэставай» катэгорыі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў