У Берасці прагучалі прысуды восьмай групе ў «карагоднай справе»

Карагоды на пратэстах у Берасці. 13 верасня 2020 года. Фота: Следчы камітэт

Сёння, 30 жніўня, у судзе Ленінскага раёну Берасця прагучаў вырак восьмай групе фігурантаў у межах «карагоднай справы». Тэрміны, якія вынес суддзя Дзмітрый Куроўскі, не адрозніваюцца ад тых, што запрасілі дзяржаўныя абвінаваўцы Аляксандр Бацюшка і Міхаіл Юшчук. Пра гэта паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Канстанціна Свідуновіча, Сяргея Канановіча, Аляксандра Жука, Глеба Нікановіча, Ігара Сямыкіна пакаралі 1,5 года «хіміі». Кацярыну Бровач, Юрыя Сацюка – 1,5 года «хатняй хіміі». Арцёму Ласкаму прысудзілі 2 гады «хіміі», пенсіянеру Віктару Астрошку – 2 гады «хатняй хіміі».

Іллі Ягораву дадалі яшчэ адзін артыкул крымінальнага кодэксу («Зацятае хуліганства») і пакаралі 2,5 года «хіміі», для Даніла Дзяткоўскага паводле таго ж артыкулу пакаралі 2 гадамі «хіміі». Ігару Вінакураву суд даў 2,5 года «хіміі» (уключна з прысудам на 1,5 года «хіміі» паводле «карагоднай справы»).

У Берасці вынеслі прысуды сёмай групе абвінавачаных у «карагоднай справе»

13 верасня мінулага года ў Берасці адбывалася пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава і спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так згадваюць тыя падзеі відавочцы.

Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне «вадамётным», а распачатая крымінальная справа стала звацца «карагоднай».

Абвінавачанні ў «карагоднай справе» ў Берасці выстаўленыя 108 пратэстоўцам

Паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») ужо асудзілі больш за сем дзясяткаў чалавек. Гэта адна з самых гучных палітычных справаў: па ёй судзілі цяжарную жанчыну, маці і дачку, пенсіянераў. Некаторых фігурантаў адправілі ў калонію, а для большасці выбіраюць «хімію» альбо «хатнюю хімію».

Асуджаны ў «карагоднай справе» берасцеец: Я татарын, але не дам знішчыць беларускага народу, яго культуры і зямлі

АС belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны