Бярэзіна для Пуціна адбудзецца на Дняпры? Знішчэнне мастоў як сродак разгрому ворага


Украінскія войскі ўжо не першы дзень наносяць трапныя ўдары па стратэгічна важных мастах праз Дняпро ў тыле расейскіх акупантаў. Першым такім мастом, які перастаў функцыянаваць, стаў Антонаўскі аўтамабільны мост. Быў пашкоджаны і чыгуначны мост праз Дняпро ў гэтым жа раёне, а таксама мост праз раку Інгулец.

Расейцы вымушаныя будаваць пантонныя масты, каб неяк арганізаваць забеспячэнне для сваіх войскаў на правым беразе Дняпра.

У выніку ўкраінскіх кропкавых удараў лагістыка расейскіх акупантаў аказалася пад пагрозаю – калі масты будуць цалкам знішчаныя, то даволі шматлікая групоўка войскаў без забеспячэння будзе вымушаная альбо цярпець паразу без дапамогі звонку і здавацца ў палон, альбо кідаць усю цяжкую зброю і неяк бегчы на левы бераг ракі.

Такім чынам горад Херсон можа быць вызвалены ўкраінцамі без вялікіх стратаў з боку цывільнага насельніцтва і ўкраінскіх жаўнераў.

Нешта падобнае, што падкрэслівае надзвычай вялікую ролю мастоў і камунікацыяў для баявых дзеянняў, ужо не раз адбывалася ў ваеннай гісторыі свету. Давайце прыгадаем колькі падобных выпадкаў.

Дзень «Д» – ізаляцыя раёну самай вялікай дэсантнай аперацыі ў гісторыі

Пасля таго, як у 1942 годзе амерыканцы першы раз правялі значную дэсантную аперацыю – у Афрыцы, а ў 1943 годзе патрэнаваліся з высадкай у Італіі, у 1944 годзе перад саюзнікамі паўстала нашмат больш складаная, маштабная і небяспечная задача. Войскі ЗША, Брытаніі, Канады і Вольнай Францыі цяпер ужо рыхтаваліся да галоўнай падзеі – высадкі на тэрыторыі акупаванай нацыстамі Францыі.

Адной з самых небяспечных фазаў высадкі лічыўся этап, калі частка войскаў ужо высадзілася, частка – не, боепрыпасы часткова скончыліся, сталага забеспячэння прыпасамі яшчэ няма, а тут падʼязджаюць нямецкія танкавыя рэзервы і намотваюць дэсантнікаў на гусеніцы.

Бамбаванне нямецкага тылу самалётамі саюзнікаў. Крыніца d-dayinfo.org

У сувязі з гэтым была распрацаваная асобная аперацыя, якая так і была названая: «План Транспарт». Дальнабойных ракетаў тады яшчэ ў саюзнікаў не было, таму гэта была стратэгічная бамбавальная авіяцыйная аперацыя дзеля знішчэння мастоў, чыгуначных вакзалаў, чыгуначных рамонтных майстэрняў і развязак у нямецкім тыле. Аперацыю распрацавалі брытанскія маршалы авіяцыі Тэдэр і Лі-Мэлары і прафесар Соламан Закерман.

Высадка адбылася 6 чэрвеня 1944 года, але сотні амерыканскіх і брытанскіх бамбавальнікаў ажно з лютага бамбавалі ўсе важныя транспартныя абʼекты ў нямецкім тыле, якія толькі маглі знайсці. Прычым не толькі ў раёне будучай высадкі, а па ўсёй паўночнай Францыі, каб немцы не маглі зразумець, дзе канкрэтна запланаваны дэсант.

Падчас 22 000 самалётавылетаў на транспартную інфраструктуру немцаў у Францыі і Бельгіі да дня высадкі скінулі больш за 75 000 тонаў бомбаў. 51 самалёт быў страчаны. Але гэта дало вынік.

Няма мастоў, няма чыгункі – і нямецкія войскі не паспеюць парыраваць высадку, атакаваць на беразе яшчэ малыя дэсантныя сілы. Акрамя таго, тысячы нямецкіх вайсковых інжынераў месяцамі былі вымушаныя не будаваць умацаванні на берагах Ла-Маншу, а рамантаваць масты і дарогі.

«Налёты… спынілі рух па ўсіх асноўных лініях, берагавая лінія абароны аказалася адрэзаная ад забеспячэння з тылу, буйныя стратэгічныя рухі нямецкіх войскаў па чыгунцы практычна не магчымыя на дадзены момант і застануцца такімі, пакуль налёты працягваюцца з сучаснай інтэнсіўнасцю», – сведчыць нямецкая справаздача таго часу.

Бамбаванне нямецкага транспартнага вузла. Фота United States Office of War Information

Калі высадка пачалася, да бамбавальнікаў далучыліся знішчальнікі і штурмавікі, якія літаральна тэрарызавалі кожную машыну, якую бачылі на дарозе ў нямецкім тыле. Гэта дало дэсантнікам важны час для арганізацыі плацдармаў, каб у поўнай баяздольнасці сустрэцца з танкавымі сіламі вермахту і адкінуць іх.

Камандуючы нямецкімі войскамі ў Нармандыі фельдмаршал Эрвін Ромэль пісаў прыкладна праз тыдзень: «Нашыя аперацыі ў Нармандыі вельмі абцяжараныя, і ў некаторых месцах зрабіліся немагчымымі… У светлы час содняў практычна ўвесь наш дарожны рух спынены моцнымі налётамі бамбавальнікаў і знішчальнікаў, у выніку чаго нашыя войскі на полі бою паралізаваныя, а вораг можа свабодна рухацца».

Адзін з раёнаў высадкі саюзнікаў у Нармандыі. Фота US Coast Guard

«Немцаў высадка ў гэтым раёне заспела абсалютна не гатовымі. Яны вырашылі трымаць свае танкавыя дывізіі ў рэзерве, таму ім даводзілася праходзіць даволі вялікую адлегласць, каб пачаць бой… І мы метадычна білі па мастах, якія маглі быць на іхным шляху», – распавядаў пазней амерыканскі лётчык, будучы генерал Джон Воўт

Урэшце немцы не здолелі скінуць саюзнікаў у мора ў першыя дні высадкі, а потым тыя перайшлі ў рашучы наступ і ўжо ў канцы жніўня вызвалілі Парыж.

Крывавая лазня каля двух мастоў

У лістападзе 1812 года армія імператара Напалеона ўжо адступала з-пад Масквы і была ва ўсходняй Беларусі. Яна яшчэ заставалася магутнай сілай, але страціла большасць жаўнераў і галадала, вялікая частка была небаяздольная, пра дысцыпліну забыліся. Пры гэтым ёй пагражалі адразу тры расейскія арміі – фельдмаршала Кутузава з усходу, адмірала Чычагава з поўдня і генерала Вітгенштэйна з поўначы.

Расейцы пагражалі цалкам атачыць адступленне – яны ўжо былі ў Барысаве, Менску і Віцебску, калі армія Банапарта была за дзясяткі кіламетраў на ўсход. Таму войскі Чычагава змаглі знішчыць мост у Барысаве, праз які якраз і збіраўся адступаць Напалеон.

Галандскія жаўнеры французскага войска прыкрываюць адступленне праз Бярэзіну. Мастак Ян Хойнк ван Папэндрэхт

Аднак вялікі карсіканец адправіў кавалерыю шукаць месца для імправізаванай пераправы праз Бярэзіну – і знашоў яго на поўнач ад Барысава пад вёскай Студзянка. Сапёры з 25 лістапада працавалі ў ледзяной вадзе, але змаглі навесці два масты праз раку шырынёй каля трыццаці метраў. Адначасова Банапарт арганізаваў некалькі падманных манёўраў, каб не даць расейцам зразумець, куды ён плануе рухацца для пераправы. Чычагаў памыліўся – і адвёў асноўную частку сваіх войскаў на поўдзень.

26-га пераправа пачалася – але 27 лістапада на абодвух баках ракі зʼявіліся і расейскія войскі, і там, і там французам і іхным саюзнікам прыйшлося весці бой, ахоўваючы пераправу.

Два дні ішла крывавая бітва, не толькі ўдзень, але і ўначы. Пры гэтым на заходнім беразе Напалеону ўдалося адкінуць расейцаў, але на ўсходнім ягоным войскам давялося адступаць.

Пераход праз Бярэзіну. Мастак Юльян Фалат

«Усё перамяшалася ў лютай бойцы. Мы не маглі больш страляць, біліся толькі штыкамі, прыкладамі… Купы людзей ляжалі на беразе. Мы баяліся аглядацца, каб не ўбачыць, што вакол ужо няма нашых сяброў. Вакол была масакра!» – згадваў жаўнер аднаго са швейцарскіх палкоў напалеонаўскай арміі.

Расейцы змаглі паставіць артылерыю ўжо так блізка, каб абстрэльваць масты, – гэта выклікала паніку сярод недысцыплінаванай часткі арміі Напалеона, многія задушыліся ў цісканіне ці ўпалі і патанулі ў ледзяной вадзе. Тыя, хто захаваў парадак, змаглі адступіць. Ноччу масты былі спаленыя на загад Напалеона, каб расейцы з усходняга берагу не пераследавалі ягонага войска.

Самыя баяздольныя сілы французаў і іхных саюзнікаў прарваліся і адступілі. Аднак дакладныя страты Банапарта ніколі не будуць вядомыя – магчыма, загінуў кожны другі, пішуць гісторыкі.

Але Дняпро – не Бярэзіна, а нашмат шырэйшая рака. Да таго ж расейскія генералы – яўна не Напалеоны.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў