Вынікі пошуку для:

Як беларусам не трапіць на махляроў, працуючы ў Польшчы

Польшча выдала беларусам больш за 355 тысяч візаў пасля выбараў 2020 года, цяпер тут працуюць легальна не менш за 91 тысячу чалавек. Але некаторыя сутыкаюцца з праблемамі нават у легальнай працы, а шмат хто пагаджаецца на нелегальную. Расказваем, што трэба ведаць беларусам аб працы ў Польшчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Michal Kosc / Forum

Для гэтага матэрыялу «Белсат» кансультавалі старшыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, прэс-сакратар Цэнтру беларускай салідарнасці Антось Жукаў, юрысткі Цэнтру беларускай салідарнасці Марына Грышчанка і Алеся Пажытак, а таксама адмыслоўца ў справе кадраў, якая называе сябе Веда і дапамагае парадамі ў беларускіх чатах.

Галоўнае, што трэба ведаць:

  • Найчасцейшая памылка беларусаў у Польшчы – у тыv, што яны пагаджаюцца працаваць без дамовы, а гэта незаконна.
  • Часта беларусы няўважліва чытаюць дамовы, а потым думаюць, што іх надурылі.
  • Беларусам можа быць нязвыкла тое, наколькі канкурэнтны ў Польшчы рынак працы, а ён стаў яшчэ больш канкурэнтны з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
  • У Польшчы беларусам ёсць да каго звярнуцца па кансультацыі і дапамогу, а ўмовы для легалізацыі беларусаў прасцейшыя, чымся ў іншых краінах.

Каб працаваць, абавязкова падпісваць дамову

Асноўныя віды дамоваў у Польшчы:

  • «umowa o pracę» – звычайная дамова на працу, якая рэгулюецца Працоўным кодэксам і дае большыя сацыяльныя гарантыі, дае аплачваны бальнічны (а жанчынам гарантуюцца бясплатныя роды ў польскіх шпіталях і дапамога на дзяцей), чалавека цяжэй звольніць;
  • «umowa zlecenia» – грамадзянская дамова, якая рэгулюецца Грамадзянскім, а не Працоўным кодэксам, таму мусіць падрабязна апісваць кожны нюанс працы (як, напрыклад, даплаты за начныя змены);
  • «umowa o dzieło» – дамова падраду на канкрэтную працу, якая мусіць быць падпісаная да пачатку працы і па заканчэнні якой мусіць быць падпісаны акт выкананых работаў.

Працаваць без дамовы нельга. За нелегальную працу могуць аштрафаваць ці нават дэпартаваць працаўніка. Найлепшай формы дамовы няма: «umowa zlecenia» можа даць не горшыя ўмовы, чымся «umowa o pracę». 

Юрыстка Марына Грышчанка ўдакладняе: заканадаўства Польшчы фармальна не забараняе заключаць дамоваў вусна, так зрэдку робяць. Але пры вуснай дамове працадаўца абавязаны ў пісьмовай форме перад допускам да працы пацвердзіць нанятаму працаўніку ўмовы (працоўны час, дату пачатку працы, тарыфную стаўку, від і месца працы, назвы бакоў дамовы і від працоўных стасункаў) і падпісаць гэты дакумент. Грамадзянска-прававыя дамовы можна заключаць вусна. Юрыстка раіць пры складанні вуснай дамовы таксама мець сведкаў, захаваць звесткі, лісты, дзе бакі дамаўляюцца пра ўмовы выканання кантракту.

Марына раіць і правяраць фірму ў рэестры прадпрымальнікаў (Krajowy rejestr sądowy для кампаніяў і Centralna ewidencja działalności gospodarczej для фізічных асобаў): ці існуе такая кампанія наагул, якія мае нумары KRS (у судовым рэестры) і NIP (нумар платніка падаткаў), хто можа дзеяць ад імя кампаніі, ці тая сама асоба заключае дамову (калі не, трэба папрасіць паказаць даверанасць ад асобы, пазначанай у KRS).

Дамова на польскай мове можа быць незразумелая

Польская мова вельмі блізкая да беларускай, але гэта ўсё ж іншая мова. Заканадаўства абавязвае даць працаўніку дамову і на польскай, і на зразумелай працаўніку мове. Працадаўцы, кажа Веда, могуць гэтым «не асабліва пераймацца» і даць беларусу дамову па-ўкраінску. Можна патрабаваць дамову на зразумелай для сябе мове, але ёсць лепшыя варыянты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: eurowork.com.ua

З перакладам добра спраўляюцца перакладчыкі кшталту «Google Translate», калі няма грошай на прафесіянала. У Польшчы ўжо шмат беларусаў – і шмат беларускіх чатаў і суполак, падказвае Веда. Найхутчэй, хтосьці сутыкаўся з такой жа сітуацыяй ці тым жа незразумелым выразам. Можна спытаць і ў іншых працаўнікоў, што значыць нейкі пункт дамовы.

Таксама варта перад размоваю з працадаўцам запісаць у тэлефон ці на паперу спіс пытанняў: які будзе тып дамовы, колькі часу трэба працаваць, на чым будзе палягаць праца, які будзе заробак нета.

А беларусы могуць блытаць брута (brutto, заробак да сплаты падаткаў, «бруднымі»)  і нета (netto, заробак «на рукі», «чыстымі»). У дамовах будзе прапісаны першы, і калі кажуць «вам заплацяць 20 злотых за гадзіну», адразу трэба цікавіцца, гэта брута ці нета, і правяраць лічбы ў дамове.

Калі не даюць дамовы, гэта кепскі знак

Старшыня Беларускага дому Алесь Зарэмбюк кажа, што яны дзясяткі разоў сутыкаліся з такімі сітуацыямі, калі людзі пачыналі працаваць без дамовы, ім абяцалі падпісаць дамову спачатку заўтра, пасля праз тыдзень, затым яшчэ пазней. А як прыходзіў час плаціць заробак, не плацілі. Грышчанка разважае: у малой кампаніі сапраўды можа быць так, што ўсе адказныя захварэлі, але ў буйных кампаніях і на заводах гэта не нармальна.

Нярэдка падпісваюць дамову толькі ў адным асобніку, а польскае заканадаўства абавязвае падпісваць дамовы ў двух. І працаўнік мусіць захоўваць адзін асобнік у сябе на выпадак звароту ў Інспекцыю працы або суд.

Веда дадае: цягам сямі дзён працадаўца мусіць паведаміць пра новага працаўніка ва Управу сацыяльнага страхавання (ZUS). Каб пераканацца ў тым, што працуеш афіцыйна, праз сем дзён з пачатку працы можна папрасіць у працадаўцы форму ZUS ZUA, калі такой не выдалі раней.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Bartlomiej Kudowicz / Forum

Выпрабавальны тэрмін без дамовы таксама незаконны

Нярэдка на выпрабавальны тэрмін працаўніку прапаноўваюць ісці без дамовы, але гэта нелегальна. Варта падпісваць дамову нават на тыдзень працы, і ў гэтай дамове мусіць быць прапісана, якія працаўнік мае абавязкі і колькі зарабляе за гадзіну. 

Існуе нават спецыяльная форма дамовы («umowa próbna»), але выпрабавальны тэрмін можа быць прапісаны і ў паўнавартаснай дамове.

Пошук працы праз пасярэднікаў цалкам законны

Агенцтвы працаўладкавання (калі pracodawca tymczasowy адсылае працаваць да pracodawcy użytkownika) скіраваныя найперш на замежнікаў, палякі нячаста імі карыстаюцца. Гэткая практыка ўрэгуляваная на ўзроўні заканадаўства Еўразвязу, і калі ўсё зроблена правільна, то гэта бяспечная форма працы. Пры працы праз агенцтва заробак меншы, чымся пры ўладкаванні наўпрост, але гэта нармальна.

Веда тлумачыць: напрыклад, завод A гатовы даваць працаўніку 25 злотых за гадзіну працы, але мае вялікую цякучку кадраў, таму наймае кампанію B, якая шукае працаўнікоў для заводу А. Агенцтва B падбірае працаўнікоў, займаецца іхнайю легалізацыяй і жытлом – і працаўнік атрымлівае ўжо не 25, а 20 злотых (і агенцтва будзе пісаць пра 20, а 25 будзе камерцыйнаю таямніцаю).

Агенцтвы могуць прасіць аплату «наперад», але Зарэмбюк раіць падпісваць такую дамову, каб за паслугі можна было заплаціць пасля першага заробку. Акрамя таго, некаторыя агенцтвы могуць прапаноўваць нелегальную працу – на гэта лепей не пагаджацца. І агенцтвы не могуць патрабаваць нейкіх выплатаў з заробку, не пазначаных у кантракце.

Нелегальная праца – кепская ідэя

Суразмоўцы тлумачаць «Белсату», што беларусы пагаджаюцца на нелегальную або сумнеўную працу найперш таму, што прыязджаюць у чужую краіну без грошай, а трэба купляць ежу і плаціць за жытло. Таму хапаюцца за любую працу, каб выжыць, згаджаюцца на любы варыянт на эмоцыях (таксама як на эмоцыях хапаюцца за любое жытло, не пачытаўшы дамовы).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Wlodzimierz Wasyluk / Forum

Часам нелегальная праца (na czarno) можа прынесці большы даход, кажа Зарэмбюк, але ён не раіць на яе ісці: легальная праца дае ўпэўненасць у абароне польскім заканадаўствам, рэгулярную аплату ў пенсійны фонд – ва Управу сацыяльнага страхавання (ZUS) і за медычнае страхаванне ў Нацыянальны фонд здароўя (NFZ) або іншыя страхавыя кампаніі. З легальнаю працаю пачынае фіксавацца крэдытная гісторыя – можна будзе атрымаць крэдыт на больш выгадных умовах.

Алесь расказвае, што нярэдка працадаўцы хітруюць з умовамі працы: карыстаюцца тым, што замежнікі «на птушыных правах», не валодаюць мовай і баяцца скардзіцца. Напрыклад, даюць дальнабойнікам фальшывыя дакументы, якія дазваляюць ехаць без перапынку даўжэй, чымся дазваляе заканадаўства. Безумоўна, не ўсе кампаніі такія.

Юрыстка Алеся Пажытак дадае: ёсць нямала беларусаў, якія жылі ва Украіне, уцяклі ў Польшчу без польскай ці шэнгенскай візы. Яны хочуць працаваць, а не могуць рабіць гэтага легальна ў час працэдуры атрымання міжнароднай абароны. Гэта сапраўдная праблема, кажа юрыстка. Калі чалавек не хоча жыць у лагеры для ўцекачоў, то грашовай дапамогі даюць усяго 750 злотых (каля $ 157) на чалавека на месяц, на двух даюць 1200 злотых, на трох – 1500. Як юрыстка Алеся не можа рэкамендаваць працаваць нелегальна, але прызнае, што на такую грашовую дапамогу «не разгонішся».

У наступным артыкуле «Белсат» раскажа, як бараніць свае правы ў Польшчы, як легалізавацца і як змагацца з дыскрымінацыяй.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны