«Расея спрабуе схаваць сляды сваіх злачынстваў». Украінскі дэпутат пра атаку на СІЗА ў Аленаўцы


Расея не хоча вяртаць палонных ва Украіну і спрабуе схаваць сляды сваіх злачынстваў. Гэтак раніцаю 30 ліпеня ў эфіры «Студыі «Белсат» пракаментаваў гібель напярэдадні больш як паўсотні ўкраінскіх ваеннапалонных у СІЗА ў Аленаўцы дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, палкоўнік Службы бяспекі Раман Кастэнка.

Палітык адзначыў: за восем гадоў вайны Украіна паказала, што змагаецца за жыццё кожнага свайго вайскоўца і спрабуе абмяняць кожнага, хто трапіў у палон.

«Расея давала гарантыі, што людзі, якія трапілі да яе ў палон, будуць жывымі і вернуцца ва Украіну. Мы бачым, што Расея не хоча вяртаць і спрабуе схаваць сляды сваіх злачынстваў, проста забівае гэтых людзей», – заявіў дэпутат.

Паводле Кастэнкі, РФ выкарыстоўвае тэрарыстычныя метады, бо не можа перамагчы Украіны ў наўпроставым змаганні.

Раман Кастэнка, адказваючы на расейскія абвінавачанні пра нібыта выкарыстанне ўкраінскімі Збройнымі сіламі ракетаў HIMARS для атакі на СІЗА, сказаў, што былі назбіраныя аскепкі ад ранейшых абстрэлаў па расейскіх складах, каб выставіць абвінавачанні супраць Украіны.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў