Андрэй Шарэнда: У жаночай калоніі Гомля катуюць людзей


Андрэй Шарэнда.
Фота: Белсат

Паліна Шарэнда-Панасюк ізноў у штрафным ізалятары гомельскай жаночай калоніі. Ейны муж Андрэй Шарэнда заяўляе, што ў Папраўчай калоніі № 4 у Гомлі катуюць не толькі ягоную жонку, але і іншых жанчын.

– З 27 верасня Паліна зноў у ШІЗА. За апошні месяц гэта трэцяе ейнае накіраванне ў штрафны ізалятар, агулам толькі за верасень яна прабыла там 20 содняў. Цяпер атрымала яшчэ 10 дзён у ШІЗА за тое, што нібыта трымала рукі ў кішэні, – кажа ў размове з «Белсатам» Андрэй Шарэнда.

Гомельская жаночая калонія. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

На Паліну склалі чацвёрты рапарт пра парушэнне правапарадку: хутчэй за ўсё, з карцару яна не выйдзе, а будзе змешчаная ў так званае памяшканне камернага тыпу.

– Праз такое выпрабаванне прайшлі ўжо Наталля Хершэ і Вольга Класкоўская, пасля трэцяй адпраўкі ў ШІЗА іх аўтаматычна на тры месяцы пераводзілі ў памяшканне камернага тыпу, – адзначае муж Паліны.

Артыкулы
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк двойчы адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні
2021.09.12 13:26

Андрэй лічыць, што ўлады проста здзекуюцца з ягонай жонкі і помсцяць ёй за пазіцыю і тое, што яна іх не прызнае.

– Ад імя сваякоў людзей, якія застаюцца ў гомельскай калоніі, хачу заявіць: там катуюць людзей, там катуюць палітвязняў. Напрыклад, Наталля Хершэ заяўляла, што яна радая, што яе пераводзяць з гомельскай калоніі ў крытую мужчынскую турму. Яна кажа, што горшых умоваў, чым ІК-4 прыдумаць не магчыма. Альбо тое, што цяпер адбываецца з Вольгаю Класкоўскай, якая пакутуе на хваробы, але не атрымлівае дапамогі. Тое, што адбываецца з маёй жонкаю Палінай, якая з самога пачатку змешчаная ў нялюдскія ўмовы. Яе катуюць, і прозвішча ў чалавека, адказнага за гэтыя катаванні ў цэнтры Еўропы, ёсць: гэта начальнік ПК № 4 Дзяніс Талсцянкоў, – заяўляе Андрэй Шарэнда.

Артыкулы
Паліну Шарэнду-Панасюк і сясцёр Міронцавых у гомельскай калоніі паставілі на дадатковы прафілактычны ўлік
2021.09.25 16:44

Паліну Шарэнду-Панасюк абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

У чэрвені Паліну асудзілі на 2 гады зняволення.

Сваёй віны жанчына не прызнае і лічыць сябе захопленай у палон. Маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей прызналі палітзняволенаю.

Пасля прысуду Андрэя Шарэнду таксама абвінавацілі ў дзвюх крымінальных справах: арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, што наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы») і арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»). Андрэй на суд не з’явіўся і пакінуў Беларусь.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў