Надзвычайнае становішча на польска-беларускай мяжы могуць працягнуць на яшчэ 60 дзён


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў запыт аб працягненні надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю і накіраваў яго ў Сейм, які мае даць згоду.

Надзвычайнае становішча на польска-беларускай мяжы на тэрыторыі Люблінскага і Падляскага ваяводстваў увялі 3 верасня на 30 дзён у сувязі са значным павелічэннем спробаў незаконна мінуць мяжу з боку Беларусі.

Рэпартаж
У зоне надзвычайнага становішча ў Польшчы. Дзень першы
2021.09.04 15:31

«Мы маем справу са сталаю пагрозаю для грамадзянаў і грамадскага парадку на памежных тэрыторыях. Звесткі апошніх дзён паказваюць, што мы павінны наўпрост казаць пра эскалацыю міграцыйнага ціску на мяжу, – перадае польскі партал TVN24 словы кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Паўла Солёха. – Новым элементам ёсць таксама небяспечныя, правакацыйныя паводзіны беларускіх сілавікоў у дачыненні польскіх салдатаў і афіцэраў».

Hавiны
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выдаў распараджэнне аб надзвычайным становішчы на мяжы з Беларуссю
2021.09.02 18:12

Солёх падкрэсліў: згодна з ацэнкамі Бюро нацыянальнай бяспекі, назіраецца доўгатэрміновае пагаршэнне сітуацыі з бяспекаю на ўсёй мяжы Еўразвязу і Беларусі.

«Гэта новая рэчаіснасць, на якую памежныя дзяржавы і Еўразвяз будуць вымушаныя адказваць», – сказаў Павэл Солёх.

Надзвычайнае становішча Польшча ўвяла 3 верасня ў прымежнай зоне шырынёю 3 км, што закранула 115 паселішчаў у Падляскім ваяводстве і 68 – у Люблінскім. Сярод іншага, яно азначае забарону на правядзенне масавых і забаўляльных імпрэзаў, дзяжурства паліцыі ва ўзмоцненым рэжыме, правяранне дакументаў. На названай тэрыторыі не могуць быць асобы, якія там не жывуць, не працуюць ці не вучацца.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў