Беларусь вывучае мэтазгоднасць будаўніцтва дадатковых энергаблокаў БелАЭС


Беларусь разглядае магчымасць і мэтазгоднасць будаўніцтва дадатковых энергаблокаў БелАЭС, заявіў прэм’ер-міністр краіны Раман Галоўчанка на сустрэчы з кіраўніком «Росатома» Аляксеем Ліхачовым.

Беларуская АЭС.
Фота: Sergei Grits / AP Photo

У першую чаргу адмыслова створаная група цяпер вывучае эканамічную мэтазгоднасць будаўніцтва дадатковых энергаблокаў.

«Але гэта больш аддаленая перспектыва. На дадзеным этапе вельмі важна завяршыць паспяхова той праект, які прадугледжаны дзейным кантрактам. За ім уважліва назіраюць і суседзі, і сусветная ядравая супольнасць», – сказаў Галоўчанка.

Прэм’ер-міністр распавёў, што будаўніцтва другога энергаблоку БелАЭС выйшла на фінальную стадыю, і што важна своечасова закончыць яго, бо «ў цяперашніх рэаліях гэты праект атрымаў асаблівую актуальнасць» і яго хутчэйшая рэалізацыя «скрайне важная для энергетычнай і эканамічнай бяспекі Беларусі».

Раней намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк казаў, што запуск другога энергаблоку БелАЭС плануецца ўжо сёлета.

Яшчэ збудуюць сховішча для адпрацаванага паліва, заканчваецца праца над міжурадавым пагадненнем для перавозу ядравых матэрыялаў.

Галоўчанка дадаў, што Беларусь і Расея цяпер уніфікуюць заканадаўства ў галіне ядравай энергетыкі.

Чыноўнік таксама распавёў, што сёлета праводзіўся планава-папераджальны рамонт першага энергаблоку, які выконваўся «агульнымі сіламі спецыялізаваных расейскіх і беларускіх арганізацыяў».

22 жніўня Міністэрства энергетыкі аб’явіла аб завяршэнні рамонту першага энергаблоку БелАЭС. Яго спынілі 25 красавіка і планавалі ўключыць у сетку ў ліпені. Аднак рамонт цягнуўся на 39 дзён даўжэй.

Генеральны дырэктар «Росатома» Аляксей Ліхачоў падчас сустрэчы з Галоўчанкам зазначыў, што праект БелАЭС застаецца для карпарацыі прыярытэтным.

«Гэта першы блок «ВВЭР-1200», які мы пабудавалі за мяжой. І вядома ж, мы не хочам на гэтым спыняцца», – зазначыў Ліхачоў.

Hавiны
У контур энергаблоку трапіла тона смалы: што цяпер адбываецца на БелАЭС і чаму там пастаянна нешта ламаецца
2022.03.10 19:35

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў