Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 30 ліпеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 30 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: flagstock.info

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну прайшло 157 дзён. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 40 670 чалавек забітымі. 

Цягам апошніх содняў найбольш спакойная сітуацыя адзначалася на поўначы Украіны – на валынскім і палескім кірунках. Прыкметаў фармавання наступальных груповак беларускіх і расейскіх вайскоўцаў няма, паведамляла Мінабароны Украіны.

Між тым дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што сітуацыя ля межаў Беларусі напружаная: з польскага і літоўскага боку адбываецца нарошчванне кантынгенту NATO, «там засяроджаныя каля 30 тысяч вайскоўцаў, праводзяцца два-тры вучэнні за тыдзень».

Абстрэлы і штурмы

На сіверскім кірунку расейцы працягнулі паветраную выведку і абстрэлы ўкраінскай інфраструктуры ў памежных раёнах Чарнігаўскай і Сумскай вобласцяў.

На суседнім харкаўскім кірунку вораг абстраляў з артылерыі тэрыторыі каля населеных пунктаў Харкаў, Прудзянка, Чаркаскія Цішкі, Лісное, Карабочкіна, Масьпанава і Стары Салтаў.

Разбураныя будынкі ў Караліно-Бугаз пасля ракетнага абстрэлу ракетамі з самалётаў. Караліно-Бугаз, Адэская вобласць, Украіна. 26 ліпеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

На славянскім кірунку расейцы праводзілі штурмавыя дзеянні у ваколіцах населеных пунктаў Бражкаўка і Дзмітраўка, але поспеху не мелі ды адступілі на старыя пазіцыі. Варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля Асееўкі, Пратапопаўкі, Гусараўкі, Грушувахі, Карнавухаўкі, Даліны і Адамаўкі.

На краматорскім кірунку былі зафіксаваныя абстрэлы ваколіцаў населеных пунктаў Краматорск, Сіверск, Спірнае і Серабранка. Пры гэтым праціўнік працягвае праводзіць паветраную выведку з дапамогаю беспілотнікаў.

На суседнім бахмуцкім кірунку штурмавыя дзеянні акупантаў у бок Траўневага былі адбітыя, расейцы адышлі назад. Цяпер баявыя дзеянні вядуцца ў ваколіцах Вяршыны, Семігор’я і Зайцава.

Таксама расейцы здзейснілі абстрэлы ваколіцаў населеных пунктаў Якаўлеўка, Салядар, Бахмут, Вясёлая Даліна, Кодзема, Семігор’е, Траўневае, Зайцава, Касцянцінаўка і Нью-Ёрк.

На аўдзееўскім кірунку расейскія войскі праводзілі штурмавыя дзеянні каля населеных пунктаў Піскі і Аўдзееўка, але поспеху не мелі. Цяпер баявыя дзеянні працягваюцца каля Краснагораўкі. Акрамя гэтага былі зафіксаваныя варожыя абстрэлы каля Новабахмутаўкі, Аўдзееўкі, Вадзянога, Вопытнага, Піскоў і Краснагораўкі.

Наступствы абстрэлу гораду Мікалаеў, Украіна. 28 ліпеня 2022 года.
Фота: УНІАН

На навапаўлаўскім кірунку штурмавыя дзеянні расейцаў каля Мар’інкі поспеху не прынеслі, цяпер баі працягваюцца каля Паўлаўкі. Таксама былі абстраляныя ваколіцы населеных пунктаў Мар’інка, Вуглядар, Мікольскае, Паўлаўка, Урэмаўка, Навасёлка і Нікапаль.

На запарожскім кірунку расейцы абмежаваліся абстрэламі ўкраінскіх тэрыторыяў каля Залізнічнага, Чароўнага, Белагор’я, Арыхава, Новаандрэеўкі і Камянскага.

На паўднёвабужскім кірунку асноўныя намаганні расейцаў былі засяроджаныя на ўтрыманні занятых пазіцыяў і недапушчэнні прарыву ЗСУ. Адзначаецца высокая інтэнсіўнасць паветранай выведкі з дапамогаю беспілотнікаў. Таксама расейцы сістэматычна абстрэльваюць цывільную і вайсковую інфраструктуру па ўсёй лініі сутыкнення.

Рычард Мур: Расейскія войскі выдыхаюцца

Брытанская выведка ў сваёй справаздачы паведаміла, што расейскія вайскоўцы навялі дзве пантонныя пераправы ў Херсонскай вобласці, спрабуючы кампенсаваць страту Антонаўскага моста, які быў пашкоджаны ўдарамі ўкраінскай артылерыі. Таксама яны запусцілі паромную пераправу праз Дняпро.

Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Разам з тым кіраўнік брытанскай выведкі МІ-6 Рычард Мур выказаў меркаванне, што расейскія войскі «выдыхаюцца», паколькі панеслі вялізныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, якія становіцца ўсё складаней папаўняць. 

Тым часам Мінабароны Расеі апублікавала спіс загінулых у Аленаўцы ўкраінскіх ваеннапалонных. Паводле расейскага боку, у калоніі на тэрыторыі так званай ДНР загінула 50 украінскіх ваеннапалонных, параненыя – 73. Расея сцвярджае, што гэта – ахвяры ракетнага ўдару ўкраінскіх войскаў. Украінскі бок у сваю чаргу катэгарычна абвяргае факт абстрэлу. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў удар па калоніі «спланаваным злачынствам» Расеі.

Камісар па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі краінаў ЕЗ Жузэп Барэль заявіў, што Еўразвяз асуджае зверствы, якія здзейснілі расейскія і прарасейскія ўзброеныя сілы вы Украіне. Гаворка вядзецца пра абстрэл калоніі ў Аленаўцы, у выніку якога загінулі ўкраінскія ваеннапалонныя. Паводле Барэля, Расея забіла дзясяткі ваеннапалонных, якія знаходзіліся пад ейнай прававой абаронай у межах міжнароднага гуманітарнага права.

8 мільёнаў эмігрантаў

Прадстаўніца Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) Варвара Жлукцэнка паведаміла, што пасля пачатку вайны ва Украіне, з 24 лютага, больш за 6,6 мільёна чалавек пакінулі свае дамы і пераехалі ў іншыя раёны краіны. Людзі з’яжджаюць з поўдня, поўначы і ўсходу Украіны на захад, у больш бяспечныя раёны.

Усяго на канец чэрвеня больш за 8 мільёнаў жыхароў Украіны пакінулі краіну пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, паведамляе ААН. Больш за палову з іх накіраваліся ў Польшчу.

Пры гэтым, па дадзеных МАМ, 5,5 мільёна чалавек, якія раней зʼехалі са сваіх родных населеных пунктаў, ужо вярнуліся дадому, 16% з іх вярнуліся з-за мяжы. Людзі вяртаюцца дадому пераважна з-за недахопу працы.

Гісторыі
Бярэзіна для Пуціна адбудзецца на Дняпры? Знішчэнне мастоў як сродак разгрому ворага
2022.07.30 12:27

BK belsat.eu 

Стужка навінаў