«Мы стварылі сістэму агентуры ў горадзе». Паразмаўлялі з рэдактарам Orsha.eu Ігарам Казмерчаком


У першую чаргу ён вядомы як журналіст, а таксама як грамадскі і палітычны актывіст, праваабаронца, краязнаўца, прадпрымальнік і проста закаханы ва ўласны горад аршанец. Пра пачатак журналісцкай дзейнасці, калекцыю крымінальных справаў і жыццё ў эміграцыі «Белсат» паразмаўляў з галоўным рэдактарам Orsha.eu Ігарам Казмерчаком.

Журналіст Ігар Казмярчак. Вільня, Літва. 28 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

«Ну на фіг гэтыя газеты, надышоў час інтэрнэту!»

– Які быў шлях у журналістыку?

– Мне было ўсяго 15 гадоў, калі я трапіў у офіс грамадскіх арганізацыяў. У той час было модна выдаваць усялякія бюлетэнчыкі, у тым лікі моладзевыя. Я ўзяўся за адзін з такіх бюлетэняў. Пісаў на актуальныя для школьніка тэмы – аб праблемах школы і адукацыі. Потым была вучоба ў Магілёве на актора тэатру і кіно. Там мы выдавалі творчы літаратурна-гумарыстычны бюлетэнчык «Лясны дзік». Ён быў чыста літаратурны і не меў дачынення да рэальнасці. Распавядаў пра дзейнасць выдуманай рэдакцыі з чатырох чалавек. Гэта былі выдуманыя персанажы, пры дапамозе якіх мы час ад часу апісвалі падзеі, якія адбываліся ў Магілёве.

– Як адбыўся пераход да больш класічнай журналістыкі?

– Калі я вярнуўся ў Воршу ў 2005 годзе, там якраз спрабавалі выдаваць друкаваныя газеты. Кожнай такой спробы хапала месяцы на тры, бо пад рознымі нагодамі дзяржава закрывала гэтыя газеты. Я тады заняўся іх распаўсюдам. Аднойчы я прыехаў з нейкага мерапрыемства і сказаў: «Ну на фіг гэтыя газеты, надышоў час інтэрнэту!» І я прапанаваў Алесю Шутаву (былы грамадскі актывіст з Воршы, сябра БНФ і заснавальнік моладзевай арганізацыі «Звяз») стварыць уласны сайт. Менавіта так у 2007 годзе з’явіўся сайт Orsha.eu.

«Да 2020 года было няпісанае правіла, што на мяне заводзяць крыміналку ў сярэднім раз на пяць гадоў»

– Ты вядомы не толькі як журналіст і рэдактар сайту, але і як грамадскі і палітычны актывіст, праваабаронца, краязнаўца і прадпрымальнік. Як твая дзейнасць і інтарэсы зрабіліся такімі рознабаковымі?

– Для рэгіёнаў гэта звычайная рэч: калі не хапае людзей, грамадскія актывісты бяруць на сябе шмат самых розных функцыяў. Мяне можна назваць і краязнаўцам, хоць і з нацяжкаю, і журналістам, і палітычным актывістам, і грамадскім актывістам, і праваабаронцам, і прадпрымальнікам, бо ў мяне была «Цудоўная крама», у якой прадавалася нацыянальная атрыбутыка.

Фота: Белсат

– Такая актыўная дзейнасць была заўважная для аршанцаў. Але ў нейкі момант табой зацікавіліся і беларускія сілавікі. Распавядзі, калі ласка, пра сваю калекцыю крымінальных справаў.

– Да 2020 года было няпісанае правіла, што на мяне заводзяць крыміналку ў сярэднім раз на пяць гадоў. Першая мая крыміналка была за тэрарызм. Перад выбарамі 2001 года, калі мне было 16 гадоў, у Менску ўзарвалі нейкую лаўку каля расейскай амбасады. Тады я ўпершыню трапіў у КДБ. Наступная крыміналка была, паводле сённяшніх фармулёвак, за экстрэмізм. Я вучыўся ў Магілёве, мяне выклікалі як маладафронтаўца, бо тады ўвялі адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

– Пакуль даволі звычайныя прычыны.

– Так, але потым пайшлі крыміналкі больш арыгінальныя. Трэці раз на мяне заводзілі справу за распаўсюд парнаграфіі. Гэта было звязана з нашым сайтам. Рэч у тым, што ў нас была кантэкставая рэклама на сайце ў выглядзе проста спасылак. Але што за гэтымі спасылкамі хаваецца, я не адсочваў. Нейкім чынам маскоўская рэклама абышла блакады, і да нас трапіла спасылка на порнасайт.

Чацвёртая крыміналка была за фальшываманецтва. Калі мне паказалі пастанову на ператрус, там было напісана, што ў Воршы з’явіліся фальшывыя купюры, а паводле аператыўных звестак, у нашым памяшканні былі прынтары, таму нас вырашылі праверыць. Адбылося гэта, як ні дзіўна, пад марш недармаедаў.

Пятая крыміналка была ў 2020 годзе. Спачатку за нясплату падаткаў у «Цудоўнай краме». Яна рассыпалася.

Ужо ў 2021 годзе была крыміналка за графіці ў горадзе, але я так і не зразумеў, якое графіці мне прыпісвалі. Там я быў падазраваным, і нават трое содняў я адседзеў. У той жа час пачалася крыміналка ў справе «Вясны», у якой я праходзіў як сведка, але таксама мог лёгка стаць падазраваным, бо мяне дапытвалі і праводзілі ператрусы. І ўжо пакуль апошняя, восьмая, крыміналка была заведзеная ў Дзень дурня – 1 красавіка 2022 года – за абразу прэзідэнта. Але ў той час я ўжо быў па-за межамі Беларусі.

Фота: Белсат

«За мяжою для Беларусі можаш зрабіць больш, чым у самой краіне»

– Насамрэч дзіўна, што на фоне ўсяго гэтага пераследу ты з’ехаў з краіны толькі ў 2021 годзе. Як гэта адбылося?

– Мне прапаноўвалі з’ехаць з краіны яшчэ ў 2006 годзе. Але я рэальна кепска сябе ўяўляю без Беларусі і без Воршы. І ў 2021 годзе я насамрэч не вырашаў зваліць з краіны. Пасля ўсяго шэрагу допытаў, ператрусаў і падобнага мне прапанавалі з’ездзіць на праграму рэабілітацыі для ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Я паехаў, і ўжо падчас праграмы мне пазванілі з Воршы і сказалі, што міліцыя прыходзіла да бацькоў і пыталася пра мяне. То бок я зразумеў, што міліцыя зноў пачала мяне шукаць. Але тады яшчэ не было крыміналкі, таму было не зразумела, чаго яны ад мяне хацелі.

Я быў ва Украіне і падумаў, што некаторы час застануся там, і калі яны не супакояцца, то ўжо буду нешта вырашаць. І яны не супакоіліся, а ў мяне ў гэты момант якраз усё вельмі добра пайшло ва Украіне. Я зноў ажыў і пачаў працаваць. Аказалася, што будучы за мяжой, ты для Беларусі можаш зрабіць больш, чым у самой краіне.

– Ва Украіне ты жыў у Чарнігаве. Распавядзі, чым ты там займаўся.

– У Чарнігаве я займаўся сайтам Orsha.eu. Хоць яго і заблакавалі ў Беларусі, мы паспелі актыўна перайсці ў сацыяльныя сеткі. Таксама ў той час я дапамагаў палітычнай эміграцыі ва Украіне, займаючыся аб’яднаннем людзей. Мы праводзілі беларускія мерапрыемствы, ладзілі святы, было насамрэч вельмі класна. У мяне былі шыкоўныя планы: на момант вайны ў нас ужо два ці тры дні мог працаваць беларускі офіс у Чарнігаве. Пытанне было толькі ў тым, каб схадзіць і забраць ключы ад яго.

Таксама за тыдзень да вайны я знайшоў памяшканне для адкрыцця чарговай «Цудоўнай крамы» – цяпер у Чарнігаве. Цікава, што ў першыя дні вайны ў двор гэтага памяшкання прыляцела ракета – там павыбівала ўсе вокны. Гэта было проста шчасце, што я не падпісаў дамову арэнды перад вайной.

Вось так жыў у Чарнігаве, але потым ранкам 24 лютага я прачнуўся ад выбуху. Мне яшчэ пазваніў прыяцель з Польшчы і сказаў, што пачалася вайна. Але я паклаўся спаць далей, бо падумаў, што калі насамрэч пачалася вайна, я маю выспацца. Недзе на сорак другі ці сорак трэці дзень вайны з’явілася магчымасць эвакуявацца з гораду. Мы выехалі з Чарнігава, даехалі да Львова, там я пабыў некалькі дзён, пасля чаго мне прапанавалі паехаць у Вільню.

Фота: Белсат

– І як табе ў Вільні?

– У Вільні яшчэ лепш, бо тут лепшая інфраструктура. Тут я магу нармальна працаваць як праваабаронца, тут я падцягнуў хвасты ў справах аршанскіх палітвязняў. Таксама займаюся сайтам.

«Цяпер мы шмат пішам пра палітвязняў»

– Што цяпер з сайтам Orsha.eu? Ці не губляеце вы сувязі з горадам, працуючы з-за мяжы?

– У нас даўно было прадчуванне будучага кашмару, таму мы ўвесь час на сайце былі гатовыя да таго, што ў нейкі момант усё накрыецца. Практычна ад пачатку паўнавартаснай працы orsha.eu мы стваралі сістэму агентуры ў горадзе. Гэта людзі, якія жывуць сваім жыццём, але калі яны нешта ўбачаць – яны робяць фота і дасылаюць нам. Калі трэба ўдакладніць нейкую інфармацыю, ты можаш пазваніць чалавеку, які сходзіць на месца і паглядзіць, праверыць, і гэтак далей. Гэтая агентурная сетка і цяпер працуе выдатна. Вядома, ёсць перадрукі, як і на любым сайце, але вельмі шмат і сваёй інфармацыі, хоць практычна ўся рэдакцыя цяпер за мяжой. Таму мы працягваем распавядаць пра свой горад і рэгіён.

– На чым цяпер робіце акцэнт?

– Цяпер мы вельмі шмат пішам пра палітвязняў. Прычым не толькі пра нарадзінцаў Аршаншчыны, але і пра тых, хто сядзіць у суседніх раёнах, – у Горках, у Шклове. Мы пісалі і пра Віталя Ашурка, бо ён сядзеў і загінуў у Шклове, а гэта суседні з Воршаю раён. Вядома ж, мы адсочваем сітуацыю ў турмах у суседніх раёнах. Як пра гэта не пісаць, калі такі маразм у ХХІ стагоддзі – палітвязні ў цэнтры Еўропы, гінуць людзі, забіваюць людзей.

Фота: Белсат

– Якімі бачыш перспектывы сайту?

– Перспектывы добрыя. Хоць мы цяпер і заблакаваныя на тэрыторыі Беларусі, і праз гэта рэйтынг самога сайту ўпаў проста да самых нізкіх паказнікаў за ўсе пятнаццаць гадоў, але сайт існуе, праз VPN на яго можна зайсці, за мяжою да яго таксама вольны доступ. Нашая другая тактыка – сацсеткі, на раскрутку якіх мы рабілі стаўку. У нас дзве старонкі ВКонтакте, старонка ў Facebook, Instagram, Одноклассники, Telegram і YouTube. І калі пасля блакавання сайту мы страцілі прыблізна тры тысячы нашых пастаянных чытачоў, то я заўважыў, што яны даволі лёгка перабраліся ў сацсеткі. Прычым як толькі мы стварылі Telegram-канал, там за пару тыдняў ужо 500 падпісантаў было. Цяпер, дзякуючы відэаблогам, мы робім стаўку на YouTube, бо яго яўна не заблакуюць у Беларусі. І YouTube расце ну проста каласальна. За месяц, здаецца, 10–15–20 % росту. Як толькі сайт будзе разблакаваны, нам набраць свае пяць тысячаў пастаянных чытачоў не будзе праблемай.

– За што вас заблакавалі? І які цяпер статус мае Orsha.eu?

– Мы былі заблакаваныя на паўгода за некалькі артыкулаў, якія «знеслаўляюць гонар» міліцыі. Хоць я не разумею, калі мы выстаўляем відэа таго, як мянты б’юць дзяўчыну, то чаму гэта мы «знеслаўляем», а не міліцыянты самыя знеслаўляюць свой гонар і працу? Бо мы толькі асвятлілі тое, што рабілі міліцыянты.

– Ці спадзяешся, што праз паўгода здымуць блакаванне?

– Я ўжо не спадзяюся, бо паўгода прайшло. Я напісаў у пракуратуру, спытаўшы, ці памятаюць яны пра нас, ці паставілі будзільнік, што пара разбаніць сайт?

«Усе, за выключэннем пенсіянераў, мараць з’ехаць з краіны»

– Што цяпер адбываецца ў Воршы?

– Ворша зрабілася страшна дэпрэсіўная. Я рэгулярна звязваюся з вялікай колькасцю людзей, і такое адчуванне, што там проста ўсё зарасло шэрай павуцінай. І пры гэтым усе, за выключэннем пенсіянераў, мараць з’ехаць з краіны.

Фота: Белсат

– Пры якой умове ты гатовы вярнуцца дамоў?

– Для большасці тых, хто цяпер застаецца за мяжой, патрэбныя прынамсі дзве ўмовы: поўная палітычная амністыя і рэабілітацыя, а таксама падатковая амністыя, бо шмат людзей, якія цяпер за мяжою, не могуць фізічна запоўніць дэкларацыю, аплаціць падатак і падобнае.

Але я вярнуся і без гэтых умоваў.

– Калі, на тваю думку, гэта можа адбыцца?

– На мой погляд, палітычныя змены ў краіне адбудуцца дастаткова хутка. Безумоўна, мы чакалі іх і ў 2020 годзе, але не зусім атрымалася, – што, можа, і добра, бо тады б расейскае войска маглі кінуць на нас. Але цяпер вайна ва Украіне паскорыла ўсе працэсы, і параза Расеі будзе азначаць паразу Лукашэнкі. І, як я бачу, мы вельмі хутка атрымаем каласальныя палітычныя змены на ўсёй постсавецкай прасторы. Думаю, што ў самой Беларусі змены, выкліканыя вайной, адбудуцца вельмі хутка, і ўжо ўзімку мы зможам вярнуцца дадому.

Гісторыі
Колькі журналістаў выехала з Беларусі? Размаўляем з намеснікам старшыні БАЖ Барысам Гарэцкім
2022.07.18 13:55

ВК belsat.eu

Стужка навінаў