Новая справа на экс-палітвязня, затрыманне праграміста. Хроніка рэпрэсіяў за 30 ліпеня


Затрыманні, арышты і «хапуны» за палітычныя погляды, выказванні і нават жэсты не спыняюцца ў Беларусі і на выходныя. Новую справу завялі на музыку Аляксандра Казакевіча, працягваецца аблава на сябраў АГП.

У дачыненні музыкі і былога палітвязня Аляксандра Казакевіча распачалі новую крымінальную справу. Як паведаміла «Вясна», на Казакевіча завялі справу па тым самым артыкуле, паводле якога яго асудзілі на мінулым тыдні. 19 ліпеня музыку прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі». Суддзя Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Казакевіча вызвалілі ў залі суда пасля трох месяцаў за кратамі СІЗА.

Аляксандр Казакевіч. Крыніца фота: “Вясна” / Telegram.

Але 26 ліпеня Аляксандра зноў затрымалі і завялі яшчэ адну справу па тым жа артыкуле. Нібыта Казакевіч датычны да абразы нейкага іншага прадстаўніка ўлады.

Рэпрэсіі супраць АГП

30 ліпеня стала вядома, што сябры АГП Антаніна Кавалёва, Аксана Аляксеева і Мікалай Казлоў, якіх затрымалі 27 ліпеня, праходзяць па крымінальнай справе. Стала вядома пра ўчорашняе затрыманне сябра АГП Андрэя Асмалоўскага. Ягоным сваякам паведамілі ў следчым камітэце, што бліжэйшыя 10 дзён ён прабудзе на Акрэсціна.

Не выходзіць на сувязь і грамадзянская жонка Асмалоўскага Дыяна Чарнушына. Яна таксама сябра АГП, выхоўвае дзіцяці з інваліднасцю.

Збілі за «непрыстойны жэст»

Як паведаміў Reform.by, у Менску затрымалі супрацоўніка IT-сферы. На «пакаянным» відэа сілавікоў у мужчыны сіняк і крывападцёк пад правым вокам. Ён кажа, што праязджаў у машыне па вуліцы Гарадскі вал паўз цэнтральны апарат МУС і «паказаў непрыстойны жэст супрацоўніку МУС». Прызнаецца на відэа, што падпісаны на «пратэставыя» тэлеграм-каналы, расказвае, што ў 2021 годзе яго прыцягвалі да адказнасці «за тое, што перашкаджаў супрацоўніку ЖКГ зафарбоўваць бел-чырвона-белыя сімвалы».

  • У Берасцейскім абласным судзе 12 ліпеня разгледзелі апеляцыйную скаргу палітзняволенай актывісткі прафсаюзу РЭП Зінаіды Міхнюк. Суддзя Вера Філонік пакінула прысуд без зменаў. Цяпер стала вядома, што днямі Зінаіду этапавалі ў гомельскую калонію № 4, паведамляе «Берасцейская Вясна».
  • Сёння таксама стала вядома, што палітзняволеная журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева падала апеляцыйную скаргу на рашэнне Гомельскага абласнога суда, які 13 ліпеня прызначыў ёй 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі. Кацярына застаецца ў гомельскім СІЗА № 3.
Hавiны
Завочныя суды, палітвязні на продаж, зброя для леснікоў. Навіны тыдня ў малюнках
2022.07.30 12:00

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў