Усё спакойна, але кадры ўцякаюць. Спыталі, што адбываецца на дзяржаўных прадпрыемствах


«Белсат» пацікавіўся ў рабочых у Беларусі наконт умоваў працы, а таксама спытаў прадстаўніка Рабочага руху пра настроі на дзяржаўных прадпрыемствах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ІА / Белсат

Звальняюцца або чакаюць, што санкцыі вырашаць усё за іх

Былы супрацоўнік 1-га рудаўпраўлення «Беларуськалію», а цяпер лідар стачкаму прадпрыемства і прадстаўнік «Рабочага руху» Глеб Сандрас расказвае, што на буйных дзяржаўных заводах цяпер усё даволі спакойна. Хіба што вядома аб працягу палітычных звальненняў на менскім «Водаканале». На «Гомсельмаш», кажа ён, прысылаюць працаваць асуджаных на «хімію», замовы пакуль ёсць.

Шмат хто з рабочых або чакае выхаду на пенсію, або спрабуе скончыць кантракты ці звольніцца праз стан здароўя: Глеб чуў пра такое на падсанкцыйных «Беларуськаліі» ды «Нафтане». Ды пакуль ёсць праца і заробак, шмат працаўнікоў гатовыя працаваць і за 700–800 рублёў.

«Нельга сказаць, што гэта масавая тэндэнцыя, але людзі адчуваюць нестабільнасць», – разважае Сандрас пра звальненні. Стачка ідзе ў выглядзе выцеку кадраў.

Глеб Сандрас.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

На «Беларуськаліі» даволі бадзёра ўспрынялі санкцыі: чакаюць, што за іх хтосьці штосьці вырашыць, але пра катэгарычныя настроі на забастоўку казаць рана. Тым часам 1-е рудаўпраўленне нібыта збіраюцца спыняць на рамонт у сувязі з санкцыямі і спыненнем кантрактаў. Цэх, які рабіў змяшаныя ўгнаенні, што трапілі пад санкцыі, перапрафілявалі пад звычайную белую соль.

З экспартам праз расейскія Мурманск і Усць-Лугу пакуль не дамовіліся, генеральны дырэктар збіраўся ехаць у Маскву на гэтым тыдні, але Глеб Сандрас сумняецца, што ўдасца на нешта дамовіцца. Кітайцы настроеныя скептычна да беларуска-кітайскай кампаніі «Белкалій-Мігао», дадае ён, бо не хочуць звязвацца з амерыканскімі санкцыямі.

Пасля таго, як «Беларуськалій» дапрацуе дзейныя кантракты, будзе «вельмі цікава». Але з абвяшчэння санкцыяў мусіць прайсці 6–10 месяцаў, каб быў адчувальны эфект, лічыць Глеб.

«Горадня Азот» губляе працаўнікоў і задобрывае заробкамі

Сустаршыня страйкаму гарадзенскаму «Азоту» і прадстаўнік Рабочага руху Юрый Рававы расказвае «Белсату», што на заводзе заробкі выраслі больш як на 30 % са дня выбараў, плацяць своечасова і ў поўным аб’ёме. Пры тым яшчэ ў сакавіку 2020-га генеральны дырэктар казаў, што праз пандэмію павышэння заробкаў не будзе, а першае павышэнне адбылося ўжо ў жніўні 2020-га – пасля стварэння страйкаму. У пачатку лістапада, калі людзі пачалі сыходзіць у стачку, зноў павысіліся заробкі.

Хіба на звязаным з заводам прыватным прадпрыемстве «Азот Рам Буд» прыбіраюць даплаты і дапамогу на аздараўленне, а яно было самым пакладзістым.

Юрый Рававы.
Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

Санкцыі не без праблемаў, але абыходзяць, і стачкам мае інфармацыю пра шляхі іх абыходу. Напрыклад, прадукцыю заводу «Горадняхімвалакно» маркіруюць расейскімі этыкеткамі. Былі нават выпадкі, калі ў прадукцыі «Азоту» хавалі кантрабандныя цыгарэты. Але нядаўна на некалькі дзён спынялі вытворчасць карбамідна-аміячных сумесяў, бо не было месца ў сховішчах, а гэта самы рэнтабельны прадукт заводу.

З «Азоту» за пратэсты былі звольненыя больш за 50 асобаў, з іх каля 30 – за прагулы праз страйк. Некаторых прымусілі напісаць заяву на звальненне. Чатыром чальцам Беларускага незалежнага прафсаюзу проста не працягнулі кантрактаў (але з прафсаюзу, нягледзячы на ціск, сышлі толькі каля 10 % сябраў).

Гісторыі
«Прыехаў куратар з КДБ і сказаў, каб мяне прыбралі». Гісторыі беларусаў, якіх звольнілі за палітычныя погляды
2021.04.06 14:47

Агулам з 10-тысячнага «Азоту» з 9 жніўня 2020 года сышлі каля паўтысячы чалавек, і хоць прыйшла пэўная колькасць новых працаўнікоў, вакансіяў застаецца шмат. Звальняць больш не могуць, бо людзі і самі звальняюцца, кажа Рававы, а іншых не знайсці. Звольнілі нават прызначанага 10 жніўня 2020-га кіраўніка кадравай працы – не здолеў прыцягнуць новых працаўнікоў.

Частка людзей разумее, што санкцыі – гэта адзінае, што можа зрабіць Захад, і чакае, што ўлады пойдуць на перамовы, калі завод стане. Але шмат хто не мае пазітыўнага ці негатыўнага стаўлення да санкцыяў, а проста збірае грошы, бо разумее, што жыць будзе складана.

На заводзе яшчэ ёсць група людзей, якая лічыць страйк магчымым, але такіх зусім не большасць. Гэтай групе, кажа Рававы, давядзецца паказваць людзям, як і што можна зрабіць з улікам памылак мінулага.

«З ліпеня па ўсёй тэрыторыі МАЗу пачалі складзіраваць машыны. Мабыць санкцыі працуюць. Хутчэй за ўсё недакамплект дэталяў і вузлоў», – кажа суразмоўца «Белсату». Фота прадстаўлена рэдакцыі

На МАЗе растуць запасы

У той час як кіраўніцтва Менскага аўтазаводу збіраецца выдаткаваць на аздабленне фасадаў 2,5–3 мільёны рублёў, за фасадамі з ліпеня расце колькасць новых грузавікоў: машыны стаяць проста на ўнутранай тэрыторыі. Чытач «Белсату» мяркуе, што прычынаю можа быць недакамплект дэталяў і вузлоў для іх. А прычынаю недакамплекту могуць быць санкцыі.

Іншы работнік МАЗу пацвердзіў, што сітуацыя на фота сапраўдная. Але ўдакладняе: машыны недаўкамплектаваныя не праз праблемы на МАЗе, а праз затрыманне паставак з заводу ў Асіповічах. Адтуль не дайшлі панэлі падножак і яшчэ нейкія дэталі. МАЗ жа мае шмат замоваў на праектаванне, кажа крыніца.

«З ліпеня па ўсёй тэрыторыі МАЗу пачалі складзіраваць машыны. Мабыць санкцыі працуюць. Хутчэй за ўсё недакамплект дэталяў і вузлоў», – кажа суразмоўца «Белсату». Фота прадстаўлена рэдакцыі

На Мазырскім НПЗ сціхлі, працуюць як звычайна

Работнік Нафтаперапрацоўчага заводу ў Мазыры расказвае «Белсату»: прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме.

Заробкі добрыя і без затрымання, хоць і не павялічваюцца. Суразмоўца мяркуе, што вышэйшаму інжынернаму і каманднаму персаналу плоцяць асабліва добра, таму «яны забяспечваюць маўчанне працаўнікоў усіх узроўняў».

Сацыяльны пакет на заводзе добры. За тэхнікаю бяспекі сочыць вялікі штат адпаведнага аддзелу, «пакуль няма наяўных ляпаў з іхнага боку».

Пасля 9–11 жніўня 2020 года, калі працаўнікі выходзілі на пратэсты, самых актыўных звольнілі – і людзі сціхлі.

«Але людзі не задаволеныя тым, што ўладу трымае нелегітымны, – сцвярджае працаўнік Мазырскага НПЗ. – Стрымлівае ўсіх у асноўным небяспека страціць працу. Не менш за 70 % працаўнікоў супраць дзейных уладаў».

Сыходзіць у стачку цяпер пагодзіцца мала народу, мяркуе ён, але падкрэслівае: асноўная частка працаўнікоў разумее, што далей так жыць нельга. Суразмоўца лічыць, што забастоўка можа пачацца хіба тады, калі Украіна адмовіцца набываць прадукцыю заводу.

Фотарэпартаж
«Хай за станкі становіцца АМАП». Галоўныя людзі краіны ў фотаздымках
2020.09.24 10:17

На «Нафтазаводмантажы» начальства за рабочых

Працаўнік мазырскага прадпрыемства тлумачыць: «Нафтазаводмантаж» – гэта не завод у простым сэнсе, ён мантуе і рамантуе катлы, краны, трубаправоды і цэлыя нафтаперапрацоўчыя комплексы, мае цэхі, у якіх збіраюць нарыхтоўкі для мантажу.

Кіраўніцтва кампаніі брала ўдзел у фальсіфікацыі выбараў-2020 і падтрымлівае ўлады, а генеральны дырэктар нават быў дэлегатам «Усебеларускага народнага сходу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ІА/ Белсат

Але насамрэч кіраўніцтва падтрымлівае рабочых: не звальняла тых, хто трапляў пад арышт, наўпрост хадзіла «на размову», не ціснула падпісваць праўладныя звароты і не заклікала на акцыі падтрымання ўладаў. Працаўнік рэзюмуе: «Спрабуюць жыць, быццам нічога не было і няма».

Працы мала, бо новых аб’ектаў не пачынаюць будаваць, а старыя амаль завяршылі. Заробкі паціху падаюць, цэны ж паціху растуць. Ёсць дзве працы, звязаныя з камандзіроўкамі ў Расею, але суразмоўца непакоіцца, што грошы за іх знікнуць на рахунках «Белбудцэнтру».

  • Летась у Беларусі, падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў, упершыню за апошнія 20 гадоў па ўсёй краіне прайшлі стыхійныя забастоўкі на дзяржаўных прадпрыемствах.
Hавiны
Прафілактычныя размовы, спіс нядобранадзейных і звальненні. Як у «Беларусбанку» праходзяць палітычныя чысткі
2021.05.14 11:02

АА belsat.eu

Стужка навінаў