Палітзняволеная журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева падала апеляцыйную скаргу на рашэнне Гомельскага абласнога суда. Пра гэта ў Facebook паведаміў ейны муж Ігар Ільяш.
«Кацярына Андрэева падала апеляцыйную скаргу на вырак Гомельскага абласнога суда, які 13 ліпеня прызначыў ёй 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі. Каця застаецца ў гомельскім СІЗА № 3», – напісаў Ігар Ільяш.
Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада 2020 года падчас стрыму з плошчы Пераменаў. Разам з журналісткаю Дар’яй Чульцовай яе асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Сёлета Кацярыне выставілі новае абвінавачанне – у здрадзе дзяржаве. 13 ліпеня Гомельскі абласны суд прызначыў ёй 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму паводле сфабрыкаванага абвінавачання.
Кіраўніцтва НАУ агучыла ініцыятыву прыняць новы санкцыйны пакет супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы з маршалкам Сенату Польшчы Томашам Гродзкім, які мог бы атрымаць назву «Yekaterina Andreeva Human Rights Sanction Act.
Якуб Хруст belsat.eu