На ЗША абрынуўся магутны ўраган Іда. Амаль мільён чалавек засталіся без святла


Ураган мае чацвёртую катэгорыю з пяці магчымых, хуткасць ветру перавышае 240 кіламетраў за гадзіну.

Ураган Іда ў ЗША.
Фота: 9111.ru

На амерыканскі штат Луізіяна 29 жніўня абрынуўся моцны ўраган Іда. У выніку найбуйнейшы горад штату Новы Арлеан застаўся цалкам без электрычнасці. Агулам энергазабеспячэнне парушанае амаль у мільёна спажыўцоў, згодна з амерыканскім рэсурсам, які сочыць за перабоямі з электрычнасцю poweroutage.us.

Ураган Іда ў ЗША.
Фота: Deutsche Welle

Вядома пра адну ахвяру ўрагану – мужчыну прыціснула дрэвам, паведамляе агенцтва «РИА Новости» са спасылкаю на публікацыю ў Facebook шэрыфа прыходу Асэншан.

Сіноптыкі папярэджвалі, што ўраган можа стаць наймацнейшым за 170 гадоў, аднак, паводле Нацыянальнага цэнтру сачэння за ўраганамі, Іда ўжо аслабла да другой катэгорыі (165 кіламетраў за гадзіну), але працягвае несці пагрозу. Акрамя моцнага ветру, небяспеку нясуць залевы ды пад’ём вады ў рэках і Мексіканскай затоцы.

Ураган Іда ў ЗША.
Фота: Dallas Morning News

Прэзідэнт Джо Байдэн паабяцаў задзеяць «усю магутнасць краіны» для ліквідацыі наступстваў стыхіі.

29 жніўня споўнілася роўна 16 гадоў з дня, калі на Новы Арлеан у 2005 годзе абрынуўся ўраган Катрына. Тады было затоплена 80 % гораду, загінулі 1800 чалавек.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў