Беларускаму коміку забаранілі жыць у Расеі. Нагодай стаў жарт


МУС Расеі 30 жніўня абвесціў, што перабыванне на тэрыторыі краіны коміка Ідрака Мірзалізадэ, грамадзяніна Беларусі, пажыццёва непажаданае.

Ідрак Мірзалізадэ.
Фота: Telegraf.by

Расейская паліцыя патлумачыла забарону тым, што Мірзалізадэ нібыта пагражае правам і законным інтарэсам іншых асобаў.

«Міністэрства ўнутраных справаў Расейскай Федэрацыі, згодна з часткаю 4 артыкулу 25.10 Федэральнага Закону аб парадку выезду ў Расейскую Федэрацыю і ўезду ў Расейскую Федэрацыю, прыняло пастанову аб непажаданасці перабывання (пражывання) ў Расейскай Федэрацыі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Ідрака Кахын аглы Мірзалізадэ», – гаворыцца на сайце ведамства.

У паведамленні тлумачыцца, што «ў сваім публічным выступе Ідрак Мірзалізадэ дапусціў выразы, якія ўзбуджаюць нянавісць і варожасць у дачыненні асобаў расейскай нацыянальнасці, прыніжаюць іхную чалавечую годнасць. У сувязі з гэтым ягонае перабыванне на тэрыторыі РФ пагражае грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам іншых асобаў».

Стэндап-комік Ідрак Мірзалізадэ 19 жніўня выйшаў на волю пасля 10 дзён арышту за «распальванне міжнацыянальнай варожасці». Ягонае зняволенне выклікала хвалю абурэння сярод расейскіх комікаў.

Грамадзянін Беларусі Ідрак Мірзалізадэ нарадзіўся ў Азербайджане ў сям’і з народу талышаў, але, калі яму было два гады, сям’я перабралася ў Менск. Пасля ўдзелу ў Клубе вясёлых і знаходлівых стаў выступаць на расейскім тэлебачанні, потым далучыўся да групы расейскіх комікаў. У 2021 годзе атрымаў від на жыхарства ў Расеі.

Hавiны
Беларускі комік адсядзеў 10 дзён у Расеі за жарт пра расейцаў
2021.08.19 18:17

У сакавіку 2021 года ў гумарыстычнай праграме «Разгоны» ён пажартаваў пра расейцаў: расказваў, як цяжка «нерасейцу» знайсці кватэру ў Маскве, між тым згадаў гідкую неахайнасць расейцаў, якія здымалі кватэру да яго.

На жарт звярнулі ўвагу расейскі ультраправы тэлеканал «Царьград» і тэлепрапагандыст Уладзімір Салаўёў. Пасля гэтага на Мірзалізадэ на вуліцы напалі невядомыя. Комік казаў, што за жарт, вырваны з кантэксту, яму сталі пагражаць радыкальныя супольнасці.

Стэндап-комік Ідрак Мірзалізадэ выходзіць на волю пасля 10 дзён арышту за жарт супраць ксенафобіі, за які яго асудзілі як за «распальванне міжнацыянальнай варожасці». Масква, Расея. 19 жніўня 2021 года.
Фота: idrak.m / Instagram

9 жніўня Мірзалізадэ арыштавалі на 10 дзён за «распальванне міжнацыянальнай варожасці» – за той жарт, за які яго ўжо пабілі. Комік не прызнаў сваёй віны і казаў, што выступ быў якраз супраць ксенафобіі.

Расейскія і беларускія комікі выказаліся супраць такога пакарання, якое назвалі страшным прэцэдэнтам. Яны заявілі, што за жарт нельга пазбаўляць волі.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў