Віктар Бабарыка пра беларускую рэвалюцыю: «Не спыняйцеся! Лёгкім бывае толькі шлях у рабства»


«Белсат» згадвае галоўныя словы і сімвалы беларускай рэвалюцыі, тыя факты і падзеі, якія ўвойдуць у падручнікі найноўшай гісторыі Беларусі і даюць дакладна зразумець: як было раней – ужо не будзе.

Літара Б: Бабарыка

Адным з сімвалаў рэвалюцыі і надзей беларусаў на перамены стаўся Віктар Бабарыка. Мецэнат, банкір і менеджар шмат зрабіў для захавання і прасоўвання беларускай культуры, а ягонае вылучэнне патэнцыйным кандыдатам на прэзідэнцтва зрабілася сапраўдным штуршком для актывацыі вялікай часткі беларусаў, якія прагнулі бачыць сваю краіну сучаснай і паспяховай, пабудаванай на агульначалавечых каштоўнасцях і павазе да асобы.

Віктар Бабарыка.
Фота: Партыя «Разам»

Віктар Бабарыка нарадзіўся 9 лістапада 1963 года ў Менску. Хадзіў у школу № 92, скончыў механіка-матэматычны факультэт БДУ (тэарэтычная механіка), магістратуру БДЭУ, а затым Акадэмію кіравання (эканоміка, арганізацыя ЗЭД). У 1995-м прыйшоў у банкаўскую сістэму – у банк «Алімп», які пазней быў ператвораны ў «Белгазпрамбанк». У 2000-м стаўся старшынём праўлення банку і кіраваў ім цягам 20 гадоў.

«Місія, якую мы даўно сфармулявалі ў нашым банку, – спрыянне фармаванню ў Беларусі сярэдняга класу. У нашым разуменні гэты працэс залежыць не толькі ад эканомікі, але цалкам натуральна – ад культуры. Гэта лагічна – фармаваць сярэдні клас не толькі з эканамічнага, але і з культурніцкага гледзішча», – казаў Віктар Бабарыка ў інтэрв’ю выданню «Белорусы и рынок» у жніўні 2019 года.

Зыходзячы са сваёй місіі, кіраўніцтва «Белгазпрамбанку» зарганізавала Міжнародны дзіцячы фонд «Шанец», які адрасна дапамагае цяжкахворым дзецям (аплата лячэння, хірургічных умяшанняў, набыццё лекаў і медычнай тэхнікі).

Потым – праект «Арт-Беларусь», у межах якога ў нашую краіну былі вернутыя працы Шагала, Суціна ды іншых вядомых мастакоў, было праведзена больш за 20 маштабных мастацкіх выставаў у Менску, Гомлі, Віцебску, Берасці, Горадні, Рызе, Вільні і Парыжы, якія агулам наведалі больш за 300 тысячаў чалавек. Напрыклад, выстава «Дзесяць вякоў беларускага мастацтва», праект «Восеньскі салон з «Белгазпрамбанкам», прызначаны для прэзентацыі працаў маладых беларускіх мастакоў. У межах праекту апублікавалі больш за 20 кніг: выставачных каталогаў, публіцыстычных эсэ, факсімільных перавыданняў. Знялі 9 дакументальных фільмаў пра мастакоў Парыжскай школы – нарадзінцаў Беларусі.

Пры спрыянні Бабарыкі ў Беларусь вярнулі арыгінал Бібліі Францыска Скарыны.

Інфаграфіка
Акрэсціна: сімвал эвалюцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Галоўныя словы беларускай рэвалюцыі
2021.08.20 15:13

Адна з самых гучных ініцыятываў – стварэнне карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку». Сёння яна налічвае больш за 100 экспанатаў – карціны, скульптуры, кнігі. Аснову калекцыі складаюць працы мастакоў Парыжскай школы, якія нарадзіліся ў Беларусі. Большая частка калекцыі з 2017 года экспанавалася ў галерэі «Арт-Беларусь».

Даведка

У 2008 годзе Віктар Бабарыка атрымаў дыплом Камісіі Рэспублікі Беларусь у справах ЮНЭСКО за вялікі ўнёсак у развіццё інтэрнацыянальных культурніцкіх сувязяў, а ў 2014-м – ганаровае званне мецэната культуры Беларусі.

Згадайма і тэатральныя ды спартовыя даробкі. Бадай, самы яркі тэатральны праект – штогадовы Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт», на якім з 2011 года паказваліся найлепшыя інсцэнізацыі з усяго свету (праводзіўся да 2019 года). Банк актыўна падтрымліваў Берасцейскі гандбольны клуб, які быў лідарам у Беларусі і займаў даволі высокую пазіцыю на еўрапейскай арэне.

Віктар Бабарыка ініцыяваў стварэнне культурніцкага хабу «Ок16», унікальнай пляцоўкі прасоўвання культурніцкіх праектаў. Прафінансаваў выданне 15 тысяч асобнікаў пяцітомніку лаўрэаткі Нобэлеўскай прэміі Святланы Алексіевіч на беларускай мове для беларускіх бібліятэк.

Графіка: Белсат

У Віктара Бабарыкі двое дзяцей: сын Эдуард і дачка Марыя, якая жыве ў Аўстраліі. Жонка загінула ў 2017 годзе падчас занятку дайвінгам. Эдуард Бабарыка – адзін з заснавальнікаў краўдфандынгавай пляцоўкі «Вулей» і сузаснавальнік пляцоўкі «MolaMola», дзякуючы якім у Беларусі былі зрэалізаваныя сотні карысных грамадскіх, культурніцкіх і дабрачынных праектаў ды ініцыятываў. Сярод іх: 211 праектаў – выданне кніг для дзяцей і дарослых па-расейску і па-беларуску, 82 – з тэатральнымі і кінапаказамі, здымкамі дакументальных і кароткаметражных фільмаў, 77 – выпуск дэбютных музычных альбомаў. Амаль 200 ініцыятываў былі звязаныя з сацыяльнаю сфераю (падтрыманне шпіталяў, догляд жывёлы, іншыя важныя праекты для грамадства), больш за 120 – з дызайнам (адзенне, аксесуары, крэатыўныя прадукты), 88 бізнес-праектаў пачалі сваё існаванне з дапамогаю краўдфандынгу.

Бабарыка ў цытатах

«Каб дасягнуць высокага ўзроўню культуры, неабходна стварыць моцную эканоміку».

«Мы ўвесь час апраўдваемся або спрабуем камусьці нешта даказаць з пазіцыі «а ў нас таксама нешта было». Не штосьці, а самабытная культура краіны з гісторыяй дзесяць стагоддзяў. Англічане, японцы, кітайцы, нават расяяне жывуць з адчуваннем, што за іхнымі плячыма – шматвяковыя гісторыі, у іх гэта пачуццё выхоўваецца з нараджэння. Калі мы разбудзім такое пачуццё ў нашых людзях, я спадзяюся, яно дазволіць нам рухацца далей…»

Віктар Бабарыка.
Фота: ІА / Белсат

«У Беларусі вельмі выдатна нарадзіцца. Мы хочам, каб у Беларусі было выдатна нарадзіцца, жыць і памерці».

«Пакуль у Беларусі будзе ідэя і думка, якая можа аб’яднаць нас, такіх розных, з розным мастацкім густам, палітычнымі прыхільнасцямі, узростам і адносінамі, датуль была, ёсць і будзе нашая бел-чырвона-белая сінявокая Беларусь. Жыве Беларусь!»

2020 год:

«Беларусь ужо ніколі не будзе такой, як яна была раней. Гэта новая Беларусь».

«Я закаханы ў людзей. Мне хочацца не іх мяняць, а ўмовы, у якіх яны аказваюцца. Самых людзей мяняць не трэба, нават сябраў выбарчай камісіі. Дзе б ты ні жыў, у беднай вёсцы або ў сталіцы, колькі б табе ні было гадоў, дзе б ты ні працаваў, ты заслугоўваеш любові».

«Лепшых словаў пра тое, што беларусы ўлюбляюцца ў беларусаў, я і не чуў. Гэта ж самае важнае: «Людзьмі звацца!» І калі я да гэтага хоць неяк датычны, то гэта дарагога варта».

«Быць датычным да адраджэння нацыі, да абуджэння ў чалавеку самых каштоўных ягоных якасцяў – значыць нездарма пражыць жыццё».

«Наш народ не апусціўся да такой мярзоты, якую прадэманстравалі ўлады. Мы не заплямілі сваіх рук чужою крывёю. Новая Беларусь павінна будавацца не на крыві, хоць старая ўтрымліваецца менавіта гвалтам і жорсткасцю. Менавіта дабро забяспечыць шчаслівую будучыню краіны».

Віктар Бабарыка.
Фота: Партыя «Разам»

«Адказаўшы сабе на пытанне «навошта», можна перажыць любое «як».

«Не спыняйцеся! Лёгкім бывае толькі шлях у рабства. Часам свабода патрабуе цвёрдасці і непахіснасці. Але яна сапраўды вартая таго».

Выбарчая кампанія

12 траўня 2020 года Віктар Бабарыка звольніўся з «Белгазпрамбанку» і заявіў пра свой удзел у прэзідэнцкіх выбарах. За вельмі кароткі тэрмін Бабарыка стварыў другую паводле колькасці ініцыятыўную групу (каля 9 тысяч асобаў, у той час як у Лукашэнкі было 11 тысячаў). Таксама ён паставіў рэкорд у колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Паводле звестак ягонага штабу, сабралі больш за 430 тысяч подпісаў, а падалі ў ЦВК 283 тысячы! Кандыдатуру Бабарыкі падтрымалі вядомыя беларусы: набэліятка Святлана Алексіевіч, рэжысёр Андрэй Курэйчык, палітыкі Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка абрынуўся на Віктара Бабарыку з пагрозамі ды абвінавачваннямі. Адначасова з гэтымі нападкамі з 11 чэрвеня ў кампаніях, звязаных з сябрамі Бабарыкі, адбыліся ператрусы і затрыманні. У «справе «Белгазпрамбанку» былі затрыманыя каля 20 чалавек. Віктара Бабарыку з сынам Эдуардам затрымалі 18 чэрвеня, калі тыя накіроўваліся ў ЦВК здаць сабраныя подпісы. Затрымліваў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР «праводзіліся вучэнні». У гэты ж дзень Віктара Бабарыку змясцілі ў СІЗА КДБ.

Першы дзень суда па справе Віктара Бабарыка і супрацоўнікаў Белгазпрамбанку ў судзе Маскоўскага раёну ў Менску. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Увечары ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» кіраўнік КДК Іван Церцель заявіў, што патэнцыйны кандыдат на прэзідэнцтва Віктар Бабарыка «кіраваў злачыннаю групай і затрыманы за фінансавыя махінацыі, крадзеж, махлярства, атрыманне і дачу хабару». Бабарыку назвалі арганізатарам злачыннай схемы, яго абвінавацілі ў адмыванні грошай у асабліва буйным памеры, ухіленні ад выплаты падаткаў і дачы хабару. Бабарыка – адзіны з затрыманых у гэтай справе, хто адмовіўся прызнаць сябе вінаватым.

Увосень 2020-га Віктар Бабарыка стаў удзельнікам сустрэчы затрыманых бізнесоўцаў і актывістаў з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ.

У сакавіку 2021 года штаб Віктара Бабарыкі паведаміў пра стварэнне палітычнай партыі «Разам».

Суд

Судовы працэс у «справе «Белгазпрамбанку» пачаўся 17 лютага 2021 года і цягнуўся амаль 5 месяцаў. Пракурор Сяргей Гіргель прасіў прысудзіць Віктару Бабарыку 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф памерам 5 тысячаў базавых велічыняў.

Прысуд палітзняволенаму экс-банкіру вынеслі 6 ліпеня: яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Суддзя Вярхоўнага Суда Ігар Любавіцкі пакараў Бабарыку 14 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, штрафам 145 тысячаў рублёў (5 тысячаў базавых велічыняў). Таксама палітычны вязень павінен выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта прычыненую ім шкоду. Віктара Бабарыку пазбавілі права займаць кіраўнічыя пасады на некаторы час.

Віктар Бабарыка ў судзе. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: Reuters

«Пажыўшы досыць вялікі кавалак жыцця, перабываючы ў гэтай клетцы, я магу дакладна сказаць, што мне не сорамна за сваё жыццё перад людзьмі, з якімі я сутыкаўся… За вельмі кароткі перыяд, крыху больш за месяц, я ўбачыў тую Беларусь, тых людзей, у якіх не проста ёсць шанц. У якіх, я ўпэўнены, яшчэ будзе Беларусь усмешлівая, сумленная, адкрытая», – казаў Віктар Бабарыка ў сваім апошнім слове.

Для адбыцця пакарання палітыка накіравалі ў калонію № 1 у Наваполацку.

Адрас для лістоў: ПК № 1, вул. Тэхнічная, 8, 211440, г. Наваполацк.

СП belsat.eu

Стужка навінаў