Беларусь страціла яшчэ адну таленавітую спартоўку


Вікторыя Шаманоўская падпісвае кантракт з ЦСКА
Фота: whccska.ru

Гандбалістка Вікторыя Шаманоўская адмовіліся выступаць за нацыянальную зборную. Лінейная збірацца прыняць расейскае грамадзянства і выступаць за мясцовую нацыянальную каманду.

Крыху больш за год таму Вікторыя Шаманоўская падпісала ліст спартоўцаў супраць гвалту ў краіне. Гэтак жа зрабілі яшчэ дзве асноўныя гандбалісткі зборнай Беларусі – Карына Ёжыкава і Валянціна Несцярук. Акрамя таго, яны разам у жніўні зняліся ў роліку «Мая мірная Беларусь», у якім беларускія гандбалісты звярнуліся да сілавікоў.

У выніку ў сакавіку гэтага года трыа не атрымала выкліку ў нацыянальнаю каманду на першы раўнд кваліфікацыі ЧС-2021. Тады галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі Аляксандр Сыцько патлумачыў гэта траўмамі гандбалістак, што аказалася няпраўдай: усе дзяўчаты ў той час гулялі за свае клубы.

Цяпер жаночая зборная Беларусі пачала рыхтавацца да кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы. Ёжыкава і Шаманоўская атрымалі выклік у зборную Беларусі. Крысціна, якая выступае за вугорскі «Debreceni», прыехала, а вось Шаманоўская – не. Паводле нашай інфармацыі, лінейная больш не збіраецца гуляць за Беларусь і пачала працэдуру атрымання расейскага грамадзянства. Ужо праз год яна зможа гуляць за зборную Расеі. Паводле міжнародных правілаў, спартовае грамадзянства можна змяніць раз за кар’еру і не выступаць за былую краіну на працягу двух гадоў. Палову гэтага тэрміну 28-гадовая Вікторыя ўжо адбыла.

Шаманоўская нарадзілася ў Менску і доўгі час выступала за «Аркатрон», пасля чаго перабралася ў «Гомель», дзе сталася чэмпіёнкай і ўладальніцаю Кубка Беларусі. У 2019 годзе Вікторыя перайшла ў расейскую «Ладу». У 2021-м яе прызналі найлепшаю лінейнаю чэмпіянату Расеі. Вікторыя падпісала прэстыжны кантракт з маскоўскім ЦСКА, а цяпер стала цікавай яшчэ і зборнай Расеі, якая заняла другое месца на апошняй Алімпіядзе.

Зборная Беларусі пачынае выступ у адборачным турніры чэмпіянату Еўропы. Пачынаецца турнір у сераду, 6 кастрычніка, у нідэрландскім горадзе Алмірэ, дзе беларусы згуляюць з чэмпіёнамі свету – Нідэрландамі. У суперніках жаночай зборнай Беларусі па гандболе таксама каманды Нямеччыны і Грэцыі.

Цікава, што гульню другога туру паміж Беларуссю і Нямеччынаю перанеслі. Першапачаткова матч мусіў адбыцца ў Менску 10 кастрычніка, але пройдзе на стадыёне суперніка ў нямецкім горадзе Трыр у той жа дзень.

Каманды дамовіліся пра перанос праз цяжкія ўмовы паездкі ў Беларусь для абедзвюх камандаў пасля адпаведных стартавых гульняў у кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы.

Чыноўнікі Еўрапейскай федэрацыі гандболу спадзяюцца, што беларуская зборная ўсё ж здолее згуляць у Менску, але не раней як у наступным годзе.

Звернем увагу: нядаўна другім трэнерам жаночай зборнай Беларусі стаў былы лінейны мужчынскай зборнай краіны Максім Бабічаў, які толькі ўлетку скончыў гульнявую карʼеру. Максім падпісаў ліст свабодных спартоўцаў.

АL

Стужка навінаў