Беларускія эксперты запускаюць Банк ідэяў для будучага рэфармавання Беларусі


Новы онлайн-праект стане платформай для прапановаў і абмеркавання ідэяў рэформаў у новай Беларусі, распавялі вядомыя беларускія эксперты на прэс-канферэнцыі ў чацвер.

Банк ідэяў будуць ствараць аналітычныя праекты BEROC, Цэнтр новых ідэй, BISS, Belarus Security Blog, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі, цэнтр «Палітычная сфера», SYMPA, Наше мнение, East Center.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Цэнтр новых ідэй / Facebook

«Калі пачынаўся палітычны крызіс у Беларусі, стала відавочнай адсутнасць бачання будучыні Беларусі ўладамі, але і на іншым баку таксама было шмат праблемаў… ёсць шмат белых плямаў. Зʼявілася ідэя абʼяднання сілаў усіх ключавых беларускіх think tanks і іншых экспертаў, каб вырашаць гэтую задачу. Гэта не план аформіць нейкі адзіны пакет рэформаў, бо розніца ў ідэалогіях і падыходах занадта розныя, але галоўнае прапаноўваць і пачынаць дыскусію», – сказаў Андрэй Казакевіч з цэнтру «Палітычная сфера».

Як толькі Лукашэнка страціць уладу, толькі пачнецца вялізарная праца па пераўтварэнні краіны і дзяржавы. На гэты час трэба ўжо мець распрацаваныя планы, кажуць эксперты.

«Мы павінны ўсведамляць, што рэформы непазбежныя, і гэта не залежыць ад нашага жадання ці жадання ўладаў. Навошта гэтым займацца ў 2021 годзе? Трэба быць гатовымі да моманту, калі ў Беларусі будзе мяняцца ўлада… І само грамадства выразна кажа пра тое, што хацела б бачыць прывабны вобраз будучыні. Акрамя таго, мы б хацелі дапамагаць людзям зразумець, як працуе дзяржава, як яна павінна працаваць», – сказаў Рыгор Астапеня з «Цэнтру новых ідэй».

Вадзім Мажэйка спаслаўся на гісторыю, якую некалі распавёў арганізатар польскіх эканамічных рэформаў Лешэк Бальцэровіч. У 1980-я гады Бальцэровіч са сваімі ўніверсітэцкімі сябрамі абмяркоўвалі будучыя рэформы, і з іх іншыя смяяліся: «Якія рэформы? Гэтага ніколі не будзе!» Праз некалькі год аказалася, што Польшча выйшла з-пад савецкага ўплыву, і толькі ў Бальцэровіча і ягоных сябраў ёсць гатовая праграма рэформаў эканомікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Света Фар / Белсат

Кожны беларус можа зарэгістравацца на сайце, прапанаваць свой праект, каментаваць любыя праекты, удзельнічаць у публічных мерапрыемствах, стварыць сваю групу ці далучыцца да групаў, якія сфакусіраваныя на вывучэнні і выпрацоўцы прапановаў па асобных тэматыках.

Зараз у Банку ідэяў пададзены на абмеркаванне праект Дзмітрыя Крука і Паўла Данейкі з даследніцкага цэнтра BEROC «Якія рэформы патрэбныя Беларусі?»

«Мы з Паўлам Данейкам, магчыма, правакацыйна заяўляем пра жаданне стварыць новую канцэпцыю таго, як думаць пра рэформы ў Беларусі. Аснова канцэпцыі ў тым, што шаблоны і стэрэатыпы, якія дамінуюць з 90-х састарэлі. Мы намагаемся некія прынцыпы абмеркавання пра рэформы ў новай сітуацыі», – гэтак апісаў праект Дзмітрый Крук.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў