Людзі, якія зніклі без вестак. Больш за 20 гадоў замоўчвання


Сёння ў свеце згадваюць людзей, якія зніклі без вестак. Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў, які яшчэ ў 1983 годзе ініцыявала Лацінаамерыканская федэрацыя асацыяцыяў сваякоў затрыманых і зніклых, адзначаюць штогод 30 жніўня.

Зміцер Завадскі, Юрый Захаранка і Павел Шарамет. Калаж з фота: wikimedia.org / Первый канал / wikipedia.org

Беларускае грамадства ўпершыню сутыкнулася з такою з’яваю, як выкраданне людзей, 7 траўня 1999 года. Тады пры нявысветленых абставінах знік генерал, былы міністр унутраных справаў Беларусі Юрый Захаранка. Следчыя дзеянні не мелі станоўчага выніку. Пазней былі знойдзеныя сведкі, якія бачылі, што Захаранку невядомыя асобы гвалтоўна закінулі ў аўтамабіль недалёка ад ягонага дому. У 2001 годзе былі апублікаваныя дакументы, якія далі падставы меркаваць, што яго зліквідаваў «эскадрон смерці».

16 верасня 1999 года позна ўвечары каля лазні, што ў Другім веласіпедным завулку Менску, зніклі палітык Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Пазней на тым месцы былі знойдзеныя аскепкі ад фары аўтамабіля, які належаў Красоўскаму, і сляды крыві.

Праз год 7 ліпеня 2000 года знік тэлеаператар Зміцер Завадскі. За тры гады да гэтага здарэння, увесну 1997 года, яго з журналістам Паўлам Шараметам абвінавацілі ў незаконным мінанні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак сюжэту. Быў умоўна асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі. А ў 1999-2000-м Завадскі з Шараметам працавалі ў Чачэніі над фільмам «Чачэнскі дзённік». Там Завадскі сустракаўся з былым байцом спецназу Валерам Ігнатовічам. Менавіта Ігнатовіча разам з былым саслужбоўцам Максімам Малікам абвінавацілі ў выкраданні Завадскага. Але тыя так і не здолелі паведаміць, дзе цела чалавека, якога яны выкралі. Нягледзячы на гэта, пракуратура спыніла справу па факце знікнення Змітра Завадскага з фармулёўкай «у сувязі з незнаходжаннем зніклай без вестак асобы».

Праваабаронцы лічаць асноўнымі падазраванымі Аляксандра Лукашэнку, Віктара Шэймана, які тады кіраваў Саветам бяспекі, былых міністраў унутраных справаў Юрыя Сівакова і Уладзіміра Навумава, Дзмітрыя Паўлічэнку, які быў камандзірам вайсковай часткі ўнутраных войскаў 3214, і былога кіраўніка Службы бяспекі Мікалая Васільчанку. Падставаю для абвінавачанняў стаўся рапарт генерал-маёра Мікалая Лапаціка кіраўніку МУС Уладзіміру Навумаву ў 2000 годзе, у якім ён указваў пра ролю «расстрэльнага пісталета». Згодна з паказаннямі Лапаціка, выкраданнямі займаўся палкоўнік МУС Дзмітрый Паўлічэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дасюль сваякі зніклых не ведаюць, які лёс нападкаў іхных блізкіх. Справы журналіста і палітыкаў набылі галоснасць, і грамадскасць пра іх добра ведае. Інакш са справамі выкрадзеных бізнесоўцаў і так званых крымінальных аўтарытэтаў. Іхныя сваякі маўчаць, і грамадства нават не ведае дакладнай колькасці выкрадзеных і забітых асобаў.

Упраўленне вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, а таксама «Amnesty International» і «Рэпарцёры без межаў» у сваіх дакладах уздымалі пытанне зніклых у Беларусі. Неаднаразова праваабаронцы і палітыкі запатрабавалі ад уладаў расследаваць справы зніклых, але дасюль гэтыя справы застаюцца ў архівах пракуратуры, а грамадству так і не паведамілі прозвішчаў вінаватых у забойствах. Неаднаразова сілавікі рабілі заявы адносна таго, дзе целы забітых, але інфармацыя не мела пацверджання.

Нягледзячы на тое, што некаторых сваякоў зніклых ужо няма ў жывых, грамадства ведае пра гэтыя справы, лідары апазіцыі будуць дабівацца расследавання, колькі б ні мінула часу.

З пачатку вайны ў суседняй Украіне актуальным для Беларусі стала яшчэ адно парушэнне міжнароднага гуманітарнага права – цяпер гэта датычыць часу ўзброенага канфлікту. Некалькі грамадзянаў Беларусі, якія спачатку шукалі паратунку ад беларускіх сілавікоў на тэрыторыі Украіны, а потым ваявалі там супраць расейскіх агрэсараў, цяпер у палоне. Ім не даюць магчымасці кантактаваць са сваякамі, а тыя не маюць ніякай інфармацыі нават пра іх месца перабывання.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў