Беларускі ПЭН падлічыў, колькі дзеячаў культуры за кратамі


Беларускі ПЭН апублікаваў статыстычныя звесткі пра парушэнне культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні дзеячаў культуры за першае паўгоддзе 2022 года. Паводле маніторынгу, 98 дзеячаў культуры застаюцца ў няволі і прызнаныя палітзняволенымі. 

Аўтары маніторынгу зазначаюць, што найчасцей дзеячы культуры прыцягваліся да крымінальнай адказнасці на падставе арт. 342 КК – за ўдзел у мірных пратэстах у 2020 годзе: 22 прысуды з 38 за першае паўгоддзе. 17 дзеячаў культуры прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за «абразу» або «паклёп» у дачыненні Лукашэнкі ці іншых прадстаўнікоў улады, «дыскрэдытацыю Беларусі», а фактычна – за выказванне ўласнага меркавання.

Разам з 98 палітычнымі зняволенымі дзеячамі культуры яшчэ 21 прадстаўнік сферы культуры застаецца ў зняволенні праз крымінальныя справы, у тым ліку адбываючы пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі».

Крыніца: penbelarus.org

У маніторынгу Беларускі ПЭН вызначыў асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры:

  • Задушэнне любых формаў іншадумства
  • Пашыранае трактаванне заканадаўства аб экстрэмізме
  • Манапалізацыя дзяржаваю дзейнасці ў сферы культуры
  • Дэбеларусізацыя краіны шляхам русіфікацыі і прасоўванне ідэі «русского мира»
  • Саветызацыя і мілітарызацыя паўсядзённасці
  • Прыгнятанне культуры польскіх і літоўскіх нацыянальных меншасцяў
  • Прыняцце замежнапалітычных рашэнняў, якія спрыяюць тэндэнцыі «культуры скасавання»

Адна з новых практык здушэння іншадумства – ужыванне антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў дачыненні апанентаў рэжыму. Так, на 1 ліпеня 2022 года ў спіс асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», унесеныя 426 чалавек, у тым ліку як мінімум 19 дзеячаў культуры. Сярод іх Максім Знак, Марыя Калеснікава, Павел Севярынец, Артур Аміраў, Мікалай Дзядок, Эдуард Пальчыс, Юлія Лаптановіч, Алесь Пушкін ды іншыя.

Беларускі ПЭН з кастрычніка 2019 года сістэматычна збірае звесткі пра парушэнні культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні дзеячаў культуры. Апублікаваны дакумент змяшчае статыстыку і аналіз парушэнняў за першае паўгоддзе 2022 года. Аўтары маніторынгу падкрэсліваюць, што матэрыял быў падрыхтаваны на падставе абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніцаў і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры.

Hавiны
Стала вядома, што будзе з канфіскаваным раманам Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы»
2022.07.26 08:43

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў