Выйшаў на свабоду палітвязень Павел Сахарчук


Павел Сахарчук, асуджаны ў «справе пяцёркі» за пашкоджанне аўтамабіля жонкі начальніка Дэпартаменту выканання пакаранняў (ДВП), выйшаў на свабоду. Ён прабыў у няволі два гады і адзін месяц, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Прысуд у крымінальнай справе ў дачыненні пяцярых менчукоў, затрыманых 29 верасня 2020 года ў Баравой, быў вынесены 3 лютага 2021 года. Мужчынаў абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі начальніка ДВП Аляксандра Гейца: «прапаролі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў». Паўла Сахарчука прызналі вінаватым і асудзілі на два гады і адзін месяц калоніі.

Менчукоў затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і САХРу. Пры затрыманні мужчынаў моцна збілі, пазней яны спазналі катаванні. Павел Сахарчук адбываў тэрмін пакарання ў папраўчай калоніі № 22 (Воўчыя норы). Вядома, што адміністрацыя калоніі некалькі разоў змяшчала яго ў ШІЗА.

Палітвязня Арцёма Анішчука, таксама асуджанага ў гэтай справе, на свабоду так і не выпусцілі – перазатрымалі ў новай справе і дадалі яму яшчэ адзін год зняволення.

Паводле «Вясны», на 30 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1257 чалавек.

Стужка навінаў