30 пытанняў да афіцыйнай версіі страляніны на Якубоўскага


Улады Беларусі шматзначна тлумачаць здарэнне, у якім загінулі айцішнік Андрэй Зельцар і баец КДБ, які быў сярод тых, хто ўварваўся ў кватэру Зельцара. Няма адказаў на безліч пытанняў, а некаторыя лічаць відэа пастановачным.

«Белсат» сабраў пытанні, якія агучвалі Zerkalo.io, «Наша ніва», Б-Бі-Сі, «ByPol» і польскі эксперт Цэнтру даследаванняў тэрарызму ў каментарах «Белсату», «ByPol» у каментары «Свабодзе», адвакат Сяргей Зікрацкі, блогеры Антон Матолька, Аляксей Кунгараў і Аляксей Кузняцоў, псіхолаг і былы аператыўнік у каментарах «Белсату».

  1. Якая храналогія падзеяў? Што ў які час адбылася? Першая публікацыя пра здарэнне была ў блогера Nexta а 19:37, а 20:19 апрацаванае відэа здарэння публікуе звязаны з дзяржаўным тэлебачаннем і сілавікамі Telegram-канал «Жёлтые сливы». Паводле блогера Антона Матолькі, Зельцар быў у працоўных чатах а 13:30, паведамленне пра раненне супрацоўніка КДБ паступіла а 13:40, у нейкі момант Зельцар тэлефанаваў у міліцыю.
  2. Навошта праўладны канал апублікаваў відэа так хутка, адразу ў дзень здарэння? Навошта наагул публікавалі такое відэа, калі кадры забойства сілавіка могуць справакаваць на яшчэ большы гвалт і дэмаралізаваць сілавікоў? Навошта ставілі відэа забойства рэкламаю на YouTube?
  3. Чаму Зельцар запісваў відэа са сваёй кватэры? Версія прапагандыстаў – «дзеля хайпу», версія «ByPol» – у выпадку чаго даказаць, што не вінаваты. «Дзеля хайпу» можна было б весці жывую трансляцыю.
  4. Навошта Зельцар тэлефанаваў у міліцыю? Версія «ByPol» – паведаміў, што невядомыя ламаюць дзверы ў кватэру, і прасіў дапамогі. Версія дзяржаўнай прапаганды – спачатку Зельцар, потым ягоная жонка «выклікалі міліцыю на сябе», рыхтаваліся страляць па заманеных сілавіках.
  5. Дык сілавікі прыехалі на выклік самога Зельцара ці, як раней заяўлялі Генпракуратура і КДБ, «адпрацоўвалі адрасы, на якіх маглі быць асобы, датычныя да тэрарызму», у сувязі з чым мелі санкцыю на ператрусы? Чаму спачатку ўлады не згадвалі пра выклікі міліцыі, а толькі пасля таго, як інфармацыя пра выклікі трапіла ў сацсеткі?
  6. Чаму жыхары дому на Якубоўскага казалі, што не чулі стрэлаў са стрэльбы, хоць гэта вельмі гучна?
  7. Хто страляў першы? З апублікаванай нарэзкі выглядае, што Зельцар стрэліў дуплетам, калі з калідору крычалі «Страляй!» (бачна на кадрах з пакою), а сілавік у шэрай куртцы стрэліў тройчы за імгненне пасля стрэлаў Зельцара (кадры з калідору). Але з нарэзкі не відавочна, што не быў выразаны нейкі іншы момант, кадраў з пакою зусім мала. З нарэзкі нават не відавочна, што два ракурсы – з адной і той жа кватэры.
  8. Чаму супрацоўніка ў чорнай куртцы не відаць на кадрах з пакою, а толькі на кадрах з вітальні? На кадрах з вітальні ён стаіць у праходзе, а за секунду да таго яго не было відаць у праходзе і ў люстэрку на кадрах з пакою – сляпая зона ў калідоры выходзіць зусім малой. Чаму на відэа з вітальні не відаць Зельцара? За секунду да таго, як на гэтым відэа з’яўляецца кут пакою, Зельцар з таго кута страляў.
  9. Бачна, што відэа таксама здымала жанчына (меркавана, жонка Зельцара). Чаму не публікавалі ейнае відэа?
  10. Чаму відэа змантавалі так, што спачатку бачны твар Зельцара, потым іншы ракурс, а потым толькі рукі кагосьці, хто страляе са стрэльбы? Пры такім мантажы няма пэўнасці, што гэта адзін і той жа чалавек.
  11. Чаму кватэру меркавана «асабліва небяспечнага» штурмавалі толькі праз дзверы, а не праз вокны? Чаму сілавікі без спецыяльнага рыштунку – бронекамізэлек, касак, накаленнікаў, шчытоў? Чаму не ўжывалі святлошумавой гранаты?
  12. Чаму сілавік перад штурмам крычаў «Міліцыя!», калі там быў прынамсі адзін супрацоўнік КДБ? Перад штурмам паказалі дакументы і назвалі прычыну візіту ці толькі крыкнулі «Міліцыя!» і сталі ламаць дзверы?
  13. Чаму сілавікі так нязграбна і непрафесійна заходзяць у кватэру, нібы не вывучалі яе планавання?
  14. Чаму сілавікі не былі гатовыя да таго, што Зельцар меў зброю, хоць яна была афіцыйна зарэгістраваная і Зельцар не ўтойваў яе ў сацсетках? Чаму сілавік у шэрай куртцы дастае пісталет ужо тады, калі зайшоў у кватэру меркавана «асабліва небяспечнага»?
  15. Калі ішлі ўсё ж не да «асабліва небяспечнага», а на руцінны палітычны ператрус, што там рабіў супрацоўнік КДБ, якога «ByPol» ідэнтыфікаваў як байца элітнай групы «А»? У яшчэ двух сілавікоў былі «экзатычныя» мадэлі пісталетаў, якімі звычайныя міліцыянты не карыстаюцца.
  16. Навошта сілавік з камераю ідзе на лінію агню проста падчас страляніны?
  17. Чаму супрацоўнік у шэрай куртцы страляе ў вузкім калідоры, калі проста перад ім стаіць супрацоўнік у чорным (які пазней быў паранены), нібыта не баіцца зачапіць свайго? Ці не ён падстрэліў з пісталета супрацоўніка ў чорнай куртцы?
  18. Чаму сляды крыві на падлозе пад сілавіком не падобныя да таго, што было б ад стрэлу са стрэльбы ва ўпор, але падобныя да ранення з пісталета? Ад стрэльбы было б значна больш крыві.
  19. Як сілавік у чорным мог так бадзёра рухацца пасля трапляння са стрэльбы амаль ва ўпор? На відэа ж хтосьці ў калідоры, хто не трапіў у кадр, страшна крычаў.
  20. Чаму няма слядоў крыві Зельцара? Чалавек у шэрай куртцы тройчы стрэліў і ні разу не патрапіў, а пацэліў толькі супрацоўнік у чорнай куртцы, які страляў пасля і якога падстрэлілі?
  21. Са стрэльбы Зельцара – даволі мала дыму: на відэа стрэлаў з гэтай мадэлі стрэльбы дыму болей. Чаму дыму мала? Можа, Зельцар страляў халастымі ці гумовымі кулямі? Гэта можа патлумачыць малую колькасць дыму і не самую моцную аддачу стрэльбы.
  22. Чаму жанчына на відэа не крычыць, калі страляюць у бок ейнага мужа і потым у ейны бок? Чаму жанчына выходзіць на лінію агню практычна адразу пасля стрэлаў? Чаму пры гэтым не выглядае перапужанай?
  23. У двух фрагментах відэа з пакою вакно спачатку за шторамі, потым без. Навошта шторы адсунулі ў момант, калі ў кватэру ламіліся?
  24. Чаму наагул забяспечаны і жанаты айцішнік, які гадуе дзіця і займаецца спортам, узяўся за стрэльбу? Зельцара нішто і ніхто не характарызуе як агрэсіўнага ды гатовага стаць смяротнікам. Не сакрэт жа, што сілавікі ў Беларусі часта ўзломваюць кватэры для ператрусаў, а пра гучныя ўзломы кватэраў бандытамі даўно не чуваць.
  25. Чаму Зельцар заняў нявыгадную пазіцыю для стральбы, а не схаваўся ад патэнцыйных стрэлаў у адказ? Ці не баяўся Зельцар за жонку і ці не баялася яна сама быць у тым жа пакоі, адкуль Зельцар збіраўся страляць? Чаму жанчына не схавалася ў іншым пакоі?
  26. Чаму ў Зельцара два Instagram-акаўнты, пры тым у адным (створаным у 2012 годзе) пра стрэльбу нічога няма, а ў другім (актыўным з 9 сакавіка 2021 года) два здымкі стрэльбы, апублікаваныя 13 і 14 жніўня?
  27. Ці сапраўды Зельцар загінуў? Інфармацыя пра смерць Зельцара паступае толькі ад дзяржаўных СМІ, а «ByPol» і незалежныя СМІ не маюць ніякіх пацверджанняў ягонай смерці. Можа, мужчына жывы і проста ўцёк?
  28. Чаму жонку падазраюць у суўдзеле, калі яна толькі здымала відэа?
  29. Як Генпракуратура так хутка зладзіла правяранне? Генеральны пракурор сказаў пра гэта апоўдні 29 верасня, на наступны дзень па здарэнні. Чаму Генеральная пракуратура, а не Следчы камітэт?
  30. Чаму ўлады, праўладныя медыі і блогеры не спрабуюць адказаць на гэткую колькасць пытанняў, а толькі пагражаюць і распальваюць варажнечу, блакуюць «Камсамольскую праўду» і пагражаюць «EPAM Systems»?
Hавiны
КДБ праводзіць масавыя затрыманні па справе страляніны на Якубоўскага
2021.09.30 14:12
Hавiны
Што вядома пра забітага сілавікамі Андрэя Зельцара
2021.09.29 18:51
Аналітыка
Ад Аўтуховіча да Зельцара: каго рэжым Лукашэнкі лічыць «тэрарыстамі»
2021.09.29 19:09
Hавiны
Беларусы пачалі страляць адно ў аднаго ў «Год народнага адзінства». Эксперты пра трагедыю на Якубоўскага
2021.09.29 14:46
Інтэрв’ю
«Андрэй не мог не даць адпор». Размова з сябрам забітага сілавікамі менчука
2021.09.29 15:26

АА belsat.eu

Стужка навінаў